Грузіце апельсіны ў бочках!

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Ці будзе створана школа глускага бондарства?
Гаворка сёння пра майстроў і майстэрства іх аб’ядноўваць дзеля развіцця беларускіх традыцый. Рамесніцкія школы з навучальнымі аўтарскімі праграмамі працуюць (ці пачынаюць працаваць) у Іванаўскім, Любанскім, Быхаўскім, Горацкім раёнах. Такая школка магла б быць і на Глушчыне. Наконт гэтага і паспрабуем паразважаць.

/i/content/pi/cult/631/14035/10-1.jpg“Рэкламны“ слоган, вынесены ў загаловак, прыдумаў вялікі камбінатар Астап Бэндэр. Ён, будзем спадзявацца, цяміў у відах тары і ў дадзеным выпадку аддаваў перавагу не трывіяльным хісткім скрыням, а канкрэтным і дыхтоўным бочкам… Дык вось, апельсіны на Глушчыне — садавіна экзатычная, а бочак — як карасёў у сажалцы. Прынамсі пакуль ёсць бондар…

Паміж навігацыямі

Такіх, як народны майстар Уладзімір Станкевіч, цяпер, як той казаў, ужо не вырабляюць. Скончыў Гомельскі політэхнічны тэхнікум, спецыяльнасць — судавадзіцель. Паміж рачнымі навігацыямі не ведаў, да чаго рукі прыкласці. А рукі тыя, трэба зазначыць, і па сёння залатыя. Першую бочку зрабіў трыццаць гадоў таму. Тэхналогію рамяства асвоіў самавукам: па часопісе “Навука і жыццё“ (бондараў у наваколлі ўжо не было). Зімы з тых часін не падаваліся ўжо такімі доўгімі. Як чакаў гэтага моманту колішні начальнік мясцовага аддзела культуры Уладзімір Шулякоўскі, які хуценька бондара “зацугляў“. З 2009-га Станкевіч працуе ў аддзеле, вучыць дзяцей рамяству, якое сам прапусціў праз уласную душу ды пераўтварыў у традыцыю.

А ва Уладзіміра Шулякоўскага, дбайнага ды апантанага, задумка (цяпер такія праектамі называюць) была доўгатэрміновая: хацеў зрабіць грунтоўную школу бондарства, такую, як у Іванаве. Бондар Уладзімір Станкевіч і на сябе хацеў працаваць, і не слабое жаданнем меў перадаць сваё майстэрства мальцам. Ды штосьці не зраслося, штосьці не пакаціла. Тым часам кіраўніцтва аддзела змянілася, Уладзімір Шулякоўскі цяпер на пенсіі…

“К“ шмат пісала і піша пра пакручасты шлях ад рамесніцкага гуртка да адпаведнай школы, якая дае не проста навыкі, а кавалак хлеба: прафесіі ганчара, бондара, рэзчыка па дрэве, майстра па вырабе кошыкаў, якія заўжды запатрабаваныя і ў дамах рамёстваў, і ў спажыўцоў традыцыйнай культуры. Сапраўды, ці можна абысціся на сельскім падворку без кошыка, бочкі ды кадобчыка? З гэтым усё зразумела: амаль кожны супрацоўнік дома рамёстваў яшчэ і індывідуальны прадпрымальнік. А чаму ж бондарскі гурток так і не здолеў стаць бондарскай школай? Мы, шчыра кажучы, і завіталі ў Глуск для таго, каб урэшце знайсці адказ на гэтае пытанне.

“Не зраслося“ і “не пакаціла“ ў Станкевіча з памяшканнем. Ёсць у яго маленькая майстэрня за будынкам былой дзіцячай бібліятэкі, але тут хопіць месца ад сілы для трох-чатырох вучняў. Бондарствам займаецца майстар і ў райвыканкамаўскіх сутарэннях, аднак і яны не надта прыстасаваны для заняткаў з гурткоўцамі. Але Уладзімір Іванавіч і сёння не губляе спадзеву: “Па краіне сапраўдных бондараў і з паўдзясятка не набярэцца, так што бондарская школа сапраўды патрэбная“.

Наталля Гулевіч — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адносна малады, толькі прыглядаецца да перспектыўных праектаў ды грантадаўцаў. І, відаць, цудоўна ведае, колькі інстанцый трэба абысці, каб зацвердзіць аўтарскія праграмы навучання ды адкрыць новую па форме навучальную ўстанову культуры. Таму і не спяшаецца. Дык, мабыць, у эпоху крызіснай аптымізацыі так і трэба? А для нас зразумелым застаецца адно. Калі сёння — не да размоў пра бондарскую школу, дык хаця б нармальныя ўмовы для працы адпаведнага гуртка неабходна наладзіць.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Пазнаёміўся з глускім бондарам гадоў сем таму. Тады яго майстэрня была напоўнена захопленымі вучнямі. Практычны інтарэс справы відавочны: сёння якасная ды ёмістая бочка для засолкі каштуе ад 150 рублёў. Але калі рамеснік яшчэ і майстар, ён хоча падзяліцца прыгажосцю, хоча, каб ягоная традыцыя жыла і развівалася. Нармальнае жаданне творцы. Але для рэалізацыі такога жадання няма ўмоў. Варштаты ў майстэрні развальваюцца на вачах, жалеза для абручоў даводзіцца набываць за ўласныя грошы. Патрэбныя прыстасаванні для сушкі драўніны. У сухой рэшце застаецца так званы голы энтузіязм, які з надыходам пенсійнага ўзросту чэзне, як ранішні летні туман. Выснова якая? Патрэбна падтрымка мясцовых улад. Калі не сёння, дык заўтра-паслязаўтра. Для мяне неаспрэчна адно: вельмі крыўдна адмаўляцца ад патэнцыйнага раённага брэнда (якім стала школа бондарства для Іванаўшчыны). А пакуль апельсіны для Глуска адгружаюцца ў скрыні. Зробленыя бочкі Станкевіч імкнецца як мага хутчэй рэалізаваць (хоць куды), каб кампенсаваць свае расходы на матэрыялы. Няма школы, няма і паўнацэннага гуртка. А шкада.

А як у Заеліцы?

Адносна няблага. Прынамсі Раённы дом рамёстваў мае тут дыхтоўны будынак. Так, менавіта ў вёсцы Заеліца працуюць чатыры майстры (ткацтва, лозапляценне, аплікацыя з саломкі, вязанне кручком) і афіцыйна займаюцца без малага сорак дзяцей (неафіцыйна — намнога больш). Соф’я Меснік, якая займаецца аплікацыяй і роспісам па дрэве, распавяла нам, што Дом рамёстваў існуе з 2006 года. Ён вельмі запатрабаваны ў мясцовай дзятвы. Мы ў гэтым пераканаліся на ўласныя вочы: такой напоўненасці ўстановы даўно не бычылі.

Заеліца — месца, так бы мовіць, канцэнтрацыі чатырох майстроў. А колькі іх усяго ў раёне? Каля сарака, паведамляе спадарыня Соф’я. Натуральна, не ўсе яны актыўнічаюць на карысць РДР. Па той простай прычыне, што штат установы пастаянна скарачаецца. Печка муфельная ёсць, а ганчара няма. Так што вынік аптымізацыі не надта радуе. Але штатныя рамеснікі стараюцца з усіх сіл. Па выніках шматлікіх экспедыцый узнавілі мясцовы нацыянальны касцюм. Цяпер, праўда, выездаў па вядомых прычынах мала. План выконваць складана. Сувеніры рэалізоўваюцца ў асноўным падчас вестываляў “Вянок дружбы“ ды “Берагніня“. Пасумавала Соф’я Меснік і наконт бондара з Глуска. Маўляў, райцэнтраўскі філіял РДР не мае магчымасці працаваць з поўнай аддачай.

(Не)лірычнае адступленне КастусяАнтановіча

Сувенірнай крамы ў Заеліцы няма. Было б дзіўна, каб яна існавала. Усё ж вёска знаходзіцца ўдалечыні і ад райцэнтра, і ад галоўных аўтатрас. Як сцвярджае Соф’я Меснік, рэалізацыя сувеніраў на выездзе не надта ратуе сітуацыю. Кажуць, сёе-тое з вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадаецца ва ўнівермагу раённага цэнтра, але мы, шчыра кажучы, ацаніць асартымент не паспелі.

Усё пачалося з кошыка…

Колькі слоў пра мужа Соф’і Аляксея Месніка. Ён адказвае за лозапляценне. Цікавым падаўся факт ягонага “ўваходу“ ў прафесію. Маці ў свой час настояла, каб яе сын-школьнік навучыўся кошыкі плесці. Нават ад школьных заняткаў на некалькі дзён вызваліла, каб прыгледзеўся Лёша да мясцовага дзеда, што ўмеў з лазы цуды рабіць. Плённымі аказаліся тыя дні: Аляксей мастацтва кошыкапляцення асвоіў на “выдатна“. З таго часу і не развітваецца з лазой. І “педагога“ ягонага даўно няма, але Меснік лічыць, што пераняў у яго не толькі талент пляцення, але і настаўніцтва. Які ўжо год вакол майстра ўецца рой малечы.

Чарговая праблема РДР — недахоп плошчаў. Сваіх выхаванцаў Аляксей змушаны вучыць час ад часу ў скляпеннях установы культуры. А будынак у свой час узвялі без асаблівага ўліку наяўнасці падземных вод. Увесну ў скляпеннях пануе цвіль. Але зацікаўленыя дзеці не звяртаюць на гэта аніякай увагі.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Наша беларуская “фішка“, на якую “вядуцца“ замежныя турысты, — захаванне народнай спадчыны: фальклору, кухні, рамёстваў. Калі пішам пра нашых народных майстроў, заўжды добрым словам згадваем колішняга начальніка колішняга ж упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, які стаў ініцыятарам стварэння ў рэгіёне сёння раённых дамоў рамёстваў. Эстафету потым падхапілі іншыя вобласці. Працэс пайшоў. Мы потым доўга разважалі, якая будучыня ў РДР. Сёння маем падставы сцвярджаць: адзін з кірункаў развіцця — стварэнне рамесніцкіх школ. Хаця б для таго, каб не шукаць ганчароў ды рэзчыкаў па дрэве. А сітуацыя цяпер такая, што ў пэўных рамесніцкіх цэнтрах займаюцца арыгамі, вырабам матрошак ці рэчаў з бісеру. А нацыянальная творчасць наўпрост звязана з нацыянальнай вытворчасцю. Праігнаруем традыцыі — застанёмся з кітайскімі сувенірамі, а замест нашых антонавак і бэраў частавацца прыйдзецца адно толькі мараканскімі апельсінамі. Вось такая гісторыя.

Мінск — Глускі раён Магілёўскай вобласці — Любанскі і Слуцкі раёны Мінскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"