“Таму што…”: ад адаптацыі да "фі"

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Зараз пайшла тэндэнцыя — выстаўляць арт-аб’екты з рэчаў побытавага ўжытку. І выстава “Таму што…” у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў — не выключэнне.

/i/content/pi/cult/590/13114/8-2.jpgКалісьці пасля прагляду выстаў я любіла пагартаць кнігу водгукаў. З часам жадання браць яе ў рукі станавілася ўсё менш: шаблонны “Дзякуй!”, “Усё вельмі спадабалася!” надакучылі. А што пра тое мастак думае? Можа, і ён хоча іншы раз убачыць у гэтай кнізе нейкія заўвагі або прапановы?.. Сваю, скажам так, “традыцыю” я парушыла падчас арт-фэсту “Таму што…” (куратар — кіраўнік секцыі графікі БСМ Уладзімір Савіч). Пасля чарговых “Дзякуй” убачыла запіс раззлаванага мінчаніна, які выказаў сваё “фі” наконт выстаўленага, як ён напісаў, “смецця”. А мне адразу захацелася падыскутаваць. Мяркую, гэту з’яву варта ўспрымаць натуральна, як этап у сучасным арт-працэсе, як эксперыменты творцаў. Ну а задача арт-фэсту — паказаць, што можна зрабіць з побытавых рэчаў, іншымі словамі, надаць новы, магчыма, арыгінальны сэнс, новае жыццё (што больш дакладна) прадметам або матэрыялам.

Многія творы наведвальнікі ведаюць па іншых экспазіцыях. Згадаем “Чаканне” Паўла Вайніцкага, які з папярэдняга арт-праекту ў Палацы мастацтва “Семечкі” “перайшоў” у “Таму што…”, але без верша Максіма Багдановіча, або “Кармушка для птушак” Мікалая Дробыша. Можна ўбачыць “універсальныя” творы, “прысвячэнні” (напрыклад, Васіля Зянько і Аляксея Хацкевіча “Малевічу…”), галовы класічных скульптур, “адаптаваныя” да сучаснасці (Іна Салдатава “Муза Гаргона”, Глеб Сідарэнка “Механізм гуку”) , праект “Птушкі сусвету”…

“Крокі ў горадзе” Уладзіміра Савіча — аб’ект, складзены з дзвюх частак — абутку і, гучыць жудасна, “ампутаваных” ног. Зробленыя з газет мужчынскія і жаночыя чаравікі нагадалі аповесць “Неўскі праспект” Мікалая Гогаля, калі ў дэталях апісваецца кожны сацыяльны слой, які ў пэўны час крочыць па “целе” Неўскага. А чые крокі паказаў Савіч?.. Запомнілася “Вавілонская вежа” Жанны Марозавай і Алены Чэпелевай, сканструяваная з банак, кубачкаў, стаканаў, чарак. Каля арт-аб’екта — малаток, якім можна вежу разбіць. У наведвальніка ёсць выбар, што ні кажы. Спадабаліся металічныя творы Віктара Копача, напоўненыя адзінотай і трывогай, — “Стан”, “Госць у сне”, “У дзяцінстве”. Ёсць у іх адпаведны стан і настрой, якія Віктар удала перадаў. Інсталяцыя Васіля Зянько і Аляксея Хацкевіча “Home sweet home” вяртае нас да тэлепраекта “Дом 2”. Мастакі зрабілі драўляны трон, насупраць яго паставілі тэлевізар з гэтай праграмай. Што ж, для многіх за шчасце глядзець, як сварацца і мірацца падстаўныя героі.

Чаго ўвогуле можна пажадаць нашым выставачным праектам нават безадносна да “Таму што…”? Індывідуальнасці, а не “ўніверсальнасці”, калі адзін і той жа твор можна выстаўляць на розных праектах. Карацей, большай трапнасці выказвання — лепш менш твораў, але якасных, незвычайных, цікавых.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст