Арт-квартэт

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Мастыхін-агляд: лістапад
Агляд выстаў лістапада (і крыху снежня) ад мастацтвазнаўцы Ксеніі Сяліцкай-Ткачовай.

/i/content/pi/cult/616/13695/13-1.jpgНа пачатку месяца ў галерэі “Універсітэт культуры” адбыліся адразу дзве імпрэзы. Экспазіцыю выставы “Прастора і святло” склалі нацюрморты, партрэты, пейзажы, выкананыя мастачкай Святланай Кастрыца ў тэхніках алейнага жывапісу і пастэлі на працягу дваццаці гадоў. Творчасць мастачкі характарызуецца стылістычнай разнастайнасцю (эксперыментальны жывапіс, рэалізм, імпрэсіянізм), працай у розных тэхніках, асаблівым стаўленнем да святла, якое ў больш позніх творах напаўняе прастору палатна.

Камернасцю кампазіцыі, колеравым багаццем, філасофскай трактоўкай сюжэта, псіхалагічнай глыбінёй прасякнуты раннія творы Святланы (серыя нацюрмортаў “Кераміка Жанны Грак”, “Рабінавая гарката” “Акварыум. Скалярыі”, “Жаночы партрэт са скульптурай”, “На краі”). З цягам часу аўтарскае бачанне скіроўваецца ў напрамку рэалістычнай манеры выканання. Увага да натуры, пошук у ёй цэласнасці і гармоніі характэрныя для карцін “Партрэт мастачкі”, “Прыэльбруссе”, “Крымская сасна”. Імпрэсіяністычнасць, тонкасць танальных пераходаў і святлоценяў актуальныя для пейзажаў 2015 — 2016 гадоў. Маляўнічасць, звонкасць палітры, шчырая ўлюбёнасць у колер, лёгкасць мазка — ключавыя асаблівасці сучаснага этапу творчасці Святланы Кастрыца.

Глыбіня тлумачэння прасторы надае палотнам мастачкі адзінства ўспрымання жыцця. Замкнёная, камерная прастора адкрывае гледачу ўнутранае багацце і духоўную змястоўнасць выявы, з’яўляючыся свайго роду лірычнай споведдзю аўтара. Вонкавае ж прадстаўляецца адзінствам і цэласнасцю сэнсу, гармоніяй формы і колеру.

Экспазіцыю выставы “Аўтограф” склалі жывапіс Настассі Калацкай, кераміка Вольгі Сямашка, а таксама работы навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Сама назва праекта сведчыць пра сувязь пакаленняў, якая захоўваецца праз усю творчую дзейнасць мастакоў. Захаванне лепшых традыцый, спалучэнне высокага прафесійнага майстэрства з вынікамі творчага эксперыменту заўсёды былі каштоўнасцю установы.

Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, дэманструюць жанравую і стылістычную разнастайнасць. Асаблівай увагі заслугоўваюць працы навучэнцаў спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Работа з формай, колерам заўсёды арганічна спалучаецца з раскрыццём унутранага зместу вобраза і сюжэту. У простых, на першы погляд, кампазіцыях схаваныя хараство навакольнага свету, яго мудрасць і глыбіня. Так, у керамічным творы Мікіты Вязьмікіна “У добры шлях” раскрываецца думка пра тое, што дом гэта не толькі канкрэтнае месца для баўлення часу, але і ўнутраная прастора, дзе чалавек заўсёды знаходзіць сябе. Выкананыя ў вобразе смаўжа, цудоўныя падсвечнікі ствараюць адчуванне ўтульнасці і цеплыні. У рабоце Віталіі Бараноўскай “Вялікдзень” (у тэхніцы бацік), алегарычна адлюстраванае адно з галоўных рэлігійных святаў. Чырвоны колер выступае ў творы знакам роду, сувязі пакаленняў, жыцця. У керамічнай кампазіцыі Маршавай Ганны “Che” ў постмадэрнісцкай гульні сэнсавых значэнняў слоў і вобразаў раскрываецца гістарычны ракурс, які адсылае гледача да культуры розных краін — Кубы і СССР.

Экспазіцыю выставы твораў Георгія Скрыпнічэнкі “Метамарфозы” склалі “жывапіс і графіка з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, з калекцыі сям’і мастака, прыватных збораў. Яны ахопліваюць розныя перыяды творчасці майстра. Сама назва сведчыць пра паступовы адыход яго ад дэталізаванай апісальнасці ў бок раскрыцця найтанчэйшых праяў унутранага свету чалавека — фантазій, ілюзій, сноў. Так пачала з’яўляцца мастацкая прастора, дзе “гульні розуму”, вольная імправізацыя, метафарычны падтэкст эфектна і непрадказальна спалучыліся ў графіцы і жывапісных творах. Асаблівую цікавасць выклікае аўтарская вобразная сістэма, яе скразныя матывы, дзе вялікую ролю адыгрывае зварот мастака да сюжэтаў з Бібліі, антычнай міфалогіі, сусветнай гісторыі, якія заўсёды афарбаваныя паэзіяй “суб’ектыўнага гістарызму”. Усё гэта дае падставу казаць пра паліфанічнасць мастацтва Георгія Скрыпнічэнкі, яго парадаксальнасць і глыбіню, карані якога схаваныя, калі карыстацца тэрміналогіяй Э. Дзюркгейма, у “калектыўнай свядомасці людзей”.

Сюррэалістычнасць творчасці мэтра грунтуецца на адвечных духоўных каштоўнасцях. Адштурхоўваючыся ад прынцыпаў іншасказальнасці, мастак стварае ўнікальную гісторыю, дзе сучаснасць непарыўна спалучана з мінулым, традыцыямі, светаўспрыманнем розных пакаленняў. Яркі прыклад — карціна “Гармонія стагоддзяў”, дзе лейтматывам праходзіць тэма цыклічнасці жыцця. У цэнтры кампазіцыі змешчаныя дзве фігуры жанчын, адной з якіх з’яўляецца славутая Марыя Радзівіл (Лупа). Белы колер у яе адзенні сімвалізуе ўнутраную чысціню. Па абодва бакі ад маладых жанчын знаходзяцца плады — яблыкі і грушы — сімвалы даўгавечнасці кахання, здароўя і мацярынства. Выявы сабакі і савы можна разглядаць у якасці праяваў вернасці і мудрасці — асноватворных паняццяў моцнай сям’і. Цікава, што за спінамі гераінь — пейзажы з нехарактэрнымі для іх часу асаблівасцямі. Гэта яшчэ раз наводзіць на думку пра повязь часоў, пераемнасць традыцый, неўміручасць культурных каштоўнасцяў.

У больш побытавым сэнсе гэта ідэя абыгрываецца ў творы “Сёння свята” — гэта “карціна ў карціне”. Залацістымі промнямі заліты майстэрня мастака, які толькі што скончыў сваю плённую працу над палатном. Бабуля ў хустачцы, што сядзіць на вясковым двары, і маленькі хлопчык, які прынёс ёй палявыя кветкі. Сабака, што мірна ляжыць на траве, і кош, напоўнены дарункамі зямлі. За знешняй наіўнай, дзіцячай прастатой сюжэта схавана, між тым, сакральнае разуменне жыцця, яго велічы і прыгажосці. Сувязь традыцый, пакаленняў — галоўнае сэнсавае звяно гэтага філасофскага твора.

Атмасферай роздуму, унутранай пранікнёнасцю і глыбінёй напоўнена карціна “Час ехаць у Бакшты”, дзе на фоне вясковага пейзажа адлюстраваныя мужчынская і жаночая фігуры. Гэта не толькі чаканне хуткага вандравання, але, перш за ўсё, пошук новага жыццёвага шляху, яго светлых перспектыў. Котка ж ля ног дзяўчыны асацыюецца з воляй выбару, а асветленая сонцам дарога заклікае падарожнікаў рухацца насустрач сваёй мары.

У творах Скрыпнічэнкі за вонкавым бокам рэчаў заўсёды схаваны глыбокі духоўны падтэкст, які дае падставы для разваг пра ролю гісторыі і культуры ў жыцці чалавека, значэнне маральных і эстэтычных ідэалаў, разуменне жыццёвай мудрасці, якая складае фундамент будучага дня.

1 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва) адбылося адкрыццё сумеснага беларуска-французскага праекта “Арт Капіталь: з Францыі ў Беларусь”. Куратар праекта — ураджэнец нашай краіны Аркадзь Валадось.

Яшчэ ў 2015 годзе адзінаццаць беларускіх мастакоў і скульптараў упершыню прадставілі нацыянальны павільён Беларусі ў межах міжнароднай выставы “Арт Капіталь” на Елісейскіх палях у Парыжы. Тады ж мастачка Валянціна Шоба і скульптар Сяргей Парцянкоў былі адзначаны прэстыжнай прэміяй Асацыяцыі барона Тэйлара. Прыезд жа французскіх мастакоў у Мінск стаў працягам культурнага дыялогу паміж краінамі, які грунтуе Пасольства Беларусі ў Францыі. Дэлегацыя гасцей была прадстаўлена 15 мастакамі з “Salon Comparaisons”, “Salon des Artistes Francais”, “Salon du Dessin et de la Peinture a l’eau”.

Рэалістычныя карціны арганічна спалучаюцца з імпрэсіяністычнымі, экспрэсіяністычнымі, сімвалічнымі кампазіцыямі, якія раскрываюць складанасць, супярэчлівасць, але, разам з тым, хараство і прыгажосць сусвету ды чалавека. Класічнай манерай пісьма, адухоўленасцю вобраза, празрыстасцю палітры вылучаецца дыптых Жэрар Бажар “Сена”. Асаблівую ўвагу мастачка адводзіць адлюстраванню воднай роўнядзі — спакойнай, ціхамірнай, падобнай да паверхні люстэрка. Чысціня вады ў яе карцінах суадносіцца з чысцінёй і гармоніяй унутранага свету чалавека. “Краявіды Правансу” Ніколь Клеман падаюць з іншага боку прыгажосць французскай прыроды. Яркасць фарбаў, дынамічнасць, пазітыўны настрой, якім авеяная гэта карціна, сцвярджае думку: жыццё сапраўды з’яўляецца святам, якое заўсёды знаходзіцца з чалавекам. Экспрэсіўнасцю, псіхалагічнай напружанасцю і глыбінёй прасякнуты твор Катэрын Жаэг “Шахматыст з тонкім гальштукам”. Акцэнтуацыя на яркіх каларыстычных плямах, нярвовасць ліній, узмоцненая эмацыянальнасць вобраза дазваляюць праводзіць паралель з творчасцю нямецкіх экспрэсіяністаў, асабліва з Эрнстам Людвігам Кірхнерам. Філасафічнасцю, неадназначнасцю трактоўкі характарызуецца карціна Анны Пурны “Варыяцыі”. Спалучэнне кантрасных тонаў разам з размытасцю формы надаюць усёй кампазіцыі падкрэслена метафарычнае гучанне, варыятыўнасць сэнсавых значэнняў.

Ксенія СЯЛІЦКАЯ-ТКАЧОВА, мастацтвазнаўца, сябра экспертнага савета пры мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, сябра Беларускага саюза мастакоў