111 у сюаньчжы

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

17 мая, напярэдадні 24-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем, у Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “111 гадоў кітайскаму кінематографу”.

Ва ўрачыстасцях маюць намер прыняць удзел, сярод іншых, міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў, генеральны дырэктар кампаніі "Rakurs (Beijing) Movie&Television Culture Communication Company Ltd” спадарыня Ван Хунхуа, першы намеснік дырэктара Кінамузея спадарыня Лі Мілі. 17 і 19 мая канал “Беларусь 1” пакажа фільм “Паляўнічыя на скарбы”, якія прадаставіў кітайскі бок.

Кінематограф з’явіўся ў Паднябеснай ўжо на наступны год пасля зараджэння новага віду мастацтва. Ужо ў 1905 годзе Пекін падараваў публіцы першую мясцовую стужку. У Нацыянальнай бібліятэцы распавядуць пра ранні перыяд развіцця кітайскага кінамастацтва, пра з’яўленне гукавых стужак і прагрэсіўны перыяд 1930 — 1940-х, а таксама пра тое, як ён стаў складнікам культурнага будаўніцтва ў Новым Кітаі ў 1949 — 1979-х гадах, а таксама перыяду рэформ і развіцця. На пачатку ХХІ стагоддзя ў кінаіндустрыю пачалі прыцягвацца інвестыцыі з крыніц розных форм уласнасці, вырасла доля кінапрадукцыі сумеснай вытворчасці, а разам з тым і ўплыў кітайскага кінематографа ў свеце. Асаблівую ўвагу на выставе надалі музычнай драме. “Кітайская опера” з’яўляецца адным з захаваных да нашых дзён старадаўніх відаў тэатральнага мастацтва. Як цэласны кірунак яна сфармавалася ў ХІІ стагоддзі і сёння займае асабістае месца ў гісторыі культуры азіяцкай краіны.

Экспанаты для паказу ў Нацыянальнай бібліятэцы выкананы ў традыцыйным стылі: у выглядзе світкаў са спецыяльнай паперы “сюаньчжы” ручнога вырабу на шаўковай падкладцы. Важнае месца ў экспазіцыі займаюць карціны, выкананыя ў традыцыйных тэхніках жывапісу тушшу, выразання сілуэтаў і складвання фігур з паперы. Гэта мастацкія анімацыйныя фільмы Кітая, якія прайшлі доўгі перыяд развіцця і адметны разнастайнасцю мастацкіх формаў, сюжэтаў і сталай тэхнікай выканання. Яны адлюстроўваюць багатыя нацыянальныя традыцыі Паднябеснай.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"