"Бітва..." удалася!

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Наш калектыў у спарынгу аркестраў у Кіеве
Як сцвярджаюць стваральнікі “Бітвы аркестраў”, аналага гэтаму музычнаму спаборніцкаму шоу ў свеце няма. Свой пачатак яно бярэ з вясны 2015 года, і з таго часу ў розных гарадах Украіны перыядычна на канцэртных пляцоўках сыходзяцца ў творчым баі лепшыя мясцовыя калектывы, замежныя госці. Нядаўна ў якасці ўдзельнікаў праекта ўпершыню апынуліся і айчынныя выканаўцы...

/i/content/pi/cult/631/14019/3-2.jpg“Паядынак” складаецца з трох частак. У першым, аўтарскім туры візаві выконваюць творы, напісаныя ўдзельнікамі “каманд” альбо створаныя для іх іншымі кампазітарамі. У другім, нацыянальным, гучаць народныя і сучасныя шлягеры сваіх краін. У трэцім, у туры “сусветныя хіты”, — вядомыя на ўвесь зямны шар “баевікі”, незалежна ад жанраў. Пераможцу выбіраюць гледачы, якія наведалі гэтае мерапрыемства і прагаласавалі ўваходнымі білетамі.

Тыдзень таму выклік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Украіны прыняў наш Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча. Святкавалі вікторыю на сцэне кіеўскага Нацыянальнага палаца мастацтваў “Украiна” гаспадары, але такімі ўжо расчараванымі беларусы дадому не вярнуліся. Пра тое, як усё было, “К” распавёў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра iмя Жыновiча, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл КАЗІНЕЦ.

— Я не лічу, што перавага калегаў у 350 — 400 галасоў (пры больш чым трохтысячнай змяшчальнасці залы) — гэта параза. Ды і не маглі яны прайграць, улічваючы патрыятычны ўздым у іх краіне (адпаведна — падтрымка публікі); вопыт — тое, што для ўкраінцаў гэта быў ужо пяты выступ у рамках шоу. Тым не менш з гутарак з кіраўніцтвам аркестра “супернікаў” я зразумеў, што яны зусім не былі ўпэўненыя ў сваёй перамозе, бо ведалі, з якога класа музыкантамі ім давядзецца “ўступіць у дыялог”.

— Беларускі глядач, зыходзячы з яго ментальнасці, прысудзіў бы перамогу гасцям...

— Безумоўна. Ёсць такое ў нашым народзе: спачатку — для іншых, потым — для сябе. Але, паўтаруся, засмучэння ў нас няма. Была радасць ад самога мерапрыемства, ад таго фону, на якім яно праходзіла. Калі і ўкраінскія, і беларускія нумары шлі пад такi “скандзёж” залы, калі эмоцыі з яе захаплялі сцэну. Я правёў тысячы канцэртаў з аркестрам, але падобнай атмасферы не ўзгадаю. І мяне ўразілі нашы музыканты, якія ўсімі фібрамі душы адгукнуліся на глядацкую рэакцыю — сваім майстэрствам, настроем. Такой рызыкі ў іх вачах, паводзінах я ніколі не бачыў! У мяне самога, чалавека 78-гадовага, адрэналін зашкальваў! Я вельмі рады, што пабачыў “іншы” наш аркестр, убачыў у ім і дзіця, нібы залучанага ў найцікавейшую гульню, і дарослага, якi ўсур’ёз біўся за Беларусь. Але, вядома, адзін да аднаго “супернікі” паставіліся з вялікай павагай і ўдзелам, падтрымліваючы нумары “праціўніка” апладысментамі, нейкімі задаволенымі воклічамі.

— А як наогул уся гэтая гісторыя пачалася?

— Сціпла скажу, што пра высокі ўзровень нашага аркестра вядома на ўсёй постсавецкай прасторы, нават нягледзячы на тое, што пасля развалу Саюза міжкультурныя сувязі паміж былымі яго рэспублікамі і па гэтую пару застаюцца шмат у чым не адноўленымі. І яшчэ такі факт. Гадоў сем таму мы сустракаліся з Нацыянальным акадэмічным аркестрам народных інструментаў Украіны ў Ліпецку на Міжнародным фестывалі прафесійных аркестраў народных інструментаў... А ў сярэдзіне сакавіка аркестр атрымаў запрашэнне на шоу, пра якое мы нічога не ведалі. І ўсе адразу кінуліся “капаць” інтэрнэт у пошуках інфармацыі аб праекце. Ён нам здаўся вельмі цікавым, і мы амаль не разважалі, цi ўдзельнічаць. Усе выдаткі — праезд, пражыванне, харчаванне і гэтак далей — узяў на сябе бок гаспадароў. І два тыдні аркестр шчыльна рыхтаваўся да паездкі, у гарачых спрэчках выбіраючы рэпертуар, рэпетуючы з раніцы да вечара.

— “Спарынг” складаўся з трох “раўндаў”...

— Так, i на сцэне адначасова знаходзіліся абодва аркестры, па чарзе, праз нумар, выконваючы свае праграмы, а чатыры творы выканалі сумесна (у іх саліравалі ўкраінскія вакалісты). У аўтарскім туры мы прадставілі “Звіняць цымбалы і гармонік у Кіеве” нашага дырыжора, аранжыроўшчыка і мультыінструменталіста Аляксандра Крамко — замалёўку, што дэманструе магчымасці аркестра ў цэлым і яго інструментальных груп паасобку. У нацыянальным блоку прагучалі “Ох, без дудкі, без дуды ходзяць ногі не туды...” Крамко, “Каляда” ансамбля “Песняры” (саліраваў Андрэй Коласаў, а прыпевы разам з ім спяваў увесь аркестр), “Дзiвосы Купалля” Уладзіміра Кур’яна і... наша прывітанне ўкраінскаму слухачу — песня “Реве та стогне Дніпр широкий...”, у фінале якой у зале падняўся сапраўдны захоплены рык. (Тады я і зразумеў, што мы сёння не пераможам...) Сусветныя хіты склалі фрагмент саўндтрэку адной з частак фільма “Піраты Карыбскага мора”, “Besame Mucho” (гэты шлягер на ўсе часы пачынаўся з... “бітлоўскай” “Yesterday”), джазавы стандарт “All of Me” праспявала Марына Васілеўская, Ігар Задарожны — “Sway” (англамоўную версію лацінаамерыканскага хіта), Андрэй Коласаў — “Highway Star” гурта “Deep Purple”.

— Шоу мела на ўвазе і візуалізацыю праграм...

— Вельмі шмат усяго адбылося за гэтыя тры гадзіны. На “Ох, без дудкі...” я пераапранаўся ў сінюю тройку, з нагруднай кішэні тырчала кветка, на мне былі ярка-лапезны гальштук і кепка — таксама з кветачкай. Падчас выканання музычнай паэмы “Дзiвосы Купалля” цымбалісткі — заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Рыдлеўская і лаўрэат міжнародных конкурсаў Аксана Хахол (можаце сабе ўявіць, якую рэакцыю выклікала яе прозвішча ў зале) — з’яўляліся на сцэне з вянкамі на галаве, да іх падыходзіў Саша Крамко з акарынай і яны нешта такое варажылі. У “Піратах...” я ствараў вобраз капітана (у кіцелі, фуражцы), камандаваў: “Боцман, аддаць швартовы!”, мяне па ходзе iмпрэзы выцясняў са сцэны пірат — барабаншчык Сяргей Шаптуноў, які даў сапраўдны майстар-клас на ўдарных. На “Yesterday” я быў апрануты на англiйскi манер — у фрак ды капялюш, якi, страсянуўшы з яго пыл, потым адкідаў (фрак таксама здымаў).

— Украінскі тэлеглядач убачыць “бітву”?

— Так, яна здымалася.

— Што даў праект аркестру, акрамя досведу?

— Я задумаўся над тым, што нам патрабуецца нейкая “рэканструкцыя” інструментарыя. Некаторыя народныя інструменты мы выкарыстоўваем выбарачна, час ад часу. Большая іх канцэртная “эксплуатацыя” дапоўніць наша гучанне новымі фарбамі.

— Вы ж нешта падобнае ў Белдзяржфілармоніі калісьці ладзілі. Ці магчыма “Бітву аркестраў” перанесці на нашы рэаліі?

— Гэта працаёмка, выдаткова, але чаму не? Было б выдатна, каб знайшліся энтузіясты, лепш з грашыма, якія адважыліся б ажыццявіць падобнае ў нас. Упэўнены, глядач на такое маштабнае шоу пайшоў бы, высокі рэйтынг тэлебачанню яно дало б. І дэвізам яго можна зрабіць фразу Уладзіміра Караткевіча: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш”.

А я сапраўды некалі запрасіў для выступлення з намі ў адным канцэрце Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, але тое не было “змаганнем”, а праграмы двух калектываў, нумары якіх таксама чаргаваліся.

— У Кіеве ў вас адбылася цікавая сустрэча...

— З Юліяй Сiмяонавай, унучкай народнага артыста СССР Канстанціна Сiмяонава, які ў 1938 — 1941 гадах быў першым галоўным дырыжорам аркестра народных інструментаў нашай філармоніі (яна сама, дарэчы, з адукацыі харавік-дырыжор). Мы абмяняліся з ёй успамінамі пра яе дзядулю, з якім мне пашчасціла быць знаёмым у 1970-я. Я распавёў ёй тое, што мне распавядалі пра Канстанціна Арсеньевіча тыя артысты, хто з ім працаваў яшчэ ў даваенны час. Юлія была вельмі ўсхваляваная сустрэчай і дзякавала за, як яна выказалася, “бліскучае выступленне аркестра, якім калісьці дырыжыраваў мой дзед”...

Спецыяльна для “К”

Юлія Сiмяонава пра шоу: "Абодва калектывы паказалі сябе вельмі годна. Я прагаласавала за беларускі аркестр. І не толькі з-за таго, што мяне з ім звязваюць практычна роднасныя повязі, але і таму, што трэба аддаць належнае яго музыкантам, якія паказалі высокі ўзровень майстэрства, валоданне рознымі стылямі: ад спрадвечна народных — з выкарыстаннем аўтэнтычных музычных інструментаў, да адпаведных яркаму сучаснаму шоу, у якое абсалютна лагічна ўпісаліся цымбалы ды баяны. Брава музыкантам аркестра, салістам-вакалістам і, вядома, Міхаілу Антонавічу Казінцу — артысту з вялікай літары, які, нягледзячы на відавочныя навакольныя складанасці жыцця, беражэ і падтрымлівае традыцыі нацыянальнага аркестра і беларускага мастацтва ў цэлым і змагаецца за ўзровень майстэрства, годны лепшых сусветных сцэн!"

Фота Ігара ЗАДАРОЖНАГА і Вольгі БРЫЛОН

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"