Ці насамрэч так? Мы папрасілі патлумачыць кіраўніка гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Мікалая Бандарчука. Спадар Бандарчук таксама не ў захапленні ад сітуацыі, якая склалася. На працягу некалькіх апошніх гадоў у Гродне пэўныя грошы на закупку твораў мастацтва выдаткоўваліся стабільна. Дзякуючы гэтаму, у абласным цэнтры і рэгіёне наогул захоўваўся даволі высокі ўзровень выяўленчага мастацтва. На думку Бандарчука, рашэнне аб спыненні закупак можа быць абумоўлена тым, што людзі, якія непасрэдна не сутыкаюцца з культурнай сферай, маюць кепскае ўяўленне пра яе праблемы. Скажам, бачыць нехта на выстаўленай у салоне карціне ці скульптуры цэннік з немалой колькасцю нулёў і робіць з гэтага высновы пра ўзровень дабрабыту мастакоў. А калі гэта будзе чалавек, надзелены ўладай, што мае абавязак ашчадна ставіцца да бюджэтных сродкаў, ён можа падумаць, што нічога з мастаком не зробіцца, калі яго пазбавіць дзяржаўнай падтрымкі. Маўляў, пры такіх заробках падвышка камунальных тарыфаў мастаку не страшная. Між тым, гэта яшчэ вялікае пытанне, ці знойдзецца на той твор з сур’ёзным цэннікам пакупнік. У любым выпадку продажы здараюцца не часта. І калі такі заробак падзяліць на дванаццаць месяцаў года, дык фінансавая карціна будзе вартай жалю. Творчасць, па вялікім рахунку, не корміць. Нездарма многія мастакі вымушаны яшчэ і на службу хадзіць, каб мець больш-менш гарантаваную капейчыну. Разам з тым, на думку спадара Бандарчука, мастакі мусяць шчыльна кантактаваць з органамі ўлады, каб давесці ёй сваё рэальнае становішча і патлумачыць адмоўныя наступствы скарачэння фінансавай падтрымкі мастацкай сферы.
Напрыканцы размовы Мікалай Бандарчук параіў нам пацікавіцца, якая сітуацыя ў іншых арганізацыях Беларускага саюза мастакоў. Па ягоных звестках, там адбываецца тое ж, што і ў Гродна. Мы вырашылі звярнуцца па гэтай тэме да старшыні гомельскай абласной арганізацыі БСМ Ларысы Зуевай. Выбар абумоўлены тым, што Дзень беларускага пісьменства будзе праходзіць у раённым цэнтры Гомельшчыны — Рагачове. Гэта акалічнасць стварае ўмовы для больш пільнай, чым звычайна, увагі да культурных патрэб рэгіёна. На жаль, спадарыня Зуева пацвердзіла слушнасць слоў Мікалая Бандарчука: у Гомелі з фінансаваннем закупак тое самае. Больш за тое, у Дзень пісьменства ў Рагачове планавалі адкрыць мемарыяльную шыльду ў гонар Уладзіміра Караткевіча. Некалькі скульптараў працавалі над ёй на працягу года. А цяпер, не выключана, на такую раскошу грошай не будзе…
Далей мы звярнуліся да брэсцкага мастака Льва Алімава, які афіцыйных пасад у сістэме БСМ не займае, але, як маглі заўважыць нашы чытачы, калі звярталі ўвагу на ягоныя інтэрв’ю і калонкі, друкаваныя ў нас, у культурнай сітуацыі арыентуецца добра. Дык вось, на ягоную думку, тое, што зараз адбываецца, мусіла адбыцца раней ці пазней. Эканамічныя цяжкасці, якія перажывае наша краіна, толькі прыспешылі гэтыя падзеі. У Беларусі ўвогуле даволі доўга паміж мастаком і дзяржавай захоўваліся стасункі на савецкі ўзор, калі дзяржава мастака і апякуе, і кантралюе. Але ж Савецкага Саюза ўжо чвэрць стагоддзя як няма. Надышоў час кантактаў больш прагматычных і эканамічна абгрунтаваных. А тое, што праз гэта даводзіцца мяняць звычкі, што адбываецца псіхалагічная “ломка”, усё адно калі-небудзь мусіла адбыцца…
Можа, спадар Алімаў разважае і занадта жорстка, але ён гаворыць як чалавек, які нічога ні ў каго ніколі не прасіў. У тым ліку, і ў дзяржавы. Усяго дамогся сам.
А вы як мяркуеце? З пытаннем, ці ёсць у бюджэце вобласці грошы на закупку твораў мастацтва, мы звярнуліся да Сяргея Давыдзіка, галоўнага спецыяліста Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, адказнага за прафесінае мастацтва і творчыя саюзы. Сяргей Мікалаевіч запэўніў нас, што праблемы няма, што грошы на закупку ёсць, і што яны дойдуць да мастакоў у адпаведнасці з распрацаванай працэдурай.
P.S. Сацыяльна-эканамічная сістэма савецкай пары гарантавала ўсеагульную занятасць, але стрымлівала тэхнічны, а значыць і сацыяльны прагрэс. Кіраўнікі вытворчасці, ведаючы, што скарыстанне новых тэхналогій прывядзе да скарачэння рабочых месцаў і клопату, куды падзець беспрацоўных, да мадэрнізацыі вытворчых працэсаў ставіліся падазрона, каб не сказаць варожа. Іх больш цікавіла, як захаваць рабочыя калектывы і сацыяльныя гарантыі для іх. Беспрацоўя афіцыйна не было, але закардонныя эканамісты сцвярджалі, што яно ў нас “схаванае”, і калі-небудзь усё адно выбухне. Чым гэта для краіны скончылася, мы ведаем…
Тыя ж ці амаль тыя ж прынцыпы дзейнічалі і ў іншых сферах. У тым ліку — і ў культурнай. Прынамсі, кожны, хто меў адпаведную адукацыю і лічыўся членам творчага саюза, аўтаматычна атрымліваў права на дзяржаўную апеку, на дзяржаўны заказ. Гэта было зафіксавана на паперы. Рэальна, па жыцці, было інакш… У Беларусі і сёння захоўваюцца некаторыя савецкія рэаліі. Але, натуральна, рухаючыся да сусветных стандартаў у сацыяльным жыцці і эканоміцы, мы непазбежна будзем ад такіх перажыткаў пазбаўляцца. Трэба быць гатовымі да таго, што гэта можа адмоўна адбіцца на канкрэтных лёсах і творчых біяграфіях. Калі вы не згодны з тэзай “выратаванне тапельцаў — справа саміх тапельцаў”, давайце разам думаць, як пазбегнуць стрэсаў і страт.