Першым на шлях абыгрывання “ў сваіх мэтах” дэнамінацыі ступілі ў Полацку, распачаўшы 21 мая, у рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, мерапрыемства “Ноч рубля напярэдадні дэнамінацыі”. У афішы музейнай ночы былі прадстаўлены квэсты, выставы, канцэрты, кінапаказы, гульні, экскурсіі, якія аб’ядноўвала грашовая тэматыка. Так, у Дзіцячым музеі тады адбыліся ўрокі займальнай арыфметыкі для дзяцей і дарослых, у Экалагічным музеі дэманстраваліся мультфільмы пра гісторыю грошай, у краязнаўчым прайшоў квэст “Money-манія”. А ў дворыку Доміка Пятра І усе ахвотныя змаглі паўдзельнічаць у манетным атракцыёне “Грошы на бочку”. Акрамя таго, у гэты дзень у полацкіх музеях можна было таксама ўбачыць памятныя манеты Нацбанка Беларусі, экспазіцыі “Беларусь на грашовых купюрах” ды “Флора і фаўна на банкнотах і манетах краін свету”.
А ўжо ў гэтую нядзелю, 26 чэрвеня, у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі стартуе акцыя “Тысяча, бывай!”, прысвечаная сімвалічнаму расстанню з купюрай старога ўзору наміналам у адну тысячу рублёў. Калі хто не памятае, дык менавіта на гэтай банкноце 17 гадоў таму быў адлюстраваны музейны фасад і фрагмент адной з карцін Івана Хруцкага, якая знаходзіцца ў экспазіцыі ўстановы. Цягам усяго дня кошт уваходнага білета ў музей складзе тую самую тысячу рублёў, а кульмінацыяй стане ўрачыстае падпісанне тысячнай купюры, што трапіць у музейны фонд, генеральным дырэктарам установы Уладзімірам Пракапцовым. Акрамя таго, кожны ахвотны зможа ў гэты дзень прыняць удзел у шэрагу цікавых музейных акцый.
У сваю чаргу, 29 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачне працаваць выставачны праект “Ад рымскага дынарыя да беларускага рубля”. Назва выставы абрана не выпадкова: экспазіцыя павінна пазнаёміць наведвальнікаў музея з гісторыяй грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі ад першага масавага з’яўлення рымскіх манет і да сучаснасці. Асаблівая ўвага будзе нададзена грашовым рэформам, якія адбываліся на беларускіх землях у розныя часы. Асобны раздзел выставачнага праекта распавядае пра манетныя скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі нашай краіны. А дзве мастацкія інсталяцыі ўвасобяць розныя сітуацыі, звязаныя з грашыма. Так, інсталяцыя “Знаходка скарбу” распавядае пра момант раскрыцця каштоўнага захавання, а “Кабінет нумізмата” рэканструюе працоўнае месца калекцыянера ХІХ стагоддзя. Інтэрактыўны элемент дадзенага праекта — дэтэктар банкнот, на якім кожны ахвотны можа праверыць наяўныя папяровыя грашовыя знакі.
Што і казаць, усе названыя праекты — досыць цікавыя, асабліва полацкі, які і запачаткаваў, так бы мовіць, “дэнамінацыйную” тэндэнцыю. Прычым палачане тады, у “Ноч музеяў”, папраўдзе кажучы, сапраўды “выбіваліся” са сваім праектам на фоне іншых як рэгіянальных, так і сталічных устаноў. У інтэрнэце і СМІ пра крэатыў полацкіх музейшчыкаў пісалі шмат, дэманструючы вялікую колькасць фота з імпрэз і акцый.
Я гэта да таго, што музеям зусім не абавязкова чакаць нейкай агульнарэспубліканскай ці нават міжнароднай акцыі, каб заявіць пра сябе. Напрыклад, той жа “Ночы музеяў”. Зарабляць грошы і піярыць сябе можна з любой нагоды. І такія з’явы як дэнамінацыя можна, як бачна, выкарыстоўваць з карысцю для сябе.
Між тым, у паездках па рэгіёнах Беларусі мне неаднаразова даводзілася чуць такое: “Эх, каб вы прыехалі да нас летась, калі мы ладзілі Ноч музеяў (Ноч бібліятэк)! Во дзе было цікава!” І ў якасці доказу мне звычайна дэманстравалі фотаздымкі, буклеты з мінулай акцыі, згадваючы падрабязнасці. Калі ж я пытаў, ці была сёлета падобная “Ноч…”, дык у адказ часцяком мае суразмоўцы толькі паціскалі плячыма: маўляў, кожны год яе ладзіць цяжка, трэба ж і сцэнарый прадумаць, і новыя конкурсы распрацаваць, ды і грошай на прызы ў нас не так багата…
Але справа тут, канешне, не ў прызах ці акцыях. Справа ў піяры, у тым, каб прыцягнуць увагу да ўстановы культуры, прывабіць сваёй крэатыўнасцю ўсё новых і новых наведвальнікаў… Ночы музеяў ці бібліятэк — добрая для гэтага нагода, але хто сказаў, што абавязкова трэба чакаць наступных міжнародных акцый? Іх можна стварыць і самастойна, прычым літаральна “на пустым месцы”. Было б толькі жаданне, зладжаная каманда і крэатыўны лідар… А вось гэтых складнікаў многім айчынным установам культуры — не толькі музейным, а і ўсім іншым — на жаль, хранічна не стае…
Фота Юрыя ІВАНОВА