Магічная сіла ініцыятывы

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

У красавіку Беларускі фонд культуры адзначыць сваё 30-годдзе. Лёгкая арыфметычная аперацыя дазваляе зразумець — гэтая грамадская арганізацыя паўстала ў зусім іншую гістарычную эпоху, ад якой да цяперашняга часу ўжо мала што засталося. Тым не менш, сёння БФК не толькі “падае прыкметы жыцця”, але і нярэдка выступае трэндсэтэрам культурных ініцыятыў — згадайма хаця б нядаўнюю прапанову надаць Нацыянальнай бібліятэцы імя Скарыны, якая ўскалыхнула медыяпрастору ды выклікала адабрэнне ўладных структураў. Прэс-канферэнцыя, якая прайшла напярэдадні юбілею ў прэс-цэнтры БелТА, дазваляла зразумець, якія функцыі ў наш час можа выконваць грамадскае аб’яднанне.

Без сумневу, любыя маштабныя пачыны патрабуюць адпаведных фінансаў. Беларускі фонд культуры такімі бюджэтамі не валодае: адкуль іх узяць супольнасці энтузіястаў? Але, як выяўляецца, каб дасягнуць плёну, бывае дастаткова ініцыятывы і каардынацыі дзейнасці зацікаўленых суб’ектаў. І такіх прыкладаў у гісторыі БФК нямала. Можна прыгадаць і працу па вяртанні перамешчаных па-за межы Беларусі культурных каштоўнасцяў, якая з часам набыла куды большыя, дзяржаўныя маштабы, і запачаткаванне фестывалю “Берагіня” ды конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, і каля сотні розных выданняў, якія выйшлі ў свет сумеснымі разам з іншымі арганізацыямі намаганнямі.

Тым не менш, ужо ў назве прэс-канферэнцыі гісторыя БФК была акрэслена не толькі як час пошукаў і знаходак, але таксама і расчараванняў. “Без іх не бывае перамог!” — па-філасофску адзначыў старшыня рады фонду Уладзімір Гілеп.

Развіваючы тэму, ягоны намеснік Анатоль Бутэвіч адным з найбольшых прагалаў у дзейнасці БФК назваў адсутнасць усебеларускага аб’яднання краязнаўцаў. Што ні кажы, яго патрэба сапраўды відавочная: рупліўцы, якія вывучаюць мінуўшчыну свайго краю, ёсць ці не ў кожнай вялікай вёсцы, а вось саюзу, які б іх аб’ядноўваў, дасюль не створана. Хаця ён бы мог выконваць вельмі многія карысныя функцыі — і папулярызацыі, і метадычнага забеспячэння, і проста поля для наладжвання кантактаў.

— У свой час краязнаўчыя таварыствы працавалі пры кожным абласным аддзяленні Беларускага фонду культуры, — распавёў Анатоль Бутэвіч. — А вось рэспубліканскае… Спробы яго стварыць рабіліся, але выніку яны, на жаль, не прынеслі. Адпаведна, гэта задача на будучыню…

Функцыю своеасаблівага “кансалідуючага звяна” ў той ці іншай меры выконвае “Краязнаўчая газета”, якую выдае БФК. Вядома, яе памеры не настолькі вялікія, каб знаёміць аўдыторыю з усімі набыткамі ў азначанай галіне (для гэтага куды лепш пасаваў бы тоўсты часопіс), аднак… Зважаючы на магчымасці грамадскай арганізацыі, гэты яе ўнёсак у культурнае жыццё ўсё адно вымагае высокай ацэнкі. Як і нядаўна распачаты праект БФК “Мой род — мая радзіма”, скіраваны на папулярызацыю тых краязнаўчых выданняў, што з’яўляюцца ў рэгіёнах.

З нагоды юбілею БФК мае запачаткаваць уручэнне ўласнай узнагароды — нагруднага знака “Рупліўцу-стваральніку”. На сёння гэты своеасаблівы “ордэн” знаходзіцца на ўзгадненні з геральдычнай камісіяй. Таксама ў планах — памятны знак “Беларусам свету”, адкрыццё якога мае адбыцца падчас трэцяга з’езду суайчыннікаў, які пройдзе гэтым летам.

Яшчэ адзін новы пачын — акцыя па зборы сродкаў на рэстаўрацыю інтэр’ераў знакамітага Будслаўскага касцёла. Аднаўлення патрабуе ўнікальны барочны алтар сярэдзіны XVII стагоддзя, фрэскі ў апсіднай частцы, а таксама і ікона, якая прыцягвае мноства пілігрымаў. Сродкі на гэтыя спецыфічныя работы спатрэбяцца велізарныя (агульная сума пакуль нават не агучваецца), але намеснік старшыні рады фонду Тадэвуш Стружэцкі выказаў упэўненасць, што сабраць іх атрымаецца. Пагатоў, пачатак ініцыятывы быў пакладзены. Размясціўшы ўсяго ў трох касцёлах скрыні для ахвяраванняў, за кароткі час удалося атрымаць шэсць тысяч беларускіх рублёў. А калі акцыя набудзе агульнаграмадскі характар, можна не сумнявацца, што гэтая сума шматкротна ўзрасце.

Урэшце, варта адзначыць яшчэ адну характэрную дэталь. За прамінулыя тры дзесяцігоддзі з’явілася мноства іншых грамадскіх арганізацый, якія працуюць на ніве культуры і захавання спадчыны, аб’ядноўваючы пераважна моладзь — часам даволі баявітую. Але, па словах Уладзіміра Гілепа, ні пра якую канкурэнцыю альбо рэўнасць паміж рознымі пакаленнямі “трэцяга сектару” казаць ні ў якім разе не выпадае: наадварот, розныя грамадскія арганізацыі часта ладзяць супольныя праекты. Ды і фонд ні ў якім разе не прэтэндуе на нейкую манаполію: чым больш будзе шырыцца ўдзел грамадзянаў у пошуку вырашэнняў важных праблем, тым больш будзе перамог і менш расчараванняў.