Самы просты спосаб зрабіць мову брэндам?

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Размова пойдзе не пра тэхніку перакладкі, распаўсюджаную ў анімацыі, а пра пераклад стужак на беларускую мову. Падставай стала тое, што ў сталічным кінатэатры “Масква” адбылася прэм’ера ірландскага мульціка “Таямніца Келза”, які загучаў па-беларуску. Частка гледачоў прыйшла па запрашальніках, але зала была аншлагавай. Віват! Ды ёсць пра што задумацца.

/i/content/pi/cult/631/14026/4-1.jpgМульцік шляхам перакладу

Так, гэта не першая падобная акцыя — сусветнае кіно па-беларуску. Раней такія сеансы былі бясплатнымі, праходзілі ў кінатэатры “Перамога” і збіралі столькі гледачоў, што даводзілася ладзіць дадатковыя паказы. Супершырокай рэкламы з праславутымі “расцяжкамі” па праспекце не было, інфармацыя распаўсюджвалася праз інтэрнэт — бездакорна спрацоўвала сарафаннае радыё. Улічваючы попыт, вырашылі ўзяць курс на “Маскву” — пры кошце квіткоў у пяць рублёў. Плануюцца паказы і ў рэгіёнах — праўда, пакуль дакладныя даты не называюцца. Некаторыя з ранейшых стужак (да прыкладу, асобныя серыі “Свінкі Пэпы”) выкладзены ў сеціве для шырокага карыстання. Усяго перакладзена 20 фільмаў, спіс будзе пашырацца — у тым ліку і па прапановах гледачоў.

Пачыналася ўсё “знізу”, з прыватнай ініцыятывы Андрэя Кіма (ён сёння ўзначальвае праекты “Кінаконг” і “Беларускія ўік-энды”) і знакамітага акцёра-купалаўца Паўла Харланчука-Южакова. Узнікла каманда аднадумцаў, з’явілася падтрымка (раней грошы збіраліся на краўдфандынгавай аснове). Афіцыйнымі партнёрамі выступілі мабільны і інтэрнэт-аператары. Але да ўсіх гэтых радасцяў прымешваецца і кропля горычы: надта ўжо адстаем мы ад сваіх суседзяў, дзе адразу ўцямілі, што прывучаць да роднай мовы праз лепшыя кінастужкі — вельмі перспектыўна. І максімальна “бяскроўна”, калі мова і сам моўны асяродак незаўважна ўваходзяць у падсвядомасць як штосьці блізкае, роднае, зразумелае. Падобная практыка даўно ўкаранілася пры вывучэнні замежных моў. А вось з роднай — прызвычайваемся толькі цяпер. І ўсё яшчэ даводзіцца раз-пораз тлумачыць, навошта гэта рабіць: маўляў, і па-руску ўсё зразумела, нават больш зразумела!

Але такія праекты, у рэшце рэшт, здольныя ўплываць не толькі на моўную, але і на ўласна мастацкую сітуацыю ў краіне. Шчыльная праца над чужой, але зорнай кінастужкай дазваляе ўспрымаць яе як “больш родную”, чым гэта адбываецца пры звычайным праглядзе. Міжволі ўзнікаюць паралелі, напрошваюцца параўнанні з айчыннымі кадрамі, працай артыстаў, рэжысёраў, аператараў. Чым не майстар-клас? Падобныя паралелі ўзнікаюць і ў гледачоў. Следам за развагамі ідзе аналітыка, больш глыбокае ўнікненне ў матэрыял і яго выкладанне.

Тая ж “Таямніца Келза”, уладальніца некалькіх узнагарод і намінаваная на “Оскар”, вымусіла ўзгадаць… Біблію Скарыны: асветнік Эйдан, прыехаўшы ў абацтва Келз, разам з тамтэйшым хлопчыкам Брэнданам імкнецца захаваць і дапісаць нейкую таямнічую кнігу. Некаторыя фрагменты, асабліва звязаныя з дзяўчынкай Ашлінг, якая жыве ў лесе і валодае сакрэтамі пераўвасабленняў, “праецыраваліся” на беларускія паданні і легенды паганскіх часоў. А наша афіцыйнае двухмоўе? Ці не суадносіцца яно з такім жа становішчам у Ірландыі? Бо там англійскую мову ведаюць усе, па-ірландску ж размаўляе толькі частка насельніцтва.

Хай падобных перакладаў будзе больш! І менавіта на прафесійным узроўні, як гэта адбываецца ў названых вышэй праектах. Бо гэта яшчэ і той дыялог культур, значнасць якога ўсё больш падкрэсліваюць навукоўцы, і той шлях да ўзаемапаразумення народаў, пра які не стамляюцца гаварыць палітыкі.

Міжволі ўзнікае і супрацьлеглая думка. Цікава, калі ж нашы фільмы (натуральна, перадусім беларускамоўныя) пачнуць перакладаць на мовы суседзяў?..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Таямніца іміджу

Як ні сумна, але праблемай нумар адзін у сучасных школьнікаў становіцца вывучэнне беларускай мовы. Шмат чую, як бацькі з другога-трэцяга класа вядуць да рэпетытараў дзяцей, бо для апошніх нават элементарныя пераказы тэксту становяцца непад’ёмнымі.

На разгубленае “Што рабіць?” прапаную звыклую па вывучэнні замежных моў праграму занурвання ў матэрыял: беларускія словы будуць зразумелымі пра паглыбленні ў моўны асяродак. Тэатры, кнігі, песні — спіс можна доўжыць. На ролю перспектыўнага правадыра ў свет паразумення і прэтэндуюць “Беларускія ўік-энды”.

Мяне заўсёды здзіўляла, чаму ў нашым грамадстве любая размова пра нацыянальны дубляж папулярных кінастужак абавязкова заканчваецца гучным: “А каму гэта патрэбна, калі ёсць рускамоўная версія?!.” За апошняе дзесяцігоддзе неаднойчы ўзнікалі ініцыятывы выпускаць сусветнае кінамастацтва па-беларуску, будаваліся грандыёзныя планы і складаліся спісы топавых фільмаў для агучкі, але прыкметнага працягу ініцыятывы не атрымалі. Адна фірма спыніла сваю дзейнасць праз камерцыйную нерэнтабельнасць, пакінуўшы нам у тым ліку беларускамоўных Мілу Ёвавіч і Бруса Уіліса. Другі праект грымеў перакладам ды “набліжэннем да айчыннай рэальнасці” шматчасткавага “Шрэка”, але таксама не выйшаў далей за стварэнне дыскаў. У гэты ж час было варта праехаць некалькі соцень кіламетраў да паўднёвых суседзяў з падобнай моўнай сітуацыяй — і вочы разбягаліся ад колькасці прапаноў дубліраваных на іх родную мову фільмаў і анімацыі як на тэлебачанні, так і на шырокім экране. Заставалася толькі пазайздросціць…

Таму для мяне прыемнай нечаканасцю мінулай восенню сталіся рэкламныя заклікі ў метро з запрашэннем на “Беларускія ўік-энды”. Пасля дзвюх мастацкіх стужак для дарослых (між іншым, на першыя паказы ўваход быў вольным), у праграме з’явіўся нашумелы “Падынгтан”. Прызнаюся, пачуць беларускае “вымаўленне” Ніколь Кідман я ішла з укаранёным ва ўсведамленні “а каму гэта трэба, акрамя такіх адзінак, як і я”. Аднак за паўтары гадзіны да пачатку білетаў у касе кінатэатра “Перамога” не было, прычым не толькі на гэты, але і на два наступныя сеансы! Высветлілася, што насамрэч “адзінак”, якім хочацца прывіць дзецям смак да роднай мовы, у Мінску важкая колькасць.

Зразумелі тое і арганізатары, праанансаваўшы дадатковыя паказы. Закрыццё “Перамогі” на рэканструкцыю не змагло спыніць развіццё праекта. Шчыра кажучы, пасля такога глядацкага попыту (а білеты пачалі ўжо прадаваць, ад паказу да паказу крыху павялічваючы іх кошт) напрошваўся пошук большай па памерах залы. І не прагадалі: кінатэатр “Масква” тройчы сабраў аншлаг на беларускамоўную версію намінаванай на “Оскар” за “Лепшы анімацыйны фільм” стужкі “Таямніца Келза”. Вось і адказ тым, хто сумняваецца, ці прагаласуе рублём айчынны глядач за сваё або замежнае, але з матчыным словам!

Публіцы ўжо абвясцілі дадатковы паказ напрыканцы сакавіка. Упэўнена, прыйдуць не толькі бацькі, якія свядома навучаюць дзяцей роднай мове. Падцягнуцца і тыя, каму мова цяжка даецца, і тыя, хто хоча з вялікага экрана пачуць дакладнае беларускае вымаўленне. За мілагучнасць і прыгажосць трэба падзякаваць акцёрам мінскіх тэатраў Паўлу Харланчуку-Южакову, Ганне Хітрык, Аляксандру Малчанаву і іншым. Асабліва адзначу цудоўную актрысу сталічнага тэатра лялек Святлану Цімохіну, якая ў кожным праекце імкнецца па-новаму перадаць характар персанажа. Яе работа ў “Таямніцы Келза” ў інтанацыях, тэмбры, падачы адрозніваецца ад вобраза ў “Падынгтане” настолькі, што толькі з цітраў становіцца канчаткова зразумела, што агучкай цэнтральнага персанажа займалася яна.

Дзеці, асабліва самыя маленькія, істоты даволі рацыянальныя: каб яны пачалі нешта рабіць, ім неабходна дазнацца, навошта гэта патрэбна. Кінастужкі з нацыянальным дубляжом, акрамя судакранання з лепшымі ўзорамі сусветнага кінематографа, уздымаюць у іх вачах імідж беларускай мовы. Мы бачым самы просты спосаб зрабіць мову брэндам у школьным асяродку. У хлопчыкаў і дзяўчынак усё проста: калі папулярны мішка Падынгтан ці набліжаны да “Оскара” хлопчык Брэндан загаварыў па-беларуску, то для іх рэйтынг мовы ўзвышаецца, а яе веданне становіцца прыкметай крутасці. Мяркую, кінанапрамак у сукупнасці з модай на айчынную тэматыку ў розных кірунках паўсядзённага жыцця дапаможа натуральна вярнуць матчынай мове рэальныя пазіцыі ў грамадстве.

Настасся ПАНКРАТАВА

 

Дарэчы

Да Сусветнага дня мультфільмаў 6 красавіка Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць музейны праект “Чаго на свеце не здараецца?..”, калі ў доме Коласа пакажуць мультфільмы па матывах беларускіх народных казак і папулярныя замежныя анімацыйныя ролікі ў перакладзе на беларускую мову, а таксама адбудзецца майстар-клас па вырабе папяровага мульціка з героямі твораў нашага класіка.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"