Можна рухацца далей

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Постфестывальная размова з кіраўніцтвам “Славянскага базару ў Віцебску” стала ўжо адной з традыцый асвятлення форуму на старонках “К”. Не адышлі мы ад яе і ў час завяршэння юбілейнага ХХV фестывалю, звярнуўшыся да генеральнага дырэктара Цэнтра культуры “Віцебск”, прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі фестываляў Аляксандра СІДАРЭНКІ:

— Цягам фестывальнага тыдня ўсе мы пражываем нейкае аўтаномнае жыццё, дзе ёсць усё: радасці і смутак, прыемныя і не зусім прыемныя падзеі. Але ў цэлым фестываль развіваецца, рухаецца далей. І падводзячы вынікі цяперашняга форуму, можна сказаць, што ўсё атрымалася.

— Ці задаволены вы фінансавымі вынікамі форуму?

— Так, яны не горшыя за леташнія паказчыкі, што ў цяперашніх не лепшых умовах, лічу, значнае дасягненне.

— Сёлета фестываль быў юбілейным, таму, магчыма, надалей колькасць мерапрыемстваў можа зніжацца. Ці, наадварот, вы плануеце далейшае пашырэнне маштабаў?

— Не думаю, што надалей мы будзем ад чагосьці адмаўляцца, што колькасць і, галоўнае, разнастайнасць фестывальных праектаў будзе змяншацца. Не думаю, што паказчыкам усяго гэтага з’яўляецца менавіта юбілей, бо мы з кожным годам паступова рухаемся наперад. Тое, што адбылося цягам некалькіх фестывальных дзён, немагчыма апісаць у адным інтэрв’ю ў некалькіх словах. Асабіста для мяне знамянальных падзей і цікавых сустрэч было шмат. Бо для мяне фестываль — гэта найперш зносіны, стасункі з нашымі партнёрамі, калегамі, сябрамі. Такіх сустрэч было настолькі багата, што я пакуль не магу іх канчаткова сістэматызаваць, але ўжо цяпер відавочна, што многія з выказаных прапаноў патрабуюць далейшага асэнсавання і сумеснай працы.

— Калі можна, прыадкрыйце сакрэты хаця б некаторых далейшых планаў.

— Так, рыхтуюцца праекты некалькіх дамоў аб супрацоўніцтве, бо ў нас з’явіліся новыя партнёры па Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Гэта значыць, што адкрываюцца новыя далягляды, становяцца магчымымі новыя цікавыя праекты. Кожны з іх — унікальны, мае свае асаблівасці, таму наперадзе нас можа чакаць шмат адкрыццяў.

— Усё гэта — вынікі спецыяльнай сесіі згаданай Асацыяцыі фестываляў?

— І праведзенай следам за ёй ІІ Міжнароднай канферэнцыі арганізатараў фестываляў “Фестывальны рух. Традыцыі. Інавацыі”. Упэўнены, у наступным годзе мы зробім усё магчымае, каб не проста зноў правесці падобную канферэнцыю, а вывесці яе на якасна і колькасна новы ўзровень. Такая канферэнцыя павінна мець больш шырокі фармат, каб на ёй можна было больш якасна і поўна прэзентаваць свае праекты, расказаць пра іх. Гэта вельмі важна! Бо многіх з тых, хто прыязджае да нас на фестываль, яднаюць агульныя мэты: у іншых краінах таксама праходзяць буйныя творчыя форумы, міжнародныя конкурсы. Іх арганізатары зацікаўлены ў тым, каб атрымаць магчымасць расказаць пра свае фестывалі — не для аднаго суразмоўцы, сам-насам, а для шырокай аўдыторыі. І пры гэтым не абмежавацца адно аповедам, але і паказаць відэаматэрыялы, раздаць промапакеты з падрабязнай інфармацыяй.

За час цяперашняй канферэнцыі я таксама выявіў шмат для сябе новага, даведаўся пра назапашаны маімі калегамі вопыт, падзяліўся сваім. Таму надалей ад нас будзе патрабавацца яшчэ больш карпатлівая праца, каб дадзеная канферэнцыя перарасла ў асобны праект, які будзе збіраць шырокае кола не толькі ўласна арганізатараў фестываляў і конкурсаў, але і ўсіх зацікаўленых — найперш, прадзюсараў, музыкантаў і ўсіх, хто заняты ў сферы музычнай індустрыі.

Прыклады такіх канферэнцый існуюць ва ўсім свеце — і асобна, і ў рамках іншых праектаў. Але мне здаецца, што найбольш дабрадатная, жыватворная глеба для гэтага ёсць на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”.

— Сапраўды, больш шырокая прэзентацыя самога фестывальнага руху магла б толькі ўпрыгожыць віцебскі форум, дадаткова пацвярджаючы яго статус “фестывалю фестываляў”. І наўрад ці гэты праект — усяго адзіны з запланаваных на сёння.

— Насамрэч, праграму будучага года мы бачым ужо на 70 — 80 працэнтаў — з улікам таго, што было сёлета. Адштурхоўваючыся ад цяперашняга правядзення, адэкватна ацэньваючы яго плюсы і магчымыя мінусы, можна рухацца далей. У прыватнасці, намеціўся шэраг новых ініцыятыўных праектаў, якія мы будзем увасабляць у жыццё. Увогуле, такое як мага больш ранняе планаванне мы ажыццяўляем ужо не першы год, і з кожным разам яго ўдасканальваем. Таму і продаж білетаў пачынаем усё раней — і гэта сябе апраўдвае.

— Новыя праекты, пэўна, звязаныя і з пашырэннем складу Сусветнай асацыяцыі фестываляў, што адбылося сёлета?

— Пашырэнне складу будзе працягвацца і надалей. Да прыкладу, прадстаўніца Мальты прыехала да нас проста дзеля таго, каб паглядзець, падумаць. Але адразу прыняла рашэнне і гатова падпісаць партнёрскую дамову аб далейшым супрацоўніцтве і прадстаўляць “Славянскі базар…” на Мальце. Гэта дадатковае сведчанне таго, што мы робім усё правільна.

Але ж мы зацікаўлены не толькі ў тым, каб пашыраць колькасць членаў Асацыяцыі. Яшчэ больш нас хвалюе якасны бок. Умовы ўступлення надрукаваны на сайце, але справа не адно ў фінансавым унёску, адпаведнасці нейкім крытэрыям. Каб уступіць у Асацыяцыю, трэба атрымаць рэкамендацыю ад яе цяперашніх членаў. Мы павінны быць упэўнены, што прапанаваны нам праект годны, што ў ім ёсць свае адметнасці, якія могуць быць прыкладам для іншых. Але мы не выключаем і таго, што некаторыя конкурсы, фестывалі трэба будзе падцягнуць да ўзроўню Асацыяцыі. Мы абмяркоўвалі, што можам не проста дзяліцца вопытам “на словах”, але і адпраўляць сваіх спецыялістаў на асобныя форумы для арганізацыйнай дапамогі. Бо могуць быць цікавыя ініцыятывы, нават прыватныя, якія не атрымліваюць належнага развіцця — толькі таму, што арганізатары не ведаюць, як гэта рабіць, сутыкаюцца з самымі распаўсюджанымі праблемамі. У Дырэкцыі “Славянскага базару ў Віцебску” назапашаны велізарны вопыт, але і мы маем патрэбу ў свежых ідэях. Тым не менш, гатовы падзяліцца сваімі напрацоўкамі, набытымі за 25 гадоў.

— Спонсараў з гадамі шукаць усё прасцей — ці наадварот?

— Займець спонсараў заўсёды складана. Усё залежыць нават не ад фестывальнага стажу, а ад фінансавай сітуацыі, ад таго, як развіваецца эканоміка ўвогуле. Каб менш залежаць ад яе магчымых хістанняў і тым больш спадаў, мы пачынаем работу з фундатарамі загадзя, адразу пасля завяршэння чарговага фестывалю. Бо гэта вялізная колькасць сустрэч, гутарак, дамоў. Але асабліва прыемна, што для многіх нашых партнёраў і спонсараў выгоды ў выглядзе рэкламы, пазіцыяніравання сваіх брэндаў у рамках буйнога міжнароднага форуму часам не з’яўляецца асноўным. Цікавасць да нашага фестывалю дыктуецца не адно камерцыяй. За гэты час у нас з’явіліся добрыя сябры, гатовыя падтрымаць нас у любой сітуацыі.

Прыемна, што фестываль актыўна асвятляецца ў СМІ. Дарэчы, іх шэрагі таксама пашыраюцца. Сёлета на “Славянскі базар у Віцебску” ўпершыню прыехалі журналісты “Еўраньюс” — значыць, пашырылася і колькасць нашых прыхільнікаў-гледачоў. Шмат матэрыялаў, наколькі я ведаю, з’яўляецца ў Сеціве, добра працуе наш афіцыйны сайт, які пастаянна абнаўляецца: у час фестывалю — увогуле па некалькі разоў на дзень, ледзь толькі з’яўляюцца навіны ці праходзіць нейкае мерапрыемства. Дый у сацыяльных сетках ідуць абмеркаванні фестывальных падзей, людзі шчыра дзеляцца сваімі ўражаннямі. Гэта не можа не радаваць! Бо ўсё гэта сведчыць, што фестываль карыстаецца попытам, што стаўленне да яго вельмі зацікаўленае.

— З боку Украіны таксама? Некалькі апошніх гадоў гэта краіна амаль не дасылала сваіх удзельнікаў — за выключэннем, бадай, канкурсантаў.

— Нягледзячы на ўсё, што адбываецца зараз ва Украіне (і, зразумела, зусім не спрыяе развіццю мастацтва), там заўважна жывая цікавасць да “Славянскага базару ў Віцебску”. Пра гэта сведчаць тамтэйшыя трансляцыі найбольш значных фестывальных падзей (гала-канцэртаў адкрыцця, закрыцця, конкурсу выканаўцаў эстраднай песні), якія, паводле падлікаў, сабралі больш за 10 мільёнаў гледачоў. Так што дэвіз фестывалю “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” актуальны як ніколі, яго значнасць толькі ўзрастае.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"