Інфармацыя — ад Беларускай грамады ў Рэспубліцы Малдова. Яна адзначыла свята “Шчадрэц”. У адным з рэстаранаў Кішынёва сабралася больш за 60 сяброў аб’яднання. Выступаў вакальны ансамбль суполкі “Зоранькі”. Удзельнікі свята вывучылі два беларускія танцы: “Свіння ў рэпу” ды “Ойра”.
Вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Барэль распавядае пра адзінаццацігадовага піяніста з мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Міхаіла Рэзчыкава: “Пад кіраўніцтвам Анжэлы Юшкевіч хлопчык вучыцца ігры на фартэпіяна толькі чацвёрты год, але ўжо дасягнуў сур’ёзных поспехаў”. Сапраўды, з 2014 па 2016 гады Міхаіл удзельнічаў у шасці (!) міжнародных, трох рэспубліканскіх і ў двух абласных музычных конкурсах і пастаянна займаў прызавыя месцы. У снежні юны піяніст атрымаў матэрыяльную дапамогу спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І сёлета Міхаіл паспеў стаць лаўрэатам І ступені ІІІ Міжнароднага фартэпіяннага конкурсу маладых віртуозаў імя Леапольда Гадоўскага, які праходзіў з 13 па 15 студзеня ў Варшаве.
Пісьменніца Ніна Рыбік святкуе юбілей. “З гэтай нагоды, — піша загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Тварагаль, — у Трокеніцкай сельскай бібліятэцы-клубе, Гервяцкай сельскай бібліятэцы-цэнтры нацыянальных культур, Астравецкай дзіцячай, Камялішкаўскай, Рымдзюнскай, Рытаньскай, Варонскай сельскіх бібліятэках прайшлі святочныя імпрэзы”.
Падборка навін ад вядучага метадыста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэя Струнчанкі: “22 студзеня ў Яськаўшчынскім доме фальклору Лёзненскага раёна прайшоў справаздачны канцэрт. Работнікі культуры і фальклорны калектыў “Яськаўшчынскія фанабэры” ладзілі абрад “Улазіны”, а таксама арганізавалі выставу “Сукенкі ад бабулі”. 25 студзеня ў Віцебскім метадычным цэнтры адбылася праграма, прысвечаная Дню студэнтаў. Для замежных навучэнцаў з Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны выступілі салістка Дар’я Рагожкіна (Воранаўскі СДК) і вакальная студыя “Спакуса” з Капцянскага сельскага дома культуры. 28 студзеня ў Глыбокім адбыўся КВЗ у рамках праекта для творчай моладзі. Праект складаецца з дзесяці этапаў і быў распачаты яшчэ ў 2015 годзе. Фінал запланаваны на май. 29 студзеня ў Віцебскім раёне творчыя калектывы Капцянскага сельскага дома культуры распачнуць сезон справаздачных канцэртаў калектываў устаноў культуры клубнага тыпу. Праграма называецца “Мы — разам, мы — адна сям’я”. 4 лютага сваю праграму прадэманструе Мазалаўскі СДК”.
Настаўніца Уселюбскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Навагрудскага раёна Людміла Шапуцька распавядае пра “сустрэчу з Таісай Супрановіч — членам саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі, нашай зямлячкай”.
І вельмі лагічным для закальцаванага завяршэння сённяшняга агляду пісьмаў сталася тое, што загадчыца Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Ерашук паведаміла нашай рэдакцыі: “І пірацкая вечарынка, і “Мультфеерверк”, якія прайшлі днямі ва ўстанове — часткі доўгатэрміновага праекта па ўцягненні юных чытачоў у актыўнае грамадскае жыццё. Заўтра, 29 студзеня, бібліятэка разам з сябрамі зноў святкуе дзень нараджэння адной з маленькіх чытачак. На гэты раз установа пераўтворыцца не ў пірацкі карабель, а ў вясёлы цырк. Такім чынам бібліятэкары Святлана Лазарэнка і Вольга Буцько, якія нядаўна былі піратамі, стануць на час клоўнамі”. У лютым, па словах кіраўніка ўстановы, чытачы разам са старэйшымі таварышамі зладзяць маштабнае экалагічнае свята.