Ці лёгка быць аўтаномным?

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Пару словаў пра новае ў дачыненні да фінансавання ўстаноў культуры Беларусі. За прыклад для такой гаворкі можна ўзяць тую сістэму, якая дзейнічае ў сферы культуры суседняй Расіі. Пабываўшы некалькі дзён на Браншчыне, я быў здзіўлены тым, што там у сферы культуры сёння існуюць як казённыя, так і бюджэтныя ды аўтаномныя ўстановы.

/i/content/pi/cult/591/13138/4-22.jpgУ чым іх асаблівая ды прынцыповая розніца? Казённыя ўстановы культуры цалкам адпавядаюць сённяшнім беларускім, поўнасцю залежаць ад дзяржаўнага фінансавання, атрымліваюць субсідыі з раённых, абласных ці рэспубліканскіх органаў кіравання. А ўсе грошы, што зарабляюць на платных паслугах, яны павінны пералічваць на агульны рахунак вышэйшай арганізацыі — у бюджэт.

У сваю чаргу бюджэтныя ўстановы адрозніваюцца ад казённых тым, што калі яны ажыццяўляюць дзейнасць, якая прыносіць даход, дык гэтыя грошы могуць выкарыстоўваць на свае патрэбы, не пералічаючы іх у казну. Гэта, кажучы сучаснай мовай, той варыянт, які найбольш задаволіў бы многіх айчынных работнікаў культуры: дзяржава нас падтрымлівае фінансава, а тое, што мы зарабляем, — наша. Менавіта пра такую схему мне неаднойчы казалі многія кіраўнікі ўстаноў культуры ў рэгіёнах Беларусі. Маўляў, дайце нам нашы грошы — і ўсё будзе “ў ажуры”, бо мы самі ведаем, што нам набываць, што рамантаваць, калі прэміраваць супрацоўнікаў, а калі — не.

Іншая справа, што кіраўнікі падобных устаноў культуры, на мой погляд, нагадваюць людзей са знакамітага выслоўя. Памятаеце, пра тых, хто хоча і рыбку з’есці, і ногі не замачыць? І сапраўды: субсідыі ад дзяржавы будуць, мае грошы ад мяне нікуды не падзенуцца, карацей, не жыццё настане, а маліна. Між тым, не ўсё так проста. Установа культуры ў Расіі, хай сабе і бюджэтная, поўнасцю падпарадкавана органам улады на месцах. І менавіта ўлады прымаюць канчатковае рашэнне пра тое, ці варта на пазабюджэтныя даходы набываць апаратуру ці інструменты, павышаць заробкі ці выплачваць прэміі ды ладзіць рамонт. Так што поўнай свабоды і тут няма, хоць, зразумела, яе нашмат больш, чым у казённых арганізацыях.

А калі хочацца яшчэ большай свабоды дзеянняў, дык вам у “клуб” аўтаномных арганізацый. Такія ўстановы культуры маюць сваім кіраўнічым органам не толькі ўладныя структуры, а і савет заснавальнікаў. Менавіта гэты савет размяркоўвае прыбыткі, аплачвае набыццё інструментаў, абсталявання, працуе са спонсарамі і гэтак далей. Акрамя таго, па рашэнні савета могуць быць прэміраваны супрацоўнікі, ім можа быць усталяваны той або іншы заробак, а яшчэ гэты кіраўнічы орган можа прыняць рашэнне аб узяцці крэдыту, укладанні свабодных фінансаў у банкаўскія дэпазіты і гэтак далей.

Што яшчэ? Аўтаномная арганізацыя, у адрозненне ад бюджэтнай, у значна большай ступені павінна разлічваць на сваю актыўнасць, бо заснавальнік (савет) фінансуе той аб’ём яе дзейнасці, які вызначаецца пэўнымі задачамі. І, натуральна, невыкананне нейкіх запланаваных паказчыкаў адбіваецца як на заробках супрацоўнікаў, так і на паспяховай ці стратнай рабоце ўстановы культуры.

Ёсць, канечне, і некаторыя іншыя асаблівасці аўтаномных арганізацый, але спынюся пакуль толькі на названых. І згадаю, што акрамя перавагаў, у аўтаномных арганізацый ёсць і пэўныя мінусы.

Гэта, у першую чаргу, рызыка. Бо калі ў бюджэтнікаў усё зразумела, спланавана і фінансуецца паводле зацверджанага загадзя каштарысу, дык аўтаномныя арганізацыі залежаць ад паступлення даходу (ад продажу білетаў, аказання дадатковых паслуг), ад кампетэнтнасці кіраўніцтва (скажам, не выключаецца, што могуць быць згублены фінансавыя сродкі, укладзеныя ў пэўны банк, не выплачаны ў вызначаны тэрмін крэдыт і гэтак далей). Да таго ж пралікі ў фінансавай сферы — гэта крымінальная адказнасць. Так што там, дзе большая свабода — там, натуральна, і большая адказнасць.

З маіх размоў з расійскімі работнікамі сферы культуры я зрабіў для сябе пэўныя высновы. Калі, скажам, арганізацыя досыць вялікая (кшталту абласнога музея ці рэгіянальнага метадычнага цэнтра) і можа зарабляць грошы на аказанні сваіх паслуг ды прыцягваць спонсарскія сродкі, дык ёй лепш быць аўтаномнай. А вось малым установам культуры — СДК, раённым музеям ці музычным школам больш мэтазгодна заставацца казённымі ці бюджэтнымі. Так працаваць больш звыкла, і, пэўна, не так страшна.

Мяркую, што з цягам часу падобная сістэма можа быць узятая “на ўзбраенне” і ў Беларусі. Але ці гатовы да гэтага айчынныя культработнікі? Ці гатовы яны “плаваць” у рынкавым моры і не патануць у яго фінансавых хвалях? Пытанне гэтае пакуль з даволі няпэўным адказам...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"