Суперніца Венеры з Фларэнцыі

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Сімвал міру пацярпеў ад вайны
Сярод найбольшых рарытэтаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — статуя багіні Міру, паўтораная ў бронзе з беламармуровага арыгіналу італьянскага мастака эпохі класіцызму Антоніа Кановы ягоным вучнем Васілём Дэмут-Маліноўскім. Яна з’явілася ў нашым горадзе 190 гадоў таму як надмагільны помнік графу Мікалаю Пятровічу Румянцаву, тагачаснаму ўладальніку Гомельскай сядзібы. А з’яўленню скульптуры ў музейнай экспазіцыі палаца Румянцавых і Паскевічаў папярэднічала цікавая і змястоўная гісторыя.

/i/content/pi/cult/631/14029/14-1.jpgМенавіта Мікалаю Румянцаву належала ідэя стварэння алегарычнай скульптуры, якая ўвасабляла б Мір (а не Перамогу, што было ўласцівым для таго часу). Ён замовіў твор Антоніа Канове — сусветна вядомаму скульптару, чые творы дагэтуль лічацца найвышэйшым дасягненнем еўрапейскага мастацтва канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Дарэчы, гэта адзіны твор вялікага майстра, адмыслова зроблены для тагачаснай Расійскай імперыі, куды ўваходзілі і беларускія землі.

Спачатку былі эскізы, якія мусіў зацвердзіць граф. Канова паставіўся да замовы надзвычай сур’ёзна. Пра гэта сведчыць адзін з ягоных лістоў, у якім скульптар паведамляе, што задумаў зрабіць статую багіні Міру, з якой будзе здольная супернічаць толькі статуя Венеры ў Фларэнцыі. Творчую свабоду мастака замоўца не абмяжоўваў. Адзінай, бадай, умовай была адпаведнасць вобраза тэме. Мікалай Пятровіч кіраваўся жаданнем увекавечыць памяць пра дзейнасць прадстаўнікоў трох пакаленняў Румянцавых на дыпламатычнай службе, прытрымліванне дэвізу іх родавага герба “Не толькі зброяй”. Таму фігуру мусілі дапаўняць надпісы, якія адпавядалі б тром мірным дамовам — Абоскай (1743), Кучук-Кайнарджынскай (1774) і Фрыдрыхсгамскай (1809). Спачатку Канова зрабіў шэраг гіпсавых мадэляў з дэталёвай прапрацоўкаю кампазіцыі і святлаценевых нюансаў, а таксама замовіў гравюры з яе выявай, якія былі накіраваныя графу для азнаямлення. Канчаткова мармуровая скульптура з велізарнага белага маналіта была высечана ў жніўні 1814 года.

Праз тры гады багіня Міру была дастаўлена з Рыма ў румянцаўскі асабняк на Англійскай узбярэжнай у Пецярбургу. Многія гараджане і прыезджыя прыходзілі па некалькі разоў, каб палашчыць вока творам вялікага Кановы. Захапленні сучаснікаў занатаваныя ў прэсе. У часопісе “Сыны Отечества” пісьменнік і мастацтвазнаўца Мікалай Гнедзіч дзяліўся сваімі ўражаннямі: “Я бачыў статую некалькі разоў, але ўсё яшчэ мала, каб глядзець на яе без хвалявання…” Часопіс “Отечественные записки” пісаў: “Багіня, папіраючы нагой змяю, у правой руцэ, якую яна лёгка адхіляе на калону, трымае аліўкавую галіну, а левай — жазло і старажытны скіпетр — прыналежнасць багоў Алімпійскіх. На калоне выяўлены мірныя даты. Фігура статуі вышынёю ў 2 аршыны і 8 вяршкоў. Яна зроблена ўся з аднаго кавалка найлепшага мармуру”.

Пасля смерці Дзяржаўнага канцлера Расійскай імперыі Мікалая Румянцава яго пахавалі ў Петрапаўлаўскім саборы Гомеля. Малодшы брат і пераемнік граф Сяргей Румянцаў развітваецца з гомельскай сядзібай, якая дасталася яму ў спадчыну. Але перад гэтым ён завяршае распачатае пры канцлеры будаўніцтва і ўсталёўвае на ягонай магіле помнік. У сувязі з тым замоўлена знанаму рускаму скульптару Васілю Дэмут-Маліноўскаму бронзавая копія статуі багіні Міру, якіх было зроблена, відавочна, дзве. Другая прызначалася для помніка ў гонар наведвання імператрыцай Кацярынай ІІ Троіцкага-Кайнарджы, яшчэ адной вотчыны Румянцавых у Падмаскоўі (сёння гэты помнік знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага музея архітэктуры імя Шчусева і захоўваецца на тэрыторыі Данскога манастыра ў Маскве).

Адлівы ў паціраванай бронзе выканала майстэрня Васіля Якімава, вядомая такімі ліцейнымі работамі, як манумент Мініну і Пажарскаму ў Маскве, статуі Пецяргофскага і Паўлаўскага паркаў і гэтак далей. Акрамя скульптурнай копіі багіні Міру, для надмагільнага помніка Мікалаю Румянцаву тут жа быў адліты і ягоны бюст, магчыма, таксама работы Дэмут-Маліноўскага.

Творы склалі асноўную аздобу месца пахавання Мікалая Пятровіча ў гомельскім саборы, якое, паводле сведчанняў у кнігах пра наш горад пачатку ХХ стагоддзя, выглядала даволі сціпла: “За простай агароджай над ягонай магілай… п’едэстал з чорнага мармуру, і на ім бюст Румянцава… Каля пастамента бронзавая выява — багіня Міру з аліўкавай галінаю і жазлом у руках папірае змяю — злобу ворагаў... На пастаменце надпіс: “Воздал Божия Богови, Кесарева Кесареви, Отечеству любовию и жертвами”.

Пасля закрыцця Петрапаўлаўскага сабора статуя і бюст знаходзіліся ў гомельскім музеі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны разам з іншымі музейнымі прадметамі іх эвакуіравалі ў Сталінградскую вобласць. Пры гэтым буйнагабарытную багіню ўвозілі ў апошнім цягніку, які пакідаў Гомель. Удзел у ратаванні каштоўнасцей браў тагачасны старшыня Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў Лебедзеў. З дапамогай маладых дабравольцаў ён здолеў даставіць 500-кілаграмовую скульптуру на перон вакзала і пагрузіць у вагон. Паколькі фашысты бамбілі эшалоны, скульптура не была дастаўлена па прызначэнні, і яе сляды згубіліся. І толькі ў 1968 годзе, дзякуючы з’яўленню ў газеце “Коммуна” публікацыі пад назвай “Ника Воронежская”, гомельскія музейшчыкі даведаліся, што скульптура, знойдзеная жыхарамі Варонежа на чыгуначнай станцыі сярод абломкаў пасля вызвалення горада ў 1943 годзе, трапіла ў Варонежскі музей выяўленчых мастацтваў. Рашэннем Міністэрства культуры СССР статуя была вернута ў Гомель. Скалечаная, страціўшы частку левай рукі з жазлом, аліўкавую галіну і фрагмент змяі, яна экспануецца сёння ў Румянцаўскай зале Гомельскага палаца, сумна ўвасабляючы сабою сімвал міру, што пацярпеў ад вайны.

Лёс беламармуровай багіні, што засталася ў Пецярбургу, склаўся не так драматычна. Спачатку, з сыходам з жыцця Мікалая Румянцава, яна выстаўлялася разам з іншымі культурнымі каштоўнасцямі ў музеі, заснаваным паводле завяшчання Румянцава ва ўласным сталічным асабняку на Англійскай узбярэжнай. У 1861 годзе румянцаўскі збор перамясціўся ў “Пашкоў дом” побач з Крамлём. Створаны такім чынам “Румянцаўскі музей” у 1913 годзе атрымаў тытул Імператарскага і стаў галоўным музеем Масквы. У 1927 годзе яго расфарміравалі, і ў будынку размясцілася бібліятэка, якая сёння называецца Расійскай дзяржаўнай. Статую ж багіні Міру па незразумелых прычынах у 1953 годзе перадалі ў Кіеўскі музей заходняга і ўсходняга мастацтва, у вестыбюлі якога яна знаходзіцца і дагэтуль.

Таццяна ЛІТВІНАВА, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык мастацкага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля