Свае акуляры патрыярха авангарду

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Аляксандр Салаўёў: нязведаны шлях да сябе
Вядомы жывапісец, графік, тэатральны мастак і проста чалавек-легенда Аляксандр Салаўёў у інтэрв’ю для “К” гаворыць пра шлях самапазнання, няспынныя чалавечыя трансфармацыі, імкненні да непазнанага і свяшчэнную песню быцця.

/i/content/pi/cult/617/13727/6-1.jpgДля беларускага мастацтва маэстра з’яўляецца асобай легендарнай, а ў горадзе над Заходняй Дзвіной, які даўно стаў мастаку родным, яго шануюць як прызнанага мэтра сучаснай Віцебскай мастацкай школы. У 2016-м 90-годдзе Аляксандра Аляксандравіча адзначалася выставамі ў Віцебскім мастацкім музеі і Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. У гэтым жа годзе выстава яго работ праходзіла і ў Нацыянальным мастацкім музеі. А напрыканцы лістапада ўшанаванні мастака былі ўвянчаныя падпісаннем Указа Прэзідэнта краіны аб узнагароджанні Аляксандра Салаўёва ордэнам Францыска Скарыны.

У цэлым, дэталі творчай біяграфіі і тэматыка жывапісных работ прызнанага майстра адпавядаюць ідэйнаму і культурнаму мэйнстрыму ў Беларусі. Дастаткова сказаць, што доўгія гады ён з’яўляўся галоўным мастаком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, а многія яго жывапісныя і графічныя творы дазваляюць праводзіць пэўныя ўстойлівыя паралелі з ваенным мінулым. Гэта не дзіўна: у гады Вялікай Айчыннай Аляксандр Салаўёў спачатку партызаніў, а потым ваяваў у рэгулярнай арміі. Аднак тэма вайны ў яго мастацтве ўсё ж мае пераважна надгістарычны і глабальны характар: вайна асэнсоўваецца як уласцівасць чалавечага быцця, прынцып, укаранёны ў засяроджванні на зломы светабудовы. У гэтым сэнсе творы Салаўёва адзначаны відавочным эсхаталагізмам.

Гэтакі змест многіх карцін мастака спалучаны з раскрыццём у яго творчасці трансфізічных планаў быцця як прычынных у адносінах да нашага свету. І ў мастацтве, і ў жыцці Аляксандр Салаўёў паўстае медыятарам, гэта значыць чалавекам, які ажыццяўляе сувязь паміж светамі. Вельмі характэрныя яго прамовы на музейных мерапрыемствах: яны перадаюць вольную плынь свядомасці, нібыта сказанае надыктоўваецца звыш. Да таго ж, нягледзячы на ўзрост, мастак захоўвае ўнутраную маладосць, незвычайную яснасць дапытлівага інтэлекту, яго дзейнасць праходзіць у поўнай адпаведнасці з ідэямі глабальнай эвалюцыі чалавечага ўсведамлення. Зусім нездарма Аляксандра Салаўёва называюць “патрыярхам віцебскага авангарду”. І няхай спалучэнне “патрыярх” і “авангард” досыць нязвыклае, затое добра перадае адзінства сакральнага падмурку і эвалюцыйнага вектару ў мастацтве юбіляра. З пытання пра авангард мы і прадстаўляем інтэрв’ю з мастаком, якое акцэнтуе ўвагу на ідэйных і метафізічных апірышчах яго творчасці.

— Аляксандр Аляксандравіч, вас называюць прадстаўніком сучаснага авангарду. А чым з’яўляецца мастацкі авангард асабіста для вас?

— Авангард прадугледжвае рух наперад. Мы ведаем, напрыклад, неверагоднае мастацтва эпохі Адраджэння, але жыццё не стаіць на месцы. Змяняецца многае, таму нельга ўвесь час працаваць як, скажам, Тыцыян. Само жыццё патрабуе іншага яго ўспрымання. Вось што такое мастацтва Казіміра Малевіча? Гэта не проста іншая эстэтыка, але абвяшчэнне наступу новай эры, сведчанне пра новы рух. Выяўленчае мастацтва захоўвае пэўныя традыцыі, але яно выказвае той час, у якім мы жывем. Згадаем, што ўсе прадстаўнікі рускага авангарду былі рэвалюцыянерамі, падтрымлівалі Савецкую ўладу і думалі, што ствараюць дзяржаву новага тыпу. Яны былі перакананыя, што адкрываюць новы свет свабоды. Але ў выніку ім трэснулі па галаве і заявілі пра іх непатрэбнасць. Атрымалася ўсё наадварот. Але яны ж не вінаватыя, хоць і пацярпелі страшную трагедыю. Вось Павел Філонаў — надзвычайны мастак, прадстаўнік авангарду, быў ваенным камісарам у гады Грамадзянскай вайны, аднак потым на працягу паўстагоддзя яго мастацтва знаходзілася пад фактычнай забаронай, і ён памёр ад голаду ў Ленінградзе ў час блакады...

Мяне самога дзясяткі гадоў крытыкавалі за тое, што я рабіў, абвінавачвалі ў прыхільнасці да абстрактнага мастацтва. А я жыў сваім жыццём. Праўда, тое, чым я жыў, спрабавалі знішчыць. І выставы закрываліся, і прадстаўнікі абкама здымалі карціны, кажучы, што гэта не “наша” мастацтва. Але мяне падобнае стаўленне ў тым ліку і цешыла: глядзі ты, думаю, да іх усё ж такі даходзіць… Мастак не мае права разбурыць тую эстэтыку, якая яму ўнутрана ўласцівая. Інакш ён загіне. Нават коштам свайго жыцця ён павінен ісці да канца і захаваць сваё. Не мае права ён аддаць сваю свабоду на закланне. Цяжка? Цярпі, але заставайся самім сабой. Гэта ж шчасце быць самім сабой. Нават так: шлях да самога сябе — самае цяжкае, таму што ён цалкам нязведаны. Мастак кіруецца марай, якая вышэй за ўсё вядомае. Таму сапраўдны мастак пастаянна змяняецца, трансфармуецца.

Жыццё няспынна відазмяняецца, нельга спыняцца на дасягнутым. Учора гэта магло быць добра, а сёння ўжо — дрэнна. Як пісаў Андрэй Вазнясенскі: "Художник первородный — / Всегда трибун. / В нём дух переворота / И вечно — бунт". Так, у сапраўднага мастака заўсёды выяўляецца незадаволенасць сабой: хай я нешта не ўмею, але я хачу зрабіць цуд. Я да канца буду гнацца за гэтым, і, можа, раптам нешта атрымаецца. Шмат хто хоча зіхацець, але ж не ва ўсіх атрымліваецца… Аднак, мара мастака — гэта яго жыццё. Бывае, сустрэнеш у літаратуры ці ў выяўленчым мастацтве: ну, не велічыня гэты творца, але ён такі сумленны і шчыры. І гэта пакідае велізарнае ўражанне, як у выпадку з Паўлам Чысцяковым альбо Ніка Пірасмані. І бачыш, што ён сумленны, і яго шчырасць неацэнная. Бо хлусіць у мастацтве нельга, пра гэта яшчэ Антон Чэхаў казаў.

 — Тэмы трывогі і эсхаталогіі, як сацыяльнай, так і трансфізічнай, знаходзяць яркае выражэнне ў вашай творчасці. Якія вытокі эсхаталагізму ў светасузіранні і мастацтве Аляксандра Салаўёва?

— У прынцыпе, я традыцыйны мастак, пры ўсёй складанасці гэтага паняцця. Але для таго, каб зрабіць нешта ў мастацтве, трэба абавязкова прайсці пэўны шлях пакуты. Тое, што я раблю — гэта мой лёс, мае трывогі, мара пра шчасце. Застаецца трывога, якая пранізвае тваё жыццё, і гэта з’яўляецца фактарам асабістага лёсу чалавека. Уся асабістая гісторыя, біяграфія мастака выяўляецца ў яго працах. Гэта заўсёды песня пра цябе самога, шлях да самога сябе. Вядома, заўсёды прасочваецца ўплыў сусветнай культуры, але ўсё роўна гэта твая песня. Для мастака важна глядзець на свет не праз чужыя акуляры, хай нават калі яны ультрасучасныя. Шчыры мастак выказвае свае ўражанні, уласны шлях. Ён хоча праспяваць сваю свяшчэнную песню, мару пра гармонію.

Мастак выказвае ўласнае стаўленне да свету. Але гэта не толькі зямное жыццё: мастацтва ж кліча ў прасторы куды больш высокія. Яно прадстаўляе сабой шлях у невядомае, натхняе знайсці ўласнае месца ў сусветнай касмічнай прасторы. Гэта палёт у будучыню. Тут — таямніца. І мастак далёка не заўсёды сам з’яўляецца гаспадаром таго, што робіць. Рух мары — самае каштоўнае, прыпынку ў ім няма і не будзе. А калі чалавек спыніўся, ён скончыўся як творца. Злавіць жа Сінюю птушку немагчыма, яна ўсё вышэй і вышэй…

— У публічных выступах Вы часта кажаце пра важнасць пазнання сябе. Якое значэнне самапазнання для мастака і проста для чалавека?

— Гэта аснова жыцця, святы закон існавання кожнага чалавека. Калі ён не спазнае сябе, то асуджаны заставацца рабом. Гэта мой лёс — разабрацца, хто я такі і куды іду. Ён і напісаны не намі, а кімсьці вышэйшым за нас. І гэта трэба захаваць не прамяняўшы ні на што, адпавядаць задачам дадзенага пошуку. Чалавек павінен заставацца самім сабой, хай нават ён памыляецца, але гэта яго памылкі. А то зрабіў усё прыгожа, амаль як Рэмбрант, але ж, па сутнасці, скраў… Крык душы — вось што такое творчасць, а душа несмяротная, яна вышэй нашага зямнога абумоўленага існавання.

— З аднаго боку, ваша творчасць шмат у чым характарызуецца падкрэсленым эсхаталагізмам, з другога ж, вы з’яўляецеся правадніком духоўна-эвалюцыйнай парадыгмы. Як гэта спалучаецца ў мастаку? І якой бачыце будучыню нашага свету?

— Сучаснае развіццё грамадства шмат у чым адзначана пячаткай вар’яцтва. Тэхнакратызм і прагматызм забіваюць мастацтва і сумленнасць. Чалавек становіцца прыдаткам вялізнага сацыяльнага і вытворчага механізму. Пры такім развіцці цывілізацыі машына з’есць чалавека. Наша цывілізацыя папросту душыць людзей. Як мастак я хачу захаваць любоў да прыроды, натуральнага асяроддзя, бо гэты свет цудоўны. І як мастак я сыходжу ў асяроддзе, якое сугучнае мне. Бо слушна кажуць: які свет ты сабе створыш, у такім і будзеш жыць. Таму трэба захаваць святую любоў да прыроды, светабудовы, вечнасці. Тут я не зусім трапляю ў так званую “сучаснасць”, але галоўнае — заставацца самім сабой. Ёсць мара — убачыць тое, што было да гэтага для мяне немагчыма, тое, што лепш за мяне самога. Мастацтва — гэта шлях адкрыццяў, і мне трэба туды, у невядомае, дзе адчуваеш сапраўднае шчасце.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ

Віцебск

Фота аўтара