Сваё гледзішча ў зменлівым краявідзе

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Абедзве пляцоўкі Нацыянальнага цэнтра сучаснага маствацтва зараз задзейнічаны пад экспазіцыі, якія даюць пэўнае ўяўленне пра сучасны стан і тэндэнцыі заходняй культуры. На вуліцы Някрасава аўстрыйская выстава “Changing Views” (што можна перакласці і як “Зменлівыя краявіды”, і як “Пункт гледжання”, а ў рускамоўнай версіі — “Угол зрения”), на праспекце Незалежнасці — “Art Capital: з Францыі ў Беларусь”.

/i/content/pi/cult/617/13733/9-1.jpgПершая выстава — гэта мерапрыемства ў рамках Аўстрыйскіх культурных сезонаў у Беларусі. Яе дэклараваная мэта — пазнаёміць нашага гледача з найбольш важнымі фрагментамі панарамы маладога мастацтва Аўстрыі. Экспазіцыя складаецца з твораў сямі мастакоў, сярод якіх наша зямлячка Аліна Куніцына. Яна нарадзілася ў Мінску, тут жа атрымала і першасную мастацкую адукацыю, а сцвердзілася як творца ў культурнай прасторы замежжа, якое ў нас прынята называць далёкім. Падобных фактаў нямала, і гэта можа сведчыць пра тое, што наша моладзь някепска адаптаваная да заходніх рэалій, а культурныя працэсы ў нашай краіне — чыннік агульнаеўрапейскага мэйнстрыму. Мастачка аддае перавагу простым геаметрычным формам, якія трактуе як базавыя модулі светабудовы.

Для мяне Аўстрыя ўвасоблена ў імперскай раскошы венскага барока, хваравітай пачуццёвасці сецэсіі, у музыцы Моцарта і жывапісе Клімта. Можа, для кагосьці гэта стэрэатыпы, але, заўважу, стэрэатыпы цудоўныя. Тое, што я пабачыў на выставе, ніяк, акрамя геаграфічнай прывязкі, з названым шэрагам не стасуецца, але дадае нейкія рысы да вобразу краіны. Пры гэтым аўстрыйская выстава ў канцэптуальным сэнсе ўспрымаецца як нешта знаёмае, як штосьці нібыта бачанае раней. Відаць таму, што зместам і формай яна не надта адрозніваецца ад шэрагу экспазіцый беларускіх мастакоў, якія ўжо ладзіліся ў гэтых сценах. У нашым мастацтве пры жаданні можна знайсці аналаг архітэктурным утопіям Альда Джаноці, “відэаскульптурам” Бернда Опла, фантомнаму фотажывапісу Біргіт Грашопф, віртуальнай алхіміі тандэма Маркус Ханакам — Расвіта Шулер, бязлюдным з даважкам містыкі краявідам Філіпа Швайгера.

На маю думку, сучаснае аўстрыйскае мастацтва, прадстаўленае ў залах на вуліцы Някрасава, суадносіцца з класікай як журналістыка з літаратурай. Газетны, часопісны артыкул, у адрозненне ад літаратурнага твора, па вызначэнні і сутнасці не прэтэндуе на доўгае жыццё. Вось і гэтыя малюнкі, відэа, пластыка могуць служыць ментальным адбіткам нейкага імгнення і разам з гэтым імгненнем сысці ў нябыт.

Для кагосьці галоўнае вынік, а для кагосьці — працэс. Адны лічаць, што гледачу не трэба бачыць эскізы, зацемкі, занатоўкі — каштоўнасць уяўляе толькі выніковая рэч. А другі запускае публіку ў лабараторыю ці майстэрню, мяркуючы, што працэс пошуку цікавейшы за знаходку, якой, зрэшты, можа ўвогуле і не быць… У экспазіцыі выставы шмат такога, што нашы мастакі звыкла пакідаюць “за кадрам”. У гэтым ёсць прывабная для гледача інтрыга.

Другая выстава — беларуска-французская. Гэта водгулле міжнародных парыжскіх салонаў “Art-Capital”, якое дакацілася да нашага краю. У зале на праспекце Незалежнасці экспануюцца творы французаў, сталых удзельнікаў згаданых салонаў, і беларусаў, якія менавіта на гэтай сцэне, лічы, дэбютанты. “Art-Capital” гэта не Венецыянскае біенале, якое з’яўляецца сусветным конкурсам перспектыўных ідэй і заўтрашняй моды. “Art-capital”  — вітрына тавараў, што можна паспяхова прадаць ужо сёння. Гаворка ідзе пра выяўленчае мастацтва, якое аздабляе побыт і спрыяе псіхалагічнаму камфорту. Менавіта гэтым крытэрыям адпавядаюць работы французскай часткі экспазіцыі.

Мастацкія напрамкі, якія калісьці ўражвалі, захаплялі і адначасова палохалі сваёй навізною і ідэалагічнай незаангажаванасцю, сёння цалкам адаптаваныя ў нацыянальны і сусветны культурныя кантэксты. Паводле гістарычнай завядзёнкі ўчарашні авангард ператварыўся, як яно і мае быць, у рэспектабельную класіку, у атрыбут прыгожага жыцця. Гледзячы на работы такіх аўтараў як Ан Пурні, Жэрар Бажар, Элен Легран, Катарын Жаэг, Гаяр Пэрэ, Ніколь Клеман, Катарын Гаяр Перэз, Цьеры Картон, згадваеш іх вялікіх папярэднікаў ад Клода Манэ і Вінсэнта Ван Гога да Хаіма Суціна, Кееса ван Донгена і Морыса дэ Вламінка. Што ж датычыць славутай французскай пачуццёвасці, дык яна прадстаўлена вельмі сціпла і неяк цьмяна работамі Марціна Дэлалёф і Жыля Пацье.

Прафесіяналы культурнай галіны і абазнаная ў мастацтве грамада здолеюць ацаніць высокі прафесіяналізм французскіх майстроў, іх уменне шанаваць сваё і прыстасоўваць традыцыю да сённяшняй рэчаіснасці. Але не трэба нават спрабаваць скласці на падставе ўражанняў ад гэтых работ аб’ектыўнае меркаванне пра ўсё сучаснае выяўленчае мастацтва Францыі ці, прынамсі, хаця б пра стрыжнявы кірунак культурнага працэсу ў гэтай краіне. Ды і мэты, як гавораць, “сказать за всю Одессу”, ахапіць неабсяжнае ў межах невялікай экспазіцыі, арганізатары выставы не мелі на ўвазе. Зрэшты, салон ён і ў Афрыцы салон. Задачы мае акрэслена прагматычныя, у сферы высокай духоўнасці не сягае. Аднак, нават па гэтым, далёка не самым важным, сегменце французскай культурнай панарамы відаць, што і ў краіны, багатай на культурную спадчыну, з моцным цывілізацыйным патэнцыялам, ёсць праблемы, аналагічныя астатняму свету. Калі не ведаеш, куды ісці наперад, мусіш азірацца назад, шукаць апірышчы ў рэаліях мінуўшчыны. У дадзеным выпадку — у культурных здабытках мяжы мінулага і пазамінулага стагоддзяў і першых дзесяцігоддзяў стагоддзя дваццатага. Бо гэта быў, што ні кажы, час надзеі і сацыяльнага аптымізму (чым усё гэта скончылася, іншая справа…) Так дарослы чалавек часам з замілаваннем згадвае дзяцінства і юнацтва.

Параўноўваючы французскі і беларускі сегменты экспазіцыі, магу зрабіць высновы, што нашы творцы, можа, і ідуць туды, адкуль французы ўжо вяртаюцца, але іх успрыманне свету мае выразную эмацыйнасць, якой уладкаванай і камфортнай Еўропе бадай што не стае. Як кажуць у такіх выпадках, усё ёсць, а жыць сумна. Калісьці мастак, выкладчык нашай акадэміі, які ездзіў са студэнтамі ў Германію па лініі культурнага абмену, распавядаў мне наступнае. Ён пацікавіўся ў куратара праекта з нямецкага боку, якая тым немцам карысць ад кантактаў з нашай творчай моладдзю? Яна ж яшчэ няспелая… А яму адказваюць: “Бачыш, як акуратна газон пастрыжаны? Вось у нашых людзей і мазгі пастрыжыны дакладна так. А вы — іншыя…” Можа, гэта тэза і тлумачыць нядаўні поспех на згаданым вышэй парыжскім салоне беларускіх мастакоў Валянціны Шоба і Сяргея Парцянкова. Іх работы ёсць у гэтай экспазіцыі. Для нас яны даволі звычайныя, бо народжаны нашай рэчаіснасцю і стасуюцца з нашай традыцыяй, а ў Парыжы ўразілі грамаду не толькі экзатычнасцю, але найперш — закладзенай у іх энергетыкай. Мяркую, што і “вясковы” нацюрморт Ларысы Журавовіч таксама не пакінуў тамашнюю публіку абыякавай. Бо ў мастацтве галоўнае не што маляваць, а як. Твор — гэта калі шчырасць у спалучэнні з майстэрствам. У спадарыні Ларысы ёсць і то, і другое. Ды і творы Аляксандра Фалея, Паўла Семчанкі, Ганны Белавусавай, Алены Макарэвіч прадстаўлялі Беларусь у Парыжы годна.

Асабіста для мяне гэтыя дзве выставы засведчылі, што Беларусь можа заставацца культурна самадастатковай у якім заўгодна кантэксце. Хоць еўрапейскім, хоць еўразійскім. І пры гэтым быць краінай, адкрытай для станоўчых уплываў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"