Пра машыну часу, “Tutti” і Дольфа Лундгрэна

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Бібліятэкар Тамара Максімук прыдумала машыну часу. Пра гэта рэдакцыі паведаміла намеснік дырэктара Маларыцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Кузьміцкая. Максімук, якая працуе ў Макранскай сельскай бібліятэцы, папрасіла чытачоў-пенсіянераў прынесці свае старыя фотаздымкі. Атрымалася настальгічная выстава пад назвай “Якімі маладымі мы былі”. Яна пераносіць нас у тыя шчаслівыя часіны, калі жыццё падавалася бясконцым. Выстава цікавая і для дарослых, і для дзяцей. Вось так літаральна з нічога і нараджаюцца яркія праекты, якія грэюць душу.

/i/content/pi/cult/617/13729/14-1.jpgУзорны эстрадна-інструментальны ансамбль “Tutti” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прывёз з IX Міжнароднага фестывалю-конкурсу выканальніцкага майстэрства “Санкт-Пецярбургскія Асамблеі мастацтваў” два Гран-пры, пяць першых, адно другое і два трэціх месцы ў розных намінацыях праекта. Адзін Гран-пры атрымаў сам калектыў (“духавыя інструменты”), другі заваяваў трубач Віктар Сідаркевіч (“сольнае эстрадна-джазавае выкананне”). Кіраўнік “Tutti” і настаўнік класа духавых інструментаў Вадзім Антоненка кажа: “Кожная перамога нашых вучняў дае новы стымул для творчасці, для годнай прэзентацыі нацыянальнага беларускага мастацтва за мяжой”. Яшчэ адзін доказ таго, што рэгулярнае самавыяўленне на вялікай сцэне гартуе конкурсны дух выхаванца ДШМ.

Да новага года актыўна рыхтуецца цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Наваполацка. Але і перадсвяточныя дні прапануюць шмат цікавага і пазнавальнага. Учора, 17 снежня, цэнтральная бібліятэка імя Уладзіміра Маякоўскага запрасіла ахвотных на “Навагоднюю феерыю”. Прайшлі майстар-класы па ўпрыгожванні страў, па стварэнні прычоскі і макіяжу; парады давалі і касметолагі. На першым паверсе ўстановы можна было прыдбаць навагоднія падарункі: кнігі, паштоўкі, сувеніры… Непадалёк працавала мульткавярня з “уключальнікам навагодняга настрою”. Другі паверх (хол) прапанаваў літаратурныя прадказанні і зону для фотаздымкаў.

На абанеменце ладзіліся квэст-гульні паводле твораў нямецкага казачніка Отфрыда Пройслера, а ў чытальнай зале — забаўляльныя конкурсы на “Нясумным хутарку Салохі”. Тут, ля навагодняй ёлкі, і прайшло свята.

Яшчэ адзін творчы праект. Навуковы супрацоўнік Музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Таццяна Кляшчонак піша: “За тыдзень да свята Божага Нараджэння мы запланавалі прэзентацыю вялікай выставы “Ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх”. Рыхтавалі яе з мая. Упершыню ў Беларусі сабраны і прааналізаваны звесткі пра архітэктурную спадчыну аднаго з самых уплывовых родаў Вялікага Княства Літоўскага. Падчас адкрыцця нашага музея мы ведалі пра 8 палацавых пабудоў Агінскіх: у Залессі, Маладзечне, Слоніме, Смілавічах, Небарове і Гузаве, у літоўскіх гарадах Рэтаў і Плунге. Праца з інфармацыйнымі крыніцамі дала плён: мы ведаем ужо 25 ацалелых і неацалелых палацаў розных пакаленняў згаданага роду ў Літве, Польшчы, Беларусі. Ацалеў палац, пабудаваны віленскім ваяводам Казімірам Дамінікам Агінскім у Бешанковічах. Тут цяпер месцяцца дзіцячая школа мастацтваў і раённая бібліятэка”.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наведаў з экскурсіяй Дольф Лундгрэн — рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар, акцёр, майстар баявых мастацтваў. Ён зняўся ў такіх славутых стужках, як “Рокі”, “Універсальны салдат”… Неаспрэчна, што экспазіцыя ўстановы не магла яго не ўразіць. Пра гэта піша памочнік яе дырэктара Мікалай Шаўчэнка. Як і пра тое, што ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны завітала дэлегацыя Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры. Адбыўся абмен досведам работы па патрыятычным выхаванні падлеткаў і моладзі. Расійскія госці — студэнты факультэта, які займаецца пытаннямі музейна-выставачнай справы — распавялі пра тое, як яны цягам навучання ўзаемадзейнічаюць з установамі культуры. Досвед, як падаецца, неацэнны, бо, скажам, у нашым Універсітэце культуры і мастацтваў пакуль не стала завядзёнкай праходжанне практыкі з першага курса ў той установе, дзе выпускніку можа быць адведзена першае працоўнае месца.

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе выстава работ вядомага мастака Уладзіміра Шаркова. Яна называецца “Архітэктурная спадчына Беларусі” і прэзентуе 53 работы з серыі, пачатай у 2012 годзе. Навуковы супрацоўнік установы Таццяна Антанюк распавядае, што ”карціны выкананы гуашшу на паперы, што надае ім асаблівую графічнасць. Амаль усе работы выкарыстоўваюцца мастаком для стварэння паштовак, якія ўвайшлі ў калекцыйныя серыі з выявамі знакавых мясцін Беларусі”.

Яшчэ дзве інфармацыі пра культурны рух у Вялікай Бераставіцы. Аўтар — рэгулярны ўдзельнік клубных мерапрыемстваў Святлана Ганчарова. Першая навіна — пра народны тэатр “Магія гульні”, другая — аб праекце “Тэрыторыя творчасці”. Рэжысёр тэатра Марына Хаменя ўвасобіла на сцэне твор Аляксандра Волкава “Чараўнік Смарагдавага горада” і выканала ролю вядзьмаркі Басцінды. У пастаноўцы быў задзейнічаны і драматычны гурток “Пятрушка” сектара па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва пад кіраўніцтвам Алены Бурай. А “Тэрыторыя творчасці” (другая навіна) — гэта раённы агляд-конкурс справаздачных канцэртаў клубных устаноў. Рэалізуецца ён з дапамогай Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Метадысты аддзела арганізацыйна-метадычнай работы на чале з дырэктарам РЦКіНТ Аленай Місюля загадзя наведалі сельскія клубы і прааналізавалі магчымасці гурткоў аматарскай творчасці. У выніку на раённай справаздачы былі прэзентаваны самыя розныя жанры: ад эстрады, фальклору і харэаграфіі да тэатралізацыі, інструментальнай музыкі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па выніках конкурсу лепшыя праграмы паказалі філіялы па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадкоў Стары Дварэц і Алекшыцы.

Народнаму ансамблю песні і танца “Лідчанка” — 55 гадоў. Палац культуры горада Ліды адзначыў падзею канцэртнай праграмай. Зала з цяжкасцю змясціла ўсіх ахвотных. Значыць, калектыў у Лідзе сапраўды любяць.

Інфармацыя, як кажуць, ад першай асобы. Нам напісала дырэктар Грынскага СДК (Свіслацкі раён) Марыя Самалевіч. Яна паведаміла пра аматарскае аб’яднанне “Сяльчанка”, што працуе ў сектары культуры і вольнага часу (па-старому — СДК) толькі два гады. Уваходзяць у суполку кабеты залатога веку. Але калі ўзрост замінаў творчасці? “Сядзець убаку і назіраць, — піша аўтар, — гэта не для “сяльчанак”. Апошняя маштабная акцыя жанчын — конкурсная праграма “Каралева восені”. Кожная з кабет паказалася журы ў вобразе гародніны ці садавіны. Каралевай стала Марыя Казлоўская, якая выступіла ў ролі хрумсткай Капустачкі. Скончыўся дзень танцамі, бо ў Грынках кажуць: “Калі не натанцаваўся — свята не было!” А Марыі Казлоўскай, між іншым, споўнілася нядаўна 70 гадоў.

Настасся Голуб піша. Гаворка зноў пра конкурс. У гэтым раёне яго назвалі “Краса Дзятлаўшчыны — 2016”. Сёлета ён прайшоў у пяты раз. Пяць прадстаўніц прыгожага полу прадэманстравалі свой талент, інтэлектуальны патэнцыял, кулінарныя здольнасці.

І завяршае сённяшні агляд ліставання вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка. Ён піша пра тое, што на сцэне Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры прайшоў I адкрыты міжрэгіянальны фестываль ансамблевай музыкі “Вясёлка сугуччаў”. Удзел у ім прынялі 22 інструментальныя ансамблі вучняў ДШМ з 8 раёнаў вобласці, з Латвіі і Літвы… А ў Мазалаўскім (Віцебскі раён) СДК адбылася прэм’ера спектакля “Маленькі прынц” паводле твора Антуана дэ Сент-Экзюперы. Такім чынам новы сезон распачаў тэатральны гурток “Вобраз”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"