“Першакласная адзенне” і палатка

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Дзве невялікія зацемкі, якія ўскосна ці наўпрост маюць дачыненне да тэмы турызму ў сталіцы. І да тэмы Года культуры ў тым шырокім разуменні, якое вызначалася пры яго абвяшчэнні: культура вытворчасці і земляробства, культура сямейных адносін і быту, культура добраўпарадкавання населеных пунктаў і гэтак далей.

Зацемка першая, даўно заўважаная. Ёсць на мінскіх вуліцах інфармацыйныя стэнды для турыстаў. Звесткі на іх пададзены на беларускай і англійскай мовах. Стаяць яны на людных месцах, мяркую, калі трэба — акажуцца добрым арыенцірам для госця горада. Разам з тым стойкі асабліва ў вока не кідаюцца сваёй, скажам, канструкцыйнай грувасткасцю альбо, наадварот, непрыкметнасцю. Але “падкачала” беларускамоўная частка. Так і хочацца сказаць: “як і заўжды апошнім часам у публічнай прасторы”. (Урэшце, тое цалкам відавочна, таму так і скажу: як і заўжды апошнім часам у публічнай прасторы.)

/i/content/pi/cult/601/13360/5-1.jpg

Гэтым разам праблема выявілася не ў тым, што думалі па-руску, а пісаць спрабавалі па-беларуску. Відаць, тэксты з нейкага турыстычнага буклета перакладаліся з англійскай, прычым, верагодна, пры дапамозе онлайн-сэрвісаў, а яны са скланеннямі ці катэгорыяй роду ў перакладах на беларускую найчасцей не сябруюць. Гіпотэзу будую на тым, што сабор Пятра і Паўла ў англійскай версіі тэксту названы спачатку “Cathedral”, а пасля “church” (“Кафедра” (“сабор”) і “царква”, адпаведна), а ў беларускай аповед ідзе менавіта пра сабор, але ён чамусьці “пабудавана”, “была”. Гэтак жа да мінскай Ратушы ўжываюцца словы “будынак” і ўласна “Ратуша”, але займеннік выкарыстоўваецца “яно”. І тэкст пра краму адзення, падаецца, перакладалі тым самым вэб-сэрвісам. У выніку атрымалася “першакласная адзенне”. На астатнія “дробязі” кшталту літары “и” з рускага алфавіта ў беларускамоўным тэксце ды няслушныя канчаткі назоўнікаў можна і не зважаць. Гэта ж так, дробязь, хто заўважыць?

На жаль, заўважыў я. Думаю, ёсць і іншыя ўважлівыя сярод тых, хто ведае беларускую мову і валодае ёй. Можа, і па сацыяльных сетках гэтыя памылкі даўно “патролілі” — калі так, дык гэтым разам, мяркую, слушна. Наогул, мне даўно бачыцца пільная патрэба завесці пры ўпраўленнях ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, адпаведных аддзелах райвыканкамаў своеасаблівую “моўную” службу (хаця б з аднаго спецыяліста, прынамсі, на “хвосцік” ад стаўкі). Проста для таго, каб не давялося што рэкламадаўцам-заказчыкам, што кампаніям-выканаўцам, што гарадам краіны несці страты — мільённыя фінансавыя і невымерныя рэпутацыйныя — ад памылковых напісанняў. І ў фармаце лістоўкі, і ў выглядзе паўтараметровай канструкцыі, і на шчыце 6 х 3 метры выдаюць яны самае кепскае — абыякавасць. Не, не да мовы, а да выніку працы многіх і многіх людзей. Калісьці мой знаёмы, што валодае буйной фірмай, якая займаецца продажам сельскагаспадарчай тэхнікі, сказаў сваім неабавязковым пастаўшчыкам “жалезным голасам”: “Гэта не салідна!” І назаўтра ўсе хібы былі выпраўлены, а больш праблем па гэтым “фронце” не ўзнікала. Вось і тут хочацца сказаць: гэта не салідна ў Беларусі не ведаць элементарнага ў беларускай мове.

Зацемка другая, зусім свежая. На плошчы Незалежнасці стаіць велічны храм святых Сымона і Алены — Чырвоны касцёл. Каб зняць яго “ў поўны рост”, не згінаючыся ў тры пагібелі, трэба адысці ці не пад самы праспект, але кадр усё роўна будзе сапсаваны. Чаму? Я бачыў у мінулыя выхадныя, як ад турыстычнай групы, падаецца, нямецкамоўных турыстаў адбіўся небарака з фотаапаратам. І ўсё гайдаўся па амплітудзе паралельна касцёлу, замінаючы мінакам. Прыгледзеўся, падумаў быў дапамагчы, як раптам зразумеў, чаму госць сталіцы не мог знайсці сабе месца. Перад сілуэтам касцёла ў кадр трапляла бела-блакітная палатка з марожаным і вадой. І ніяк яе не абмінеш, калі хочаш захапіць увесь будынак у вышыню, з якога боку ты ні забягай. Прычым я і сам у ёй не раз выратоўваўся другі год запар ад летняй спёкі, а такой дадатковай “опцыі” не прыкмячаў.

/i/content/pi/cult/601/13360/5-2.jpg

З аднаго боку, “усё дзеля вас”, як кажуць. З іншага, паколькі палатка ўсё адно засланіла на цэнтральным коле плошчы, каля выявы буслоў, амаль цалкам адну з лавак, ці не варта перасунуць яе, прынамсі, так, каб ад гэтага не пакутаваў відарыс адной з сапраўдных архітэктурных перлін сталіцы — метраў на дзесяць — дваццаць, не больш. І каб турысты не сыходзілі расчаравана ад няўдалага кадра. Ад такіх дробязей, мяркую, залежыць вельмі многае ў тым, ці вернецца госць Беларусі ў нашу краіну зноў. Мяркую, калі ўзгаднялася размяшчэнне палаткі, пра гэта нават не падумалі. Дробязі, маўляў.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах