Прыкладам, улады горада Кемі, што на поўначы Фінляндыі, не так даўно пачалі прапаноўваць усім ахвотным да выкарыстання свой галоўны рэсурс — снег. Калі ў горадзе з дапамогай мясцовых і заезджых майстроў пачалі з’яўляцца розныя фігуры і палацы з лёду, сюды пачалі валам валіць турысты не толькі мясцовыя, але і замежныя. А ў англійскім Бермінгеме прыватныя фірмы выкупілі ў дзяржавы старыя закінутыя заводскія памяшканні і пачалі здымаць там фільмы і серыялы, што не толькі паўплывала на развіццё мясцовай сферы культуры, але і дало магчымасць падзарабіць мясцовым жыхарам…
У нас, як вядома, Закон “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” быў прыняты яшчэ напрыканцы мінулага года. А зусім нядаўна была прынята і пастанова Савета Міністраў “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 года “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”. Дакументам прадугледжана ўрэгуляванне пытанняў падрыхтоўкі прапаноў па рэалізацыі праектаў ДПП, іх разгляду і ацэнкі, прыняцця рашэння аб рэалізацыі, распрацоўкі і ацэнкі конкурснай дакументацыі, правядзення самога конкурсу па выбары прыватнага партнёра для заключэння пагаднення аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, а таксама парадку вядзення Дзяржаўнага рэестра апошніх. Дадзены механізм прадугледжвае правядзенне конкурсу па выбары прыватнага партнёра, які не толькі ўзвядзе аб’ект інфраструктуры, але і будзе яго эксплуатаваць цягам 10 — 20 гадоў. Пры гэтым прыватны партнёр будзе атрымліваць стабільны даход у выніку эксплуатацыі аб’екта, які задавальняе абодва бакі, згодна з пагадненнем аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве.
— Дзяржаўна-прыватнае партнёрства, або, правільней сказаць, публічна-прыватнае партнёрства (ад англійскага тэрміна) — сістэма прыцягнення фінансавых сродкаў пад розныя праекты, — адзначыў у гутарцы з “К” старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. — Напрыклад, у лагістыцы, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дарожным будаўніцтве, у стварэнні транспартнай інфраструктуры, у розных інавацыйных праектах і гэтак далей, і ў тым ліку, натуральна, і ў культуры. Гэта значныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі. Таму сутнасць механізму ДПП зразумелая: дзяржава і бізнес павінны аб’яднаць намаганні ў вырашэнні найважнейшых эканамічных, сацыяльных або інфраструктурных задач.
На думку Карагіна, сфера культуры магла б таксама зацікавіць як айчынных, так і замежных бізнесменаў.
— Любыя доўгатэрміновыя праекты, скажам, па будаўніцтве клубных, забаўляльных устаноў, цалкам магчыма ажыццявіць у партнёрстве з бізнесам, — адзначыў эксперт. — Скажам, у Румыніі пры дапамозе ДПП здаўна будуюць самыя розныя сацыяльныя аб’екты і нават турмы. Так што і ў гэтым аспекце ў нас ёсць яшчэ шмат нявыкарыстаных магчымасцяў.
Акрамя таго, на думку Карагіна, не варта забывацца і пра іншыя, дастаткова прывабныя праекты.
— Наколькі ведаю, сёння пры дапамозе механізму ДПП у Беларусі рэалізуюцца 7 буйных праектаў, — адзначыў суразмоўца. — Адзін з іх датычыць і сферы культуры — кажу пра капітальны рамонт з рэстаўрацыяй фасадаў і рэканструкцыяй пад гасцінічны комплекс аб’ектаў у заходняй частцы Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Наогул, рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, таксама досыць перспектыўная. Як і стварэнне самых розных турыстычных аб’ектаў пры гэтых помніках спадчыны. Так што дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы культуры мае, на маю думку, вялікі патэнцыял.
Сапраўды, вялікія магчымасці навідавоку. І паступова звязка “прыватнік — супрацоўнік сферы культуры” перастае выглядаць анахранізмам і дзіўнай навіной, а навацыяй, што выдатна даказваюць многія прыклады. Згадаю адбудову Любчанскага замка, шматлікія фестывалі па ўсёй краіне — ад Браслава да Моталя, і шэраг як агульнарэспубліканскіх, так і міжнародных акцый.
Іншая справа, што журналістам заўсёды хочацца чуць пра новыя цікавыя праекты, рэалізаваныя пры дапамозе грошай як мясцовых, так і замежных бізнесменаў. Тое, што яны будуць з’яўляцца ў нашай краіне — не сумняюся: тэндэнцыя да гэтага ўжо прасочваецца. Хто ведае, можа мы хутка будзем завітваць не ў дзяржаўныя, а і ў прыватныя дамы культуры? Прыклад агратурыстычнага комплексу “Каробчыцы”, прыватнай галерэі Сяргея Місюна ў Століне ды прыватнай сядзібы-музея “Старая Весь” у вёсцы Варонічы Зэльвенскага раёна — пачатак шляху…