Свята адбудзецца 27 жніўня а 16-й па адрасе вул. Акадэмічная, 5. На “ПаКаласімся!” вы можаце стаць удзельнікамі майстар-класаў ад Паўла Вайніцкага, які навучыць працаваць нават з самым нязграбным матэрыялам і рабіць з яго так званыя “трэшкі” (нейкае побытавае смецце — тыя самыя “трэшкі” — можна прынесці з сабой); ад мастака Андрэя Дубініна, што распавядзе і пакажа, як рэалістычна выпісваюцца выявы рук і ног; ад мастака Алеся Квяткоўскага, гуру “мядовых” карцін; ад скульптара Сяргея Кляшчука, майстра драўляных фігур; ад музыкантаў Леаніда Нарушэвіча, які прадэманструе гітарную інтуітыўную імправізацыю, і Уладзіміра Дрындрожыка, што абяцае навучыць ігры на драўляных духавых; ад знакамітага “Спеўнага Сходу”, які абяцае навучыць правільна дыхаць і спяваць родныя песні...
У культурнай праграме вечара — флэш-моб ад часопіса “Мастацтва”, на якім можна паспрабаваць сябе ў стварэнні хэндмэйдаўскіх часопісных вокладак, журналісцкія байкі ад карэспандэнтаў “К”, прагляд кароткаметражных стужак маладога беларускага дакументаліста Ігара Чашчэні ва ўтульнай гасцёўні самога Якуба Коласа на другім паверсе сядзібы-музея, а таксама гарачая гарбата з беларускіх зёлак (а гарбату, дарэчы, любіў знакаміты пісьменнік). Першым пяці гасцям супрацоўнікі музея абяцаюць правесці ўнікальную экскурсію па самых таямнічых кутках дома-музея. Паверце, іх у сядзібе многа: гэта і сутарэнні, і асабісты кабінет пісьменніка, яго спальня, адкрыты балкон з выглядам на зялёны двор. Шмат будзе і фотаздымкаў, адшукаць іх у сеціве можна будзе па хэштэгу #пакаласімся. Дарэчы, раім сачыць за інфармацыяй, звязанай з “ПаКаласімся!” на старонках Музея Якуба Коласа і газеты “Культура”, што інфармацыйна дапамагае ўстанове ў сацыяльных сетках. Чакаем сваіх чытачоў 27 жніўня з нецярпеннем! З кім сустрэнемся, з кім — развірталізуемся і з усімі — “ПаКаласімся!”