З паўночнымі рысамі

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі ІІІ Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў, які сабраў 120 удзельнікаў з 16-ці краін, плаўна “перайшоў” у VII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Але сёлета склалася ўражанне, што форум пачаўся даўно! Толькі ён не “спрасаваны” ў звыклы штодзённы графік, а “размеркаваны”, расцягнуты на некалькі тыдняў. Такое адчуванне ўзнікла не толькі з-за ўдзелу сусветна вядомых салістаў Калудзі Калудава і Ганны Дзітры (Балгарыя) у оперы “Паяцы” 8 снежня: усё ж падобныя запрашэнні практыкуюцца ў тэатры здаўна. Яшчэ больш спрыяў фестывальнай атмасферы нядаўні прыезд Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Саха (Якутыя) — не толькі з гала-канцэртам, але і са спектаклем “Князь Ігар”. Што ж да конкурсу, дык масток да яго перакінулі яго ранейшыя пераможцы — Надзея Паўлава (Расія) і Міхаіл Малафій (Украіна), запрошаныя саліраваць у нядаўняй “Травіяце”. Што ні кажыце, а “ўверцюра” да конкурсу і форуму атрымалася моцная!

/i/content/pi/cult/617/13731/8-1.jpg

Сцэна са спектакля “Князь Ігар”. / Фота прадастаўлена Вялікім тэатрам Беларусі

“Травіята”, дарэчы, ішла апошні раз у цяперашняй пастаноўцы Сусаны Цырук: праз некаторы час опера вернецца ў афішу, але ў іншай сцэнічнай версіі — гэта будзе новы спектакль. Якім жа аказаўся цяперашні, што пратрымаўся амаль 20 гадоў? У сцэнаграфіі Людмілы Ганчаровай, дзе ўсе звярталі ўвагу найперш на вялізную “пудраніцу”-труну, раптам сталі бачныя многія дэталі, быццам “пазычаныя” ў нашага спектакля і развітыя ў некаторых замежных пастаноўках куды пазнейшага часу. Выконваючы партыю Віялеты, Надзея Паўлава драматургічна выверана правяла праз увесь спектакль зададзеную ў ім тэму смерці, хуткаплыннасці жыцця, у якім трэба так многа паспець і не прапусціць штосьці важнае, галоўнае. У многіх сцэнах менавіта салістка задавала тэмп і характар руху — і аркестр чуйна падхопліваў яе памкненні, каб замест “агульнага валу” знаёмых мелодый мы напоўніцу адчулі фарбы і адценні цудоўнай музыкі, якая перадае зменлівы псіхалагічны стан герояў. Нідзе не фарсіруючы голас, спявачка дасягала кранальна ціхіх гучанняў, чутных ва ўсіх куточках вялізнай залы. А тое, які выдатны ансамбль склаўся ў яе з Міхаілам Малафіем (Альфрэд) і нашым Уладзімірам Пятровым (Жорж Жэрмон), магло б стаць тэмай асобнага даследавання. Гэта быў прыклад спектакля сусветнага ўзроўню — і гэтым усё сказана.

Вельмі нязвыклым, пераасэнсаваным на ўзроўні драматургіі, аркестроўкі дый самога зместу аказаўся якуцкі “Князь Ігар”. Можна ганарыцца, што ажыццяўляючы сусветнае турнэ з нагоды свайго 25-годдзя, гэты тэатр не абмінуў нашу сталіцу, і гэта быў яго першы візіт да нас. А вось беларуская музыка ў Якуцк не толькі ездзіла, але і гасціла там досыць працягла. На жаль, гэта інфармацыя не прагучала са сцэны, а між тым, яшчэ ў 1980-я, задоўга да ператварэння тамтэйшага музычнага тэатра ў цяперашні оперны, там была пастаўлена опера “Матухна Кураж” беларускага класіка Сяргея Картэса — амаль адначасова з пастаноўкамі ў Каўнасе (Літва) і Кішынёве (Малдова). Апошні спектакль прывозілі да нас на гастролі, значна пазней у опернай студыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўвасаблялі асобныя сцэны з твора. Але, па словах кампазітара, якуцкая версія аказалася адной з самых удалых. Ён вельмі шкадаваў, што спужаўся тады 50-градуснага марозу і не наведаў прэм’еру. Цікава, якія “паўночныя рысы” былі ўнесены тэатрам у тую пастаноўку? Бо ў цяперашняе прачытанне оперы Аляксандра Барадзіна былі дададзены не толькі тэатральныя шумы, але і жывое гучанне варгана, на якім грала хамусістка-віртуоз Юльяна, увасабляючы дзяўчыну-ўдаганку — ці то варажбітку-прадказальніцу, ці то назіральніцу аднекуль з іншых часавых вымярэнняў, часам нябачную для астатніх персанажаў.

За аснову была ўзята эксклюзіўная рэдакцыя доктара мастацтвазнаўства Яўгена Левашова. Рэжысёр Андрэй Барысаў уклаў у пастаноўку ідэі ўзаемаадносін Захаду і Усходу, Еўропы і Азіі. Знакаміты Плач Яраслаўны выконваюць адразу пяцёра салістак. Вобраз княгіні не проста пашыраецца-“памнажаецца” — ад яго працягваюцца ніці да кантаты “Аляксандр Неўскі” Сяргея Пракоф’ева, да многіх іншых твораў, прысвечаных ваеннай тэматыцы: перад намі паўстае плач па ўсіх загінулых ва ўсіх войнах. Ці ж гэта не актуальна на сёння?

Устаўным нумарам, быццам з нейкай іншай пастаноўкі, успрымаліся “Палавецкія скокі” ў харэаграфіі Рэжыса Абадыа (Францыя), хаця абраны кірунак contemporary dance, па задуме рэжысёра, таксама павінен быў сцвярджаць тую ж тэму ўзаемадзеяння культур. Працягам інтэрнацыянальнай тэмы можна было лічыць і тое, што дырыжорам спектакля ў некалькіх гастрольных паказах, у тым ліку ў мінскім, выступіў наш Андрэй Галанаў. Але далейшы гала-канцэрт “У ззянні паўночных музаў”, у якім за пультам якуцкага аркестра змяняліся два дырыжоры з ліку гасцей, пераканаў, што наша дырыжорская школа мацнейшая. Дый у самім канцэрце не хапала ўласна якуцкай музыкі, фрагментаў з іх нацыянальных твораў.

Затое можна было павучыцца таму, якой неверагоднай інфармацыйнай падтрымкай суправаджаліся тыя гастролі: разам з артыстамі прыехалі прадстаўнікі тамтэйшых СМІ, уключаючы тэлебачанне. І гэта таксама дазволіла адчуць калі не ўласна фестывальную, дык не менш святочную перадфестывальную атмасферу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"