Тым і цікавы сучасны тэатр…

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Галоўнае пра "М.@rt.кантакт-2017"
27 сакавіка ў Магілёве завяршыўся ХІІ Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”. Чым запомнілася цяперашняе свята тэатральнага мастацтва? Якія далягляды адкрыла? Што адметнага прыўнесла ў фестывальны рух і нацыянальную культуру?

/i/content/pi/cult/631/14018/3-1.jpgКласіка на новы лад

Што можна асучасніць у Тургенева? Як даказалі рэжысёр Яўген Марчэлі і тэатр імя Фёдара Волкава з Яраслаўля — усё. На першым плане аказаліся гендарныя праблемы. Замест рамантызавана-летуценных дзяўчын — сексуальна заклапочаныя асобы, увасобленыя досыць парадыйна. А сам “Месяц у вёсцы” так і хацелася перайменаваць у “Гады ў глыбінцы”. Гэткія “спрэчкі” з рускім класікам не абышліся ні без самоты (на першай дзеі многія сумавалі, “прачынаючыся” хіба на жартачках), ні без уздзеяння масавай культуры. Але знаходак, хай часам і фрывольных, хапала. Асабліва вылучаўся прыём нямога кіно — з цітрамі на экране і “жывым” тапёрам.

У праграме форуму апынуліся дзве версіі “Братоў Карамазавых” паводле рамана Дастаеўскага — прынцыпова розныя. Удзельнікі Тэатра-студыі “Theaomai” з Вільнюса пабудавалі лінію прыходу чалавека да веры, няпростага пошуку маральных каштоўнасцяў, зрабіўшы гэта надзвычай стыльна, інтэлігентна. Нават Чорт, што прыходзіць да Івана ў трызненнях, нагадваў спакушальна стрыманага інтэлектуала. Паказ спектакля ў адным з пакояў Музея этнаграфіі (цікава, што пастаноўка граецца ў розных умовах: у турмах, манастырах, касцёлах), жывыя царкоўныя спевы, прысутнасць артыстаў, не занятых у той ці іншай сцэне, сярод публікі, іх рэакцыя на сцэнічныя падзеі. А яшчэ выкарыстанне трох раскіданых па зале тыбецкіх чашаў, што ствараюць стэрэаэфект звановага водгулля, адчуванне замкнёнасці прасторы... Усё гэта спрыяла “ўключанасці” гледачоў, якія пачыналі адчуваць сябе членамі сям’і Карамазавых ці, у крайнім выпадку, іх найбліжэйшымі суседзямі.

Версія Льва Эрэнбурга і Тэатра-студыі “Невялікі драматычны тэатр” з Санкт-Пецярбурга была прысвечана іншай тэме — не боскага, а д’ябальскага пачатку ў чалавеку, ягонага граху, маральнага падзення. Гэта выклікала іншую форму-структуру  асобных эцюдаў (ад вельмі моцных да слабейшых), іншую сістэму лейтматываў: ці не ўсіх герояў “трэсла ў ліхаманцы”, усе ў розныя часы былі “пригвождены к позорному столбу” (апошні, па словах рэжысёра, выступаў у ролі фалічнага сімвала), усе намагаліся ўскараскацца наверх, выклікаючы паралелі то з кірмашом, то з распяццем на крыжы. Такая паўторнасць прыёмаў не заўсёды ішла на карысць. Але фінал, калі мужчыны ў падгузніках згрудзіліся і замерлі ля слупа, асацыявалася ў тым ліку з адлюстраваннем біблейскіх тэм у жывапісе, скульптуры. Менавіта яна, нарэшце, адарвала аповед ад грэшнай зямлі.

А як наконт класікі ХХ стагоддзя? Спектаклі рэжысёрскай лабараторыі “Вучні Тумінаса” пры Вахтангаўскім тэатры ў Маскве расквецілі палітру фэсту і абсурдам Іянэска (“Кароль памірае”), і экзістэнцыялізмам Сартра (“За зачыненымі дзвярыма”). Праўда, першы са спектакляў аказаўся куды больш шматгранным, звязаўшы ўсе эпохі і падкрэсліўшы амбівалентнасць герояў, якія выклікалі на свой адрас не толькі кпіны ды ўсмешкі, але і спачуванні.

Плён асветніцтва

Калі Дастаеўскі ў пецярбуржцаў атрымаўся “галоўным крывадушнікам рускай літаратуры” (так заўважыла польска-расійскі крытык Настасся Гуліна на адным са штодзённых абмеркаванняў), дык Пушкін, пры ўсіх злёгку іранічных захадах Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра “Субота” ў спектаклі “Выратаваць камер-юнкера Пушкіна”, захаваў арэол “бязвіннай ахвяры самаўладдзя”. А некаторыя паралелі, праведзеныя між паэтам і “савецкім абывацелем” Пітуніным, прыводзілі да думкі, што “ахвярапрынашэнні” ладу грамадства працягваюцца і ў нашы дні. Але агульная танальнасць пушкінскага “піяру” аказалася злёгку іранічнай і таму дадаткова прывабнай для моладзі і падлеткаў. (Шкада, у звязку з тым, што ў праграме форуму не аказалася нядаўняй прэм’еры гаспадароў — “Скарыны” паводле п’есы Мікалая Рудкоўскага. Уключэнне спектакля ў афішу дазволіла б яшчэ больш глыбока пагутарыць пра сучасную беларускую драматургію, а таксама папоўніць заяўленую асветніцкую лінію не адно іроніяй, але і дыскусійнасцю, глыбінёй філасофскіх і мастацка-эстэтычных падыходаў да гісторыі.

Што ж да “іранічнага асветніцтва”, дык яно прысутнічала і ў “Лондане”, пастаўленым Аленай Сілуцінай у тэатры імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, і ў танцавальным перформансе “Прадметная размова” Вольгі Скварцовай (Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр), куды былі ўключаны відэазапісы лекцый і абмеркаванняў, прысвечаных сучасным творам розных жанраў і нават відаў мастацтва.

Іроніяй, гратэскам, клаўнадай была наскрозь прасякнута “Каралева прыгажосці” тэатра “Залатыя вароты” з Кіева. Жорсткая драма ў пастаноўцы Максіма Галенкі атрымала жанравае азначэнне “чорнай камедыі”, але спектакль, нягледзячы на захаваны трагічны фінал, атрымаўся светлым, бо быў прасякнуты не адно нянавісцю, але і каханнем. А гэгі і парадыйна-камічныя асацыяцыі вялі і да адэскіх “Масак-шоу”, і да харэаграфічнага гумару “Кіеў Мадэрн-балета” на чале з Раду Паклітару.

Іронія як моцны рухавік драматургічнага разгорту, гуллівыя варыяцыі на тэму (падкрэслю, не на п’есу) “гора ад розуму” былі відавочныя ў спектаклі Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра “Як я стаў ідыётам”. Калі ў аднайменным рамане Мартэна Пажа, пакладзеным у аснову, больш акцэнтавалася тэма грошай, дык у спектаклі — магчымасць заставацца сабой, а не быць “як усе”, калі гэта ламае індывідуальнасць. Стаўка была зроблена на максімальную візуалізацыю літаратурнага тэксту, мільгаценне сцэн, дзе ўсё тыя ж артысты (паводле сюжэта сябры разумніка), дадаўшы колькі дэталяў у сваё аблічча, ігралі астатніх персанажаў густанаселенага аповеду. Нейкія сцэны атрымаліся цікавымі, іншыя можна было б і скараціць. Такая пярэстасць часам мела адмоўны эфект — і асабіста мне прыгадаўся наш колішні спектакль “Па імені Спадар”, прысвечаны падобнай тэме сацыялагізацыі героя, які адмаўляе грошы, але пастаўлены Наталляй Ляванавай стыльна, лаканічна, прыцягваючы працай думкі.

Роздум на карысць айчынных тэатральных сіл выклікаў казахскі спектакль “Аднакласнікі. Урокі жыцця”, першая палова якога была вырашана ў стылістыцы фільмаў пра шчаслівае даваеннае жыццё. Два гады таму да гэтай п’есы “Наш клас” сучаснага польскага драматурга Тадэвуша Слабадзяніка звярталася ў рамках Лабараторыі рэжысёрскіх праектаў наша Валянціна Мароз, зрабіўшы са студэнтамі Акадэміі мастацтваў майстэрні Мікалая Кірычэнкі эскіз да спектакля. Але далей справа не пайшла. Шкада! Тая праца была больш стыльнай і з мастацкага пункту гледжання — актуальнай.

Фіналам было слова

На выніковай прэс-канферэнцыі тэатральныя крытыкі былі як ніколі аднадушнымі: форум вылучаўся ўдалай праграмай — зорнай, насычанай мастацкімі падзеямі, адкрыццямі імёнаў, балансам працягу традыцый і эксперыменту, увасабленнем класікі і зваротам да вострых сучасных тэм. Гэтак жа ў адзін голас усе вызначалі высокі ўзровень айчынных пастановак, заўважыўшы ў іх нейкія новыя для нас аспекты. Ірына Лапо з Польшчы ўбачыла ў спектаклі “Саша, вынесі смецце” працяг антычнай тэмы “вяртанцаў”. Марыя Танану з Літвы, у цэлым не пагадзіўшыся з прачытаннем “Крэйцаравай санаты” галоўным рэжысёрам Магілёўскага драмтэатра Саўлюсам Варнасам, узгадала яго ж прачытанне талстоўскага аповеду ў Панявежысе як узор. Дыскусія разгарнулася вакол спектакля “Гэта ўсё яна”: Андрэй Масквін з Польшчы яго горача падтрымліваў, нашы крытыкі — параўноўвалі з больш удалымі, на іх думку, ранейшымі ўвасабленнямі гэтай п’есы.

Увогуле, кандыдат мастацтвазнаўства, рэдактар аддзела культуры маскоўскай газеты “Трыбуна” Любоў Лябедзіна неяк выказала шчырае здзіўленне тым, як добра развіта ў Беларусі тэатральная крытыка і, шырэй, аналітычная думка пра тэатральнае мастацтва. А між тым, “крытычную масу” фестывальнай палітры прадстаўлялі не толькі такія імёны, як Таццяна Арлова і Людміла Грамыка, але і новыя пакаленні айчынных тэатразнаўцаў — у прыватнасці, Алена Мальчэўская, якая творча ўзрасла на гэтым форуме, наведваючы яго са студэнцкіх гадоў, і зусім яшчэ маладая, вельмі “вострая” ў сваіх заўвагах Настасся Васілеўская. Гэта сведчыць пра наяўнасць і развіццё нацыянальнай школы мастацкай крытыкі, нягледзячы на не самыя спрыяльныя для гэтага ўмовы, калі анонсы і рэкламныя матэрыялы пераважваюць над рэцэнзіямі, а падыход да ацэнкі “выціскаецца” павярхоўным пераказам сюжэта. Каб на “М.@rt.кантакце” такога не было, да форуму прыцягваюцца маладыя “акулы пяра”. Праўда, летась яны аказаліся ніякавата бяззубымі (відаць, з-за адсутнасці магчымасці выпускаць друкаваны бюлецень). Затое была працягнута традыцыя майстар-класаў — і для маладых артыстаў, і для крытыкаў-пачаткоўцаў.

Ну а важнасць гэтага сегмента падкрэсліла прэзентацыя (не першая ў Беларусі) кнігі доктара філалогіі, дацэнта Варшаўскага ўніверсітэта Андрэя Масквіна “Беларускі тэатр 1920 — 1930-х: адабраная памяць”, складзенай на аснове апісанняў у друку тагачасных спектакляў. Дый на цяперашнім форуме былі калектывы, якія з’язджалі адразу пасля свайго выступлення і таму прасілі крытыкаў зрабіць абмеркаванне іх спектакляў “па гарачых слядах”.

Дадатковым доказам неабходнасці “слова пра мастацтва”, еднасці практыкі і тэорыі сталася згаданая “Прадметная размова”. І хаця дыскусіі на тэму, што такое сучаснае мастацтва, колькі там прафесіі, а колькі фанабэрыі, вядуцца другое стагоддзе, пытанне застаецца актуальным — найперш для той жа моладзі. А ў дачыненні да тэатра “мадулюе” ў цяперашняе супрацьстаўленне, з аднаго боку, знарочыстага “акцёрства”, сцэнічных эфектаў, сапраўднага чарадзейства, зачараванасці — і, з другога боку, вербальнага тэатра, які часам мяжуе з дакументальнасцю ці максімальна спрошчанымі чыткамі п’ес, падобнымі да “школьнага” чытання ўслых.

Акрэслены “канфлікт пакаленняў” звязаны, мяркую, са зломам эпох. Штосьці падобнае было ўласціва, да прыкладу, музыцы, калі адбываўся пераход ад складаных, наўмысна “зашыфраваных” поліфанічных структур барока да неверагодна дэмакратычнага ў параўнанні з гэтым класіцызму, дзе ёсць даволі простая мелодыя, складзеная з “уніфікаваных” элементаў-цаглінак, і такі ж просты, заснаваны на тыповых прыёмах акампанемент.

Пры цяперашніх эканамічных абставінах тэатр, зроблены “з анічога”, будзе набіраць распаўсюджанасць, а з ёй і папулярнасць. Будзе прыцягваць навізной (сапраўднай ці ўяўнай), эксперыментальнасцю альбо яе прывідам, новым вітком рэалістычнасці, даведзенай да гіперрэалізму. Але тым і цікавы сучасны тэатр, што ў ім суіснуюць розныя кірункі — і па-ранейшаму ўсё залежыць ад таленту ды асобы.

 

Тым часам

У Міжнародны дзень тэатра ў Мінску ўручалі ўзнагароды Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Пра адну з галоўных — "Хрустальную Паўлінку” — мы пісалі: яе атрымала народная артыстка СССР Тамара Ніжнікава. Сёлета ж уручана і другая “…Паўлінка” — заслужанаму артысту краіны Барысу Барысёнку. “Хрустальную кветку” за яркі дэбют прысудзілі Паўлу Еўтушэнкаву з Горкаўскага тэатра і Вользе Жалезскай з Музычнага. За вялікі ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва адзначылі яшчэ аднаго горкаўца Валерыя Шушкевіча. А “Хрустальны анёл”, якога ўручаюць артыстам тэатраў лялек, атрымаў Алег Рыхтар з Беларускага тэатра “Лялька”.

Мінск — Магілёў — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"