Рэкорды Бабруйска, #byfest і неглюбскі арнамент на перніках

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Сёння ў Асіповіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі пройдзе навуковая канферэнцыя, прысвечаная вынікам археалагічных даследаванняў гэтага краю. Як паведамляе дырэктар установы Антаніна Сцяпанава, у мерапрыемстве бяруць удзел супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія займаліся тут раскопкамі, а таксама — старшыні сельскіх саветаў, краязнаўцы, настаўнікі гісторыі. Адно з пытанняў парадку дня — ахова 99 археалагічных помнікаў.

/i/content/pi/cult/616/13700/14-1.jpgУ сённяшнім аглядзе пісьмаў усе рэкорды б’е Палац мастацтваў горада Бабруйска. Пра шматгранную дзейнасць гэтай установы ці не адначасова напісалі тры розныя яе супрацоўнікі. І ў кожнага — свая тэма расповеду. Каб усе так!

Дык вось, загадчык культурна-масавага сектара палаца Кацярына Каваленка паведамляе пра конкурсна-забаўляльную праграму “У коле сям’і”, што прайшла ў дыска-зале ўстановы. Культурна-масавы сектар Палаца і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска сабраў сямейныя пары з дзецьмі, якія жывуць у інтэрнатах. “Пераможцы, — піша аўтар, — былі вызначаны ў намінацыях “Мой дом — мая крэпасць”, “Творчая майстэрня”, “З песняй па жыцці”, “Самая інтэлектуальная сям’я”, “Пальчыкі абліжаш”, “Раніца мудрэйшая за вечар”.

“У аграгарадках Варатынь і Вязоўніца выступілі лепшыя самадзейныя калектывы нашай установы, — распавядае метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў горада Бабруйска Ірына Аўсянікава. — А творцы-аматары Цэнтра культуры і вольнага часу Ленінскага раёна Бабруйска наведалі з канцэртам аграгарадок Кавалі”.

А вось інфармацыя загадчыка арганізацыйна-метадычнага аддзела палаца Наталлі Чорнай. Яна вядзе гаворку пра семінар па прафілактыцы СНІДу. Прысутныя паглядзелі тэматычныя фільм і ўрывак са спектакля, паслухалі лекцыі спецыялістаў. Працавала бібліятэчная выстава.

У рамках культурнага праекта “#byfest” у сталічным Палацы дзяцей і моладзі “Золак” прайшоў Міжнародны конкурс мастацтваў. Ён меў тры намінацыі: музыка, вакал, харэаграфія. Было пададзена больш за 230 заявак ад удзельнікаў узростам ад 4 да 18 гадоў і больш сталых з Мінска, Салігорска, Гомеля, Бабруйска, Маладзечна, Слуцка, Барысава, а таксама з гарадоў Польшчы, Украіны, Туркменістана, Кітая, Расіі. Актыўны ўдзел у праекце бралі навучэнцы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў: дуэт “Незабудкі” (настаўнік Таццяна Чэрская), ансамбль “Пацерачкі” (настаўнік Таццяна Чэрская), ансамбль гітарыстаў “Фіеста” (настаўнік Алеся Місюкевіч), а таксама — салісты, выхаванцы Таццяны Печкур, Галіны Крыніцкай, Галіны Нацэўскай. “Незабудкі” ў складзе Марыі Чэрскай і Кацярыны Шыманскай атрымалі дыплом І ступені, а саліст Вадзім Васілеўскі — дыплом ІІІ ступені.

Піша загадчык Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Ярашук: “Наша ўстанова даўно і плённа супрацоўнічае з Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Масты. Выхаванцы яго — пастаянныя госці ў бібліятэцы і ўдзельнікі нашых мерапрыемстваў. Вось і гэтым разам дзеці-інваліды прыйшлі на свята “Няхай заўжды будзе сонейка!” Разам з бібліятэкарамі, якія выступілі ў ролі адважных каўбояў, яны выправіліся ў займальнае падарожжа. А яно суправаджалася гульнямі, конкурсамі, песнямі і танцамі ў стылі кантры”.

У аграгарадку Мазалава прайшло свята беларускай культуры. Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка распавядае, што “на мерапрыемства завіталі студэнты з Кітая, Лівана, Нігерыі, якія навучаюцца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі”. Госці не толькі агледзелі Мазалава і не толькі пачаставаліся дранікамі. Пасля канцэрта з удзелам народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка”, тэатральнага гуртка “Вобраз” і выкладчыкаў ДШМ былі наладжаны майстар-класы па ігры на беларускіх народных інструментах. А сельская бібліятэка прапанавала пазнаваўчую праграму. Андрэй Струнчанка дадае: “пры мясцовым СДК дзейнічае клуб інтэграцыйнага сяброўства “Згода”. Замежныя госці аграгарадка сталі новымі ўдзельнікамі клуба”.

Гарадская бібліятэка № 1 Барысава аформіла кніжную выставу “Зімы цудоўныя матывы”. У сямі раздзелах прэзентуюцца не проста кнігі на зімовую тэматыку, але і напісаныя так, што абавязкова паспрыяюць стварэнню добрага настрою чытачоў у пераднавагодні час і ў перыяд зімовых школьных вакацый.

7 снежня споўнілася б 75 гадоў з дня нараджэння выбітнага фалькларыста Беларусі Васіля Ліцвінкі. Дзякуючы яго намаганням, паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на філалагічным факультэце БДУ была створана Навукова-даследчая лабараторыя беларускага фальклору і дыялекталогіі. У выніку яе дзейнасці ўзніклі чатыры архівы: рэгіянальны (усіх раёнаў краіны) — больш за чатыры мільёны тэкставых запісаў; жанравы, дзе тыя запісы сістэматызаваныя; аўдыяархіў — каля 500 тысяч музычных запісаў; відэаархіў — 233 фільмы пра самабытныя з’явы абрадава-святочнай культуры ў рэгіянальных варыянтах. Васіль Ліцвінка, як кіраўнік згаданай лабараторыі, выдаў 18 фальклорных зборнікаў, манаграфіі, шматлікія календары, папулярызаваў наш фальклор на радыё і тэлебачанні.

Навіна з маёй роднай Веткі. Мясцовы кандытарскі цэх пачаў выпускаць пернікі, аздобленыя выявай часткі арнаменту неглюбскага ручніка. Той рэдкі выпадак, калі брэнд нараджае брэнд. Пернікі ”дэбютавалі” на Дні ручніка ў Неглюбцы. Інфармацыя, безумоўна, цікавая для тых, хто яшчэ не вырашыў, пад якімі брэндамі будзе жыць і развівацца ягоны раён... Асабіста я збіраю калекцыю магніцікаў з арнаментальнымі элементамі неглюбскага ручніка. Такімі сувенірамі гандлююць у Веткаўскім музеі стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, а таксама — у Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва.

Інфармацыя, што прыйшла з Лёзненшчыны (даўно адсюль не было навін). Яна таксама звязана з раённым брэндам. Загадчык аддзела Раённага цэнтра культуры па фальклоры і народных традыцыях Ганна Макравусава паведамляе, што 23 снежня адбудзецца ўручэнне прэміі “Сунічка” па выніках 2016 года. Сунічка — брэнд раёна. Цяпер тую ягадку можна сустрэць не толькі ў мясцовых лясах, але і на шматлікіх вырабах майстроў, што працуюць у раённым цэнтры рамёстваў. А прэмія ўручаецца лепшым работнікам культуры і самадзейным творчым калектывам. Каму гэтым разам — паведамім у наступных нумарах.

Навагоднюю ёлку з футра зрабілі метадысты Лепельскага цэнтра рамёстваў “Скарбонка”. Пра гэта распавяла кіраўнік установы Ніна Звягінцава. Метровая прыгажуня, аздобленая вышыванымі цацкамі, адпраўляецца на абласны конкурс “Калядная зорка”, які ладзіць Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. А ёлачкі меншых памераў, вязаныя з нітак ці з мішуры, цяпер прадаюцца ў сувенірнай краме, што працуе пры Лепельскім цэнтры рамёстваў.

Буда-Кашалёўскі райвыканкам, карцінная галерэя імя Яўсея Маісеенкі, Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка арганізавалі выставу, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака СССР Яўсея Маісеенкі — ураджэнца гэтага краю. Сёння фонд галерэі складаецца з больш чым 700 экспанатаў, з якіх больш як 100 твораў жывапісу, у тым ліку і эцюд самога майстра 1946 года. У выставе “Споведзь прасторы” прымаюць удзел члены Беларускага саюза мастакоў Анатоль, Глеб і Таццяна Отчыкі, Любоў Сцяпанава, Леанід Кір’янаў.

/i/content/pi/cult/616/13700/14-2.jpg

“Вянок кінягіні”

У раённым аглядзе-конкурсе традыцыйных вясельных абрадаў і спеваў Гарадоччыны цягам года прымалі ўдзел клубныя ўстановы Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці. А называўся агляд “Вянок кінягіні”. На Гарадоччыне так называлі нявесту. І павінна была мець “кінягіня” белую скуру ды даўгія валасы…

Клубнікі прэзентавалі абрады, у якіх прысутнічалі фальклорныя побытавыя танцы, гучалі прыгожыя вясельныя песні і прыпеўкі, здабытыя ў экспедыцыях. У чымсьці гэтыя абрадавыя элементы вельмі падобныя, аднак, іншым разам, і адметныя — то мелодыяй, то тэкстам, то асаблівай манерай выканання, характэрнай толькі для пэўнай мясцовасці… Дык вось, гучалі велічальныя песні сватам і баяркам, бацькам і жаніху з кінягіняй, былі і жалобныя спевы ад маці, і вельмі гучныя, вясёлыя, якія выконваліся за вясельным сталом. Абавязковымі былі і маршы, каб ушанаваны быў кожны госць.

Апошнім этапам агляду-конкурсу сталася рэканструкцыя гарадоцкага вяселля пачатку XX стагоддзя. Невыпадкова месцам яе правядзення была вёска Бычыха — край, дзе старадаўнія музычныя і песенныя традыцыі ведаюць амаль усе жыхары. Тут калісьці жыў вядомы музыка-самавук, віртуозны гарманіст Іван Іўлеў. Закладзеныя ім традыцыі жывуць і развіваюцца.

Наш край увогуле багаты на таленты. Не кожны раён можа цяпер пахваліцца такой колькасцю музыкаў і спевакоў, якія так удала прадставілі сваё майстэрства на рэканструкцыі вясельнага абраду: маю на ўвазе народныя фальклорныя калектывы “Азерыца” Езярышчанскага ГПДК, “Спадарыня” Бычыхінскага СДК, народны ансамбль гарманістаў ЦТКіНТ, майстра галосных спеваў Таццяну Раеву і фальклорны гурт Халамерскага СК, народны фальклорны ансамбль “Глейна” ЦТКіНТ.

Усяго ў рэканструкцыі прынялі ўдзел 45 чалавек. Усім вялікі дзякуй за няпростую працу і шчырае стаўленне да сваёй гістарычнай спадчыны, сваіх каранёў, старажытных традыцый продкаў. Нездарма кажуць: “Чалавек жыве век, а добрая справа — два”.

Лілія РЭЗКІНА, намеснік дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"