Мільярды, кадры і эстрадны мікс

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

На рэдакцыйнай планёрцы было вырашана, што падвядзенне вынікаў 2016 года варта пачынаць ужо з гэтага нумара. Што мы і зрабілі. Так што ў сённяшняй “К” свае меркаванні наконт набыткаў мінулага Года культуры прадставяць начальнікі і намеснікі начальнікаў галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, а ў наступных — кіраўнікі шэрагу раённых аддзелаў.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса АЛЕНСКАЯ:

— Мінулы Год культуры прайшоў для нас пад знакам розных маштабных мерапрыемстваў і юбілейных урачыстасцей. Так, мы сёлета адсвяткавалі 25-годдзе Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і 25-годдзе Музея Марка Шагала ў абласным цэнтры, 30-годдзе Беларускага тэатра “Лялька”, 50-годдзе Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова, 45-годдзе Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў ды некаторыя круглыя юбілейныя даты. Цягам першага паўгоддзя ў нас ладзіўся абласны агляд-конкурс творчых калектываў, удзел у якім прынялі каля 5 тысяч чалавек, а выніковы канцэрт на сцэне Летняга амфітэатра ў канцы мая сабраў каля паўтары тысячы артыстаў.

Згадаю таксама і маштабны абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”, які прайшоў сёлета ў Сянно. Да гэтага свята былі прыведзены да ладу мясцовыя Дом культуры, бібліятэка, музей, ДШМ. Таксама 9 мая пасля маштабнай рэканструкцыі быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс “Прарыў” на Ушаччыне і цалкам у новым фармаце 2 ліпеня адбылася 57-я сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны на Кургане Дружбы.

Цягам года на рамонтна-будаўнічыя работы на аб’ектах культуры вобласці было асвоена каля 50 мільярдаў “старых” рублёў. Мы адкрылі культурна-аздараўленчы цэнтр у Лёзна, дом культуры ў аграгарадку Асінторф Дубровенскага раёна, завяршылі асноўныя рамонтныя мерапрыемствы ў будынку музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Акрамя таго, у верасні ў абласным цэнтры адкрыўся музей гісторыі прыватнага калекцыянавання, на рамонт якога цягам некалькіх гадоў было выдаткавана каля 4,5 мільярда недэнамінаваных рублёў, а на стварэнне новай экспазіцыі — яшчэ 700 мільёнаў “старых” рублёў. Таксама ў нас працягваецца аптымізацыя, дзякуючы якой эканомія бюджэтных сродкаў склала прыкладна 500 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, а паступленні ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры склалі прыкладна 17 % ад бюджэтнага фінансавання сферы.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама — начальнік упраўлення культуры Ірына ПЫРКОВА:

— Са знакавых мерапрыемстваў адразу ж згадаю Дзень беларускага пісьменства, што прайшоў у верасні ў Рагачове, а таксама творчы марафон “Адраджэнне”, прысвечаны 30-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (фінальны канцэрт яго адбыўся ў Ельску 26 красавіка з удзелам Прэзідэнта Беларусі). Акрамя гэтага, цягам года ў вобласці “прагучалі” маштабныя рэспубліканскія акцыі: фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў гарпасёлку Акцябрскі, фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, VIII Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” і некаторыя іншыя.

Таксама не магу не адзначыць і тое, што ў Рагачове сёлета быў адкрыты абноўлены раённы музей, а таксама Дом кнігі з новай кніжнай крамай. Дарэчы, у Доме кнігі на сёння ўжо адбываюцца абласныя і рэспубліканскія мерапрыемствы і семінары. А яшчэ мы набылі новы канцэртны раяль “Yamaha”, сродкі на які выдаткаваў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага, так што цяпер міжнародны дзіцячы конкурс “Музыка надзеі” напоўніцца зусім новым гучаннем…

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана БАРАНОК:

— Згадаць пра найбольш адметную акцыю мне даволі лёгка: гэта, натуральна, усе мерапрыемствы, праведзеныя ў Год культуры ў культурнай сталіцы Беларусі — Маладзечна. На працягу 2016-га тут адбыліся некалькі соцень культурных праектаў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнародныя пленэры, фестывалі, тэлездымкі і форумы, а таксама гастрольна-канцэртныя праекты. Кожны з іх меў свой стыль і тэматыку.

З іншых знакавых падзей года адзначу XXVI Адкрыты абласны фестываль духавой музыкі “Майскі вальс”, на які з’ехаліся прадстаўнікі з усёй Міншчыны, а таксама з Латвіі, Расіі і Украіны, фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”, які традыцыйна прымала Мар’іна Горка і дзе ўдзельнічала каля 700 выканаўцаў, абласны фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Таксама згадаю, што сёлета адрамантавалі дзіцячую школу мастацтваў у Лагойску. Акрамя таго, пры дапамозе прафсаюзаў на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” ў Смалявіцкім раёне напярэдадні Дня Перамогі, 7 мая, адкрылася сонечная фотаэлектрычная станцыя, дзякуючы якой мемарыяльны комплекс цяпер асвятляецца круглыя суткі.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Сяргей ПАНАСЮК:

— У Год культуры ў нас значна ўзрасла колькасць культурных мерапрыемстваў у многіх раёнах вобласці. Традыцыйнымі і маштабнымі сталіся акцыі, прымеркаваныя да 9 мая, 22 чэрвеня, іншых знакавых дат і падзей у гісторыі Беларусі і Брэстчыны. Цікавым мне падаецца новы фармат, які атрымаў абласны конкурс-фестываль сучаснага мастацтва “Эстрадны мікс” у Пружанах (у ім мы аб’ядналі адразу тры абласныя фестывалі-конкурсы). Таксама адзначу абласное свята-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”, якое прайшло ў верасні бягучага года ў Драгічыне, і, натуральна, нашы абласныя брэнды — міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” і тэатральны фестываль “Белая вежа”...

Таксама вельмі рад, што сёлета нам удалося завяршыць будаўніцтва новага Палаца культуры ў горадзе Бяроза і ў лістападзе адчыніць дзверы ў гэтую ўстанову культуры для жыхароў і гасцей раённага цэнтра. Будоўля расцягнулася на чатыры гады і абышлася абласному бюджэту ў больш як 7 мільёнаў дэнамінаваных рублёў. Акрамя таго, у 2016-м працягваліся рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў палацы Пуслоўскіх, што ў Косаве. Агульная сума фінансавання з бюджэту Брэстчыны і са сродкаў Міністэрства культуры краіны склала каля 4 мільярдаў “старых” рублёў. У наступным годзе з абласнога бюджэту запланавана выдаткаваць на працяг гэтых работ прыкладна 2 мільярды “старых” рублёў. Спадзяемся ў гэтым плане і на далейшую фінансавую падтрымку гэтага аб’екта з боку Міністэрства культуры Беларусі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ:

— З найбольш знакавых мерапрыемстваў, якія адбываліся на Магілёўшчыне цягам Года культуры, адзначу, зразумела, ІІІ Нацыянальны музейны форум “Музеі Беларусі”, што прайшоў у абласным цэнтры. Таксама хацеў бы сказаць пра наш унікальны праект па выданні кнігі “Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадрукавання”, які з’явіўся дзякуючы намаганням многіх людзей.

У гэтым годзе мы завяршылі рэканструкцыю Быхаўскага краязнаўчага музея і гэта вельмі значная падзея як для вобласці, так і для раёна, які пацярпеў ад радыяцыйнага забруджвання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таксама мы нядаўна адкрылі новую кіназалу ў Чавусах, дзе любы ахвотны можа паглядзець цяпер фільмы ў фармаце 3D. Таксама не магу не згадаць пра той унікальны аб’ект, які паўстаў на Замкавай гары ў Мсціславе: сёння гэтае гістарычнае месца ўпрыгожваюць драўляныя пабудовы ў стылі XII стагоддзя, а таксама тут можна паглядзець на закансерваваны старажытны горад. Акрамя таго, у Мсціславе ў будынку былога кінатэатра сёлета быў адкрыты новы Палац шлюбу і ўрачыстасцей. Але тое не значыць, што жыхары горада засталіся без кіно: у мясцовым раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці цяпер таксама функцыянуе кіназала, дзе можна пабачыць фільмы ў папулярным фармаце 3D.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ:

— Цягам года ў нас адбылося даволі шмат знакавых культурных акцый, з якіх у першую чаргу адзначу Фестываль нацыянальных культур у Гродне, Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі Дабравест”, Міжнароднае свята арганнай музыкі “Арганы Еўропы гучаць у Гродне”, Міжнародны фестываль класічнай музыкі “TyzenHouse-2016” і іншыя.

Таксама паляпшаем і матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры вобласці. Напрыклад, сярод іншага, зроблена першая чарга рэканструкцыі Гродзенскай абласной філармоніі: дзякуючы гэтаму ўведзены ў дзеянне адміністрацыйны будынак установы. Рэканструкцыя філармоніі, натуральна, будзе працягвацца і далей, як і рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на Старым замку ў Гродне: на гэтым аб’екце запланавана асвоіць 10 мільярдаў “старых” рублёў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"