“Мастакі…” — у базе даных

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

У Віцебскай абласной бібліятэцы да Года культуры прымеркавалі прызентацыю маштабнай камбінаванай базы даных “Мастакі Віцебшчыны”.

Аснову склалі матэрыялы пра жыццё і творчасць жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва і інсталяцыі, якія з’яўляюцца членамі Беларускага саюза мастакоў, а таксама фотамайстроў і мастацтвазнаўцаў. Пры стварэнні рэсурсу супрацоўнікі бібліятэкі выкарыстоўвалі бібліяграфічныя і паўнатэкставыя матэрыялы, фотадакументы з архіваў бібліятэкі, абласной арганізацыі БСМ, асабістых архіваў творцаў.

“Мастакі Віцебшчыны” маюць тры моўныя версіі — беларускую, англійскую і рускую. На сёння ў базу ўключаны 144 персаналіі. Асноўныя часткі рэсурса: “Артхранограф” (пра гісторыю станаўлення і сённяшні дзень мастацкага жыцця рэгіёна) і “Партфоліа” — персанальная інфармацыя пра мастакоў (біяграфія, бібліяграфія, выставачная дзейнасць, рэпрадукцыі, фотаматэрыялы). Звесткі ўвесь час актуалізуюцца.

Як распавядае кіраўнік праекта — загадчык аддзела літаратуры па мастацтве Вольга Дарафеева, ідэя стварэння такой базы з’явілася ў супрацоўнікаў бібліятэкі дзесяць гадоў таму, тады ж і пачалі збіраць матэрыялы. У выніку практычна кожны раздзел рэсурса стаў паўнавартасным міні-даследаваннем, звесткі адкуль будуць незаменныя для краязнаўцаў, гісторыкаў, студэнтаў. Па сутнасці, цяпер гэта найбольш пэўная і каштоўная крыніца інфармацыі для ўсіх, хто цікавіцца выяўленчым мастацтвам Віцебшчыны.

Адначасова ў бібліятэцы адкрылася выстава “У зорным небе” — як даніна памяці тым віцебскім мастакам, каго ўжо няма з намі. Дзевяць з іх мы страцілі за апошнія два гады: гэта Анатоль Кавалёў, Аляксандр Дасужаў, Валерый Чукін, Мікалай Образаў, Віктар Андросаў, Леанід Анцімонаў, Анатоль Ізаітка, Валерый Лябедзька, Рыгор Клікушын. Тут выстаўлены збольшага малавядомыя працы.

Дадамо, што база даных даступная на сайце абласной бібліятэкі http://www.vlib.by/.

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск