Лета — гэта...

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Лета — час падвоенай творчай актыўнасці. З першых дзён чэрвеня пра гэта сведчаць лісты нашых неабыякавых чытачоў.

/i/content/pi/cult/590/13112/10-2.jpg“У Міжнародны дзень аховы дзяцей, — піша Алена Беланожка, — Магілёў павіншаваў юных жыхароў з пачаткам летніх вакацый. У скверы 40-годдзя Перамогі прайшоў гала-канцэрт гарадскога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Звонкі капеж”. Арганізатары мерапрыемства — упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама і Гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу. У конкурсе ўзялі ўдзел больш за тысячу юных талентаў, якія цягам двух месяцаў спрабавалі сябе ў розных відах мастацтва. Праграмы прапанавалі сямнаццаць устаноў адукацыі і культуры.

Доўжыцца і Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны, пра які “К” пісала неаднаразова. У рамках названага праекта ў абласным метадычным цэнтры адбылася творчая прэзентацыя “Касцюковічы — вера, надзея, любоў!” Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы гэтага раёна Наталля Дробышава сцвярджае, што канцэртная праграма доўжылася паўтары гадзіны, хаця ніводзін калектыў не выходзіў на сцэну двойчы. Напрыканцы мерапрыемства эстафета фестывалю была перададзена Клічаўскаму раёну”.

Паведамляе Алена Сіняўская: “Брэсцкая гарадская цэнтральная бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна абвесціла пра конкурс творчых праектаў “Улюбёныя кнігі нашай сям’і”. Конкурсная работа павінна ўтрымліваць інфармацыю пра сям’ю, традыцыі чытання і аповед пра ўлюбёныя выданні”. Да прыкладу, шматдзетная сям’я Вітко прапанавала відэапрэзентацыю, а сям’я Лубковічаў — калекцыю экслібрысаў.

У аграгарадку Шчорсы, былых уладаннях асветніка і гуманіста Яўхіма Храптовіча, у трэці раз праводзіліся чытанні “Публічныя бібліятэкі на Гродзеншчыне: стан і перспектывы даследавання”. “Пачатак быў тэатралізаваны, — распавядае дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі Ірына Царук. — На сцэне рэй вяла Кніга”. Самай старэйшай бібліятэкай на Беларусі лічыцца Гродзенская абласная імя Яўхіма Карскага. Свіслацкай раённай сёлета спаўняецца 117 гадоў. Першая народная бібліятэка ў Лідзе адкрылася пры чайной… Падчас чытанняў працавала выстава “Рарытэты з фондаў навагрудскіх бібліятэк”. Тут былі выданні-малюткі, кнігі з аўтографамі.

Загадчык сектара культуры і вольнага часу аграгарадка Грынкі Свіслацкага раёна Марыя Самалевіч дзеліцца ўражаннямі ад стасункаў з іншымі аграгарадкамі Свіслаччыны. “Літаратурнае свята ”Валошкі ў жыце маім”, — піша яна, — было прымеркавана да 125-годдзя Максіма Багдановіча. Многія прывезлі зборнікі вершаў паэта, фотаздымкі з асабістых архіваў… І, натуральна, гучалі вершы. У конкурсе чытальнікаў удзельнічалі аматары прыгожага слова ад 10 да 72 гадоў”.

Яшчэ пра адно свята аграгарадка, гэтым разам — Акцябрскага ў Віцебскім раёне, расказвае вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка. У раённым конкурсе “Цудоўны свет, які спявае” бралі ўдзел паўсотні дзяцей і падлеткаў. Самымі лепшымі аказаліся Міша Лапухоў (Віцебскі РДК), Аліна Пагарэлава (Акцябрская ДШМ), Дар’я Рагожкіна (Вараноўскі СДК). “У гэты дзень, — дадае аўтар, — можна было наведаць і пленэр ганчароў “Гліна спявае”.

Акцябрскі ёсць і на Гомельшчыне. Толькі не аграгарадок, а гарадскі пасёлак. І менавіта ў ім 23 — 26 чэрвеня пройдзе Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Пра гэта нагадвае метадыст Цэнтра культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна Людміла Вырвіч. “Сёлета, — піша яна, — да нас завітаюць больш за трыццаць калектываў з Беларусі і замежжа. Праграма прадугледжвае правядзенне турніру фальклорных дзіцяча-маладзёжных калектываў, якія прэзентуюць танцавальную і песенную творчасць, пакажуць фрагменты традыцыйнага вяселля і ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Навінкамі стануць конкурсы музычна-інструментальных капэл традыцыйнага складу і салістаў-выканаўцаў традыцыйных танцаў у пяці групах”.

18 — 19 чэрвеня ля возера ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна адбудзецца абласное свята народнага гумару “Спораўскія жарты”. У праграме: фэст гумару, конкурсная праграма, танцы, тэатралізацыі, абрадавыя дзеі, гала-канцэрт.

7 — 9 чэрвеня ў Наваполацку прайшоў VIII адкрыты міжрэгіянальны пленэр-конкурс юных мастакоў “Палітра Прыдзвіння”. У дзіцячай мастацкай школе імя Івана Хруцкага сабраліся прадстаўнікі пяці краін Еўропы. Ад гарадскіх пейзажаў яны перайшлі да ландшафтаў Заходняй Дзвіны. А потым быў творчы дзень на сядзібе ў вёсцы Арэхаўна. Шэраг работ прысвечаны ўраджэнцу гэтых мясцін Івану Хруцкаму.

Сёння ў Клічаве — юбілейны канцэрт узорнага фальклорнага гурта ”Купалачка”. Дырэктар ДШМ райцэнтра Уладзімір Суравец паведамляе, што “канцэрт называецца ”Кола жыцця 20”, а гурт з’яўляецца носьбітам каляднага абраду “Куры”. У праграме канцэрта — аўтэнтычны фальклор, нашы народныя песні і танцы, абрадавыя элементы”.

Да 15 чэрвеня ў Аршанскім гарадскім цэнтры культуры “Перамога” працуе выстава работ народнага клуба самадзейных мастакоў “Рэнесанс”. Выстава дэманструе шырокі дыяпазон стыляў: ад рэалізму да абстракцыі. У складзе клуба — 25 жывапісцаў, скульптараў, майстроў.

Алена Ламека, загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, піша пра раённую акцыю “Жыве мая вёска!” Аўтарка падкрэслівае, што акцыя ладзіцца для захавання традыцый, вывучэння і прапаганды гісторыі роднага краю, фарміравання павагі ды ўдзячнасці да жыхароў маланаселеных і аддаленых паселішчаў. На Зэльвеншчыне — 123 населеныя пункты ў складзе 9 сельсаветаў. У 88 маланаселеных і аддаленых пражывае 2 800 чалавек, у асноўным — пенсіянеры. У асобных паселішчах жывуць 8 — 10 вяскоўцаў. За апошнія гады знесена 280 хат. Што робіцца для гэтых жыхароў? Летась правялі для іх больш за 200 мерапрыемстваў. Стаўка цяпер робіцца на святы вёсак. “Нядаўна мы адзначылі яго ў вёсцы Звёздная Крамяніцкага сельскага савета, — піша Алена Ламека. — Вяскоўцы прывялі да ладу падворкі, вуліцы, падрыхтавалі выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выступіў калектыў сектара па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка Князева”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"