Выбар Cадружнасці: можа, Бабруйск?

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Пяць гадоў таму на пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельнікаў СНД быў прыняты праект Міждзяржаўнай праграмы “Культурныя сталіцы Садружнасці”. Сёлета прэтэндаваць на аднайменнае з праграмай званне зможа Бабруйск. Пра гэта распавёў прэсе міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірына Роскач, зараз горад рыхтуецца да прыняцця статусу культурнай сталіцы Беларусі. У снежні гэты райцэнтр Магілёўшчыны прыме ганаровы тытул ад Маладзечна. Бабруйск правёў работу па ўмацаванні і развіцці базы ўстаноў культуры. Гэта прыносіць таксама і творчы плён. Прынамсі, зладзілі ў адрамантаванай Дзіцячай школе мастацтваў № 2 Першы адкрыты конкурс піяністаў імя Уладзіміра Алоўнікава.

Па словах Ірыны Аляксандраўны, канцэпцыя зводзіцца да таго, каб месяцы наступнага года праходзілі пад эгідай прафесійных святаў культуры і мастацтва. Візаві растлумачыла: “Сакавік будзе тэатральным, красавік — харэаграфічным, май — музейным, верасень — бібліятэчным, кастрычнік — музычным, лістапад — маладзёжным, снежань прысвецім кіно. Вельмі хочацца, каб у нашых мерапрыемствах паўдзельнічалі калегі са сталічных і абласных устаноў культуры. І, канешне, асаблівую ўвагу нададзім традыцыйнаму Міжнароднаму фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы”, што пройдзе налета з 29 чэрвеня па 3 ліпеня. Па ім ужо вядзецца актыўная работа: зараз мы знаходзімся ў перапісцы з Латвіяй, Турцыяй, Ізраілем, Венгрыяй, Фінляндыяй, Тайванем, Іспаніяй, Кубай, Мексікай, Сербіяй, Бельгіяй”.

Работнікі культуры хочуць у поўнай меры раскрыць патэнцыял свайго краю, папулярызаваць яго ў якасці прывабнага турыстычнага маршрута. Калі ж спраўдзяцца чаканні і Бабруйск сапраўды назавуць культурнай сталіцай СНД, то запланаваныя мерапрыемствы змогуць захапіць і замежных гасцей, што, у сваю чаргу, дае шанц выйсці на больш шырокае кола патэнцыяльных наведвальнікаў Бабруйшчыны.

Нагадаем, першай культурнай сталіцай СНД быў выбраны беларускі Гомель (поруч з расійскім Ульянаўскам). У ім здавён плённа развіваліся міжнародныя кантакты, бо месціцца ён якраз на мяжы з Украінай і Расіяй. На працягу 2011-га мясцовыя культработнікі працавалі над стварэннем спрыяльнага клімату для аб’яднання культурных патэнцыялаў. Праз два гады ганаровае права займацца пашырэннем культурных сувязяў паміж краінамі СНД прыняў Магілёў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"