Сядзіба “ажыла” пасля рэстаўрацыі са снежня 2014 года. Прынамсі, і знешне і ўнутрана, яна ўжо нагадвала той зімой шыкоўную ёлачную цацку. Па маім перакананні, палацавая сядзіба Паклёўскага на сёння — самая прыгожая і самая малавядомая на Беларусі. Час ламаць стэрэатыпы…
Пасля здачы аб’екта ён займеў канкрэтны статус: філіял Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, які, дарэчы, мае даволі сціплую шараговую архітэктуру. Той рэдкі выпадак, калі філіял выгодна адрозніваецца ад галаўной установы. Але філіяльныя сцены і памяшканні заставаліся без ўпрыгожанняў, люстэрак, родавых партрэтаў і мэблі. Чым і як іх напаўняць у не вельмі спрыяльны эканамічны час?
Свет мяняюць асобы. Гомельскі калекцыянер антыкварыяту Сяргей Пуцілін (персона, вартая асобнага артыкула) аддаў палацу ў арэнду сваю мэблевую калекцыю, за што летась займеў званне лепшага мецэната вобласці. Мэбля — XIX стагоддзя: як раз тое, што трэба было. А падавалася, што мецэнаты ў нашай культуры — не надта ўласцівая з'ява. Не, пайшоў працэс, пайшоў.
Ускалыхнулася мясцовае грамадства. У выніку чырвонабярэжскі палац прыдбаў аўтэнтычнае люстэрка, тое, кажуць, што і пры магнатах адлюстроўвала іх шляхецкае жыццё. Да напаўнення музейнага філіяла падключылася і мытня. А мастак Віталь Адзінцоў прапанаваў серыю партрэтаў, дзе ўладальнікі сядзібы выпісаны сусальным золатам. Апрача гэтага, у палацы ёсць яшчэ дзве карцінныя галерэі (на першым і другім паверхах), дзе выстаўляюцца работы мясцовых жывапісцаў і прывазныя творы. Карацей, ёсць што паказваць экскурсантам. А пра што расказваць заўжды было. Таму і ахвотных наведаць экзатычныя ўладанні ўсё более.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жлобінскага райвыканкама Валянціна Няхай расказвае, што пры дапамозе гранта ПРААН для павышэння экскурсійнага патэнцыялу ў палацавых скляпеннях створаны рамесніцкія майстэрні. А да рэгістрацыі шлюбаў у музейным антуражы ў верасні дададуцца рэгулярныя тэатралізацыі з гісторыі мясцовай шляхты.
Пра адраджэнне флігеля і старасвецкага парка, аўтарам якога сталі ў свой час замежныя ландшафтныя архітэктары, казаць яшчэ рана. Пры належным фінансаванні работы распачнуцца і на гэтых аб’ектах.