Мы шукалі не сваё

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Напрыканцы года прынята падводзіць вынікі ў розных сферах. Менавіта падобныя вынікі па найбольш папулярных запытах беларусаў прывялі нядаўна папулярныя пошукавыя сістэмы.

/i/content/pi/cult/617/13719/4-22.jpgТоп-запыты гэтага года паводле “Google” кажуць пра цікавасць беларусаў да серыялаў, ТБ-шоу і спорту. Напрыклад, самым папулярным запытам года ў Беларусі стаў новы сезон серыяла “Фізрук”, наступным радком размясціўся другі сезон серыяла “Мажор”. Беларускія карыстальнікі актыўна шукалі інфармацыю пра міжнародны конкурс песні “Еўрабачанне-2016”, а таксама аб спартыўных падзеях: Еўра-2016, Чэмпіянаце свету па хакеі і Алімпійскіх гульнях. У катэгорыі “Персона года” першую пазіцыю заняў пераможца прэзідэнцкіх выбараў у ЗША — Дональд Трамп. Таксама беларусы шукалі інфармацыю пра брытанскага акцёра Алана Рыкмана і яго суайчынніка — рок-спевака Дэвіда Боўі, цікавіліся юнай зоркай “YouTube” Міс Кэці і ўдзельнікамі “Еўрабачання-2016” — пераможцай Джамалай і прадстаўніком Расіі Сяргеем Лазаравым.

З фільмаў беларусаў зацікавіла экранізацыя комікса “Атрад самагубцаў”. Таксама ў першую дзясятку ўвайшлі блокбастар “Дэдпул” і камедыя “Самы лепшы дзень”, мультфільмы “Тайнае жыццё хатніх жывёлаў”, “Звяропаліс” ды кінастужка “Ацалелы”, роля ў якой прынесла Леанарда Дзі Капрыа першы “Оскар”.

Па падліках жа “Яндэксу”, значнымі падзеямі ў краіне сталіся адна з рэкламных гульняў, “Славянскі базар у Віцебску” і адкрыццё візавых цэнтраў Польшчы. Акрамя таго, у топе “засвяціліся” конкурс “Міс Беларусь”, падвышэнне пенсій, парламенцкія выбары і некаторыя іншыя буйныя мерапрыемствы ды падзеі года.

Топы па фільмах і серыялах у асноўным супадаюць з тымі, якія прэзентаваў пошукавік-канкурэнт. А сярод найбольш папулярных мужчын “Яндэкс” вызначыў згаданых ужо Трампа і Сяргея Лазарава, праўда, першым у топе ідзе расійскі выканаўца. Сярод жанчын на першых пазіцыях — Марго Робі і Вольга Бузава. Аўтсайдар прэзідэнцкай гонкі ў ЗША Хілары Клінтан і артыстка Наталля Крачкоўская замыкаюць топ-10.

У раздзеле “Навінкі года” вылучаны некалькі смартфонаў, камп’ютарная гульня Doom 4 і — будзьце ўважлівыя! — беларускае прыкладанне для накладання віртуальных масак на твары ў рэальным часе “MSQRD”. Прыкладанне, як вядома, зрабілася вядомым цягам мінулага і гэтага года па ўсім свеце, а ў сакавіку гэтую распрацоўку землякоў набыла сацсетка “Facebook”.

Як паведамляе “Яндэкс”, “паняццем года” для беларусаў сталіся “лабутэны”, “паляванне на пакемонаў”, “пацімэйкер”, “гамункул”, “гіраскутар”, “мельдоній” і іншыя. Ніводнае з паняццяў, на жаль, не звязана з культурай Беларусі ў Год культуры…

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"