Тамара Скварцова і Раман Салаўёў у спектаклі "Пахавайце мяне за плінтусам". / Фота прадастаўлена тэатрам
— У мяне ніколі не было мары сыграць пэўную ролю. Я чалавек сціплы. Але з часам адметныя прапановы самі “касяком” пайшлі. Асабіста мне бліжэйсучаснасць: не адчуваю сябе ні ў VIII, ні ў XIX стагоддзі. А вось графіня Растапчына ў “Афінскіх вечарах” мне блізкая, няхай тое і не зусім звыкла для мяне: гэта ж дама шляхетнага паходжання, хоць ад яе шляхетнасці мала што засталося, бо дваццаць адзін год Растапчына адбыла ў лагерах, не зламаўшыся. Дзякуй рэжысёру, што пайшоў са мной на такі эксперымент! З вялікай прыемнасцю граю Бабулю ў “Белым анёле з чорнымі крыламі”, з класічнага рэпертуару мне блізкая Карміцелька з “Рамэа і Джульеты”. Сустрэча з рэжысёрам гэтай пастаноўкі Валерыем Беляковічам — асобная старонка ў маім жыцці. Штодзень ішлі рэпетыцыі па сем гадзін, і ніхто з артыстаў не пікнуў, бо ўсе знаходзіліся пад магіяй гэтага чалавека, пад уплывам яго таленту. З класічных аўтараў хацелася б сустрэцца з драматургіяй Астроўскага, не адмовілася б яшчэ раз сыграць даму купецкага паходжання.
— Мабыць, самая яскравая роля апошніх сезонаў не толькі для вас асабіста, але і для тэатра наогул, — Бабуля ў спектаклі “Пахавайце мяне за плінтусам”. Яна прынесла вам некалькі важкіх узнагарод. Наколькі складана было працаваць над вобразам?
— Калі толькі даведалася, што ў тэатры мяркуюць ставіць гэты матэрыял, вельмі захацела працаваць у спектаклі. Бо адчула: маё, нават біяграфічна. Праўда, даведалася і аб тым, што на галоўную ролю запланаваны іншыя актрысы. Ды раптам падышоў да мяне Валерый Анісенка і прапанаваў паспрабаваць. Я нават заплакала: настолькі гэта супала з маімі жаданнямі. Не магу сказаць, што было складана, бо гаворка зноў-такі пра стопрацэнтна мой матэрыял. І мне патрабавалася хіба паглыбіцца ў яго, стаць натуральнай. Магчыма, цяжкасць палягала ў тым, што на дзве гадзіны на сцэне трэба ўмець “размеркаваць” сябе нават фізічна. Ну і апошнюю сцэну, дзе бабуля памірае, граць няпроста. Але ўсё зрабілі, як трэба. А яшчэ са мной вельмі таленавіты хлопец працуе, Раман Салаўёў (лічу, ён Богам пацалаваны). Дзе б мы ні паказвалі спектакль, усюды мелі поспех. Вядомыя маскоўскія крытыкі казалі, што зараз так ужо не працуюць, а ў Маскве актрысы так не граюць — на разрыў сэрца і душы.
— Вас доўгі час успрымалі найперш яскравай каларытнай народнай гераіняй з моцным тэмпераментам, валявым характарам. У гэтым плане роля Мальвіны ў “Несцерцы”, як кажуць, трапіла “ў яблычак”. Але прыходзіць рэжысёр Віталь Баркоўскі, і ён задзейнічае вас у сваіх спектаклях. А там — іншая стылістыка…
— Баркоўскі — асобная цікавая старонка і ў гісторыі тэатра, і ў маім жыцці. Мы пачалі з чытанняў п’ес нямецкай драматургіі, занялі з нашымі “Пісьменнымі” Маціяса Чокэ I месца на рэспубліканскім конкурсе. А потым ён вырашыў зрабіць з гэтага матэрыялу спектакль. Я там атрымала ролю пані Кранц. А зрэшты, чаму нам было не сустрэцца? Мы ж некалі гралі разам у Купалаўскім тэатры: у “Трыбунале” ён выконваў ролю Валодзькі, я — Галі, старэйшай дачкі Калабка. Віталь ужо ведаў, на што я здатная, таму, мабыць, і займаў мяне ў сваіх пастаноўках. Мая пані Кранц сталася вытанчанай асобай, нічога агульнага з той жа Мальвінай ды іншымі прыземленымі жанчынамі, роляў якіх выканала багата.
Потым дыпламат Уладзімір Драздоў перадаў Баркоўскаму сваю п’есу пра Шагала. (Там я зноў ўвасабляла жанчыну “з народа”, Сцяпанаўну — суседку мастака.) І спектакль “Шагал… Шагал…”, вельмі стыльны ды, разам з тым, надзвычай шчымлівы, прагрымеў на ўвесь свет! Мы з ім двойчы пабывалі ў Эдзінбургу (і нечакана атрымалі на тамтэйшым фестывалі Гран-пры), завітвалі ў Лондан, гастралявалі па Германіі, Польшчы, нават у Амерыцы апынуліся! (Урэшце, мы да апошняга не верылі, што сапраўды трапім у замежжа: гэта ж адбылося ці не ўпершыню за гісторыю тэатра!) І ўсюды мелі поспех. Згадваю, як у Лондане я заўважыла, што адзін дзядуля трэці раз прыходзіць на нашы спектаклі. “Я не ведаў, хто такі Шагал і дзе знаходзіцца Беларусь. А цяпер ведаю, што ёсць такая краіна, ёсць такі горад Віцебск і там працуюць выдатныя артысты”, — сказаў ён, калі спыталася пра тое. Іншым разам павезлі ў той самы Эдзінбург “Мадам Боншанс” — другую частку своеасаблівага трыпціху пра славутых віцебскіх мастакоў (гэтая — пра Хаіма Суціна). Ролю амерыканскай турысткі мне давялося весці на англійскай мове. Памятаю, аднойчы спектакль у рамках тэатральнага ўрока глядзелі ў Віцебску ўдзельнікі алімпіяд па замежных мовах: дык яны мне авацыю зладзілі падчас выступлення!
— Гэта адметныя падзеі не такога і даўняга мінулага. А якой бачыце будучыню Коласаўскага тэатра? І што вы як актрыса з вялікім досведам параіце яго кіраўніцтву, маладым артыстам?
— Ведаеце, раіць камусьці — справа няўдзячная. Хіба сваім блізкім альбо самой сабе... Сёння тэатру наогул вельмі цяжка. Кажуць, нібыта ён памірае, але я ўпэўнена: будзе жыць! Эканамічная сітуацыя складаная, і горш за ўсё тым трупам, што працуюць па-за межамі сталіцы. Гледачоў стала менш, і не праз тое, што тэатр не любяць, а з-за фінансавых складанасцяў. Можа, трэба змяніць рэпертуарную палітыку, разбавіць яе якаснымі камедыямі, каб і ў такіх варунках трошкі падцягнуць гледача да тэатра? Урэшце, думаю, што тыя складанасці часовыя. Я ўжо ў такім узросце, што хацелася б дачакацца больш спрыяльных умоў для сапраўднага мастацтва. Што да моладзі, дык яна ў нас працуе апантана. Магу гэта засведчыць як загадчык трупы: бываюць у маладых па тры-чатыры выклікі, але працуюць, хоць і адмовіцца маглі б. Хачу пажадаць ім сіл, цярпення, вытрымкі, каб моцна трымаліся за сваю прафесію.
— А што падштурнула пакінуць сталіцу, дзе вы ўдзельнічалі ў студэнцкім тэатры БДУ, студыі пры Купалаўскім, і звязаць сваё жыццё з Віцебскам?
— Дык я ж артысткай сябе адчувала з трох гадоў, калі наладжвала спектаклі перад суседзямі! Мяне цукеркамі за іх частавалі. А нарадзілася я на Случчыне, дзе, вядома, не было ніякіх тэатраў, але бацька быў вельмі артыстычным, добра спяваў, наогул — цікавы чалавек. Відаць, я ў яго і пайшла. Потым трапіла ў школу-інтэрнат у Нясвіжы, дзе пасля вёскі мяне ўразіла архітэктура, гістарычная атмасфера. А ў час экскурсій у Маскву, Ленінград пабачыла балетныя і драматычныя пастаноўкі. Пасля быў універсітэт, студэнцкі тэатр БДУ, якім кіраваў заслужаны артыст Латвіі Аляксандр Озераў. Там я сыграла Варвару ў “Навальніцы” Астроўскага, Любку Шаўцову з “Маладой гвардыі” Фадзеева, тэмпераментную Аніту з “Вестсайдскай гісторыі” паводле знакамітага галівудскага мюзікла (спектакль меў шалёны поспех у гледача). Відаць, гэта і падштурхнула мяне да паступлення ў студыю пры Купалаўскім тэатры. Там вучылі выдатныя майстры Леанід Рахленка, Барыс Эрын (на той час — галоўны рэжысёр), Зінаіда Браварская, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка. Яшчэ падчас вучобы мяне займалі ў масавых сцэнах, а першыя ролі — у тым самым “Трыбунале” Андрэя Макаёнка і ў спектаклі “Начное дзяжурства”. З новым галоўны рэжысёрам, які прыехаў з Масквы, у мяне не вельмі склалася, а тут на гастролі ў Мінск прыехаў Коласаўскі тэатр на чале з Сямёнам Казіміроўскім. Я паказалася — і была залічана ў трупу. Памятаю, як першы раз выйшла на віцебскую сцэну. У “Багне” Астроўскага даручыў мне Казіміроўскі эпізадычную ролю кухаркі Аксінні, бойкай, вясёлай дзяўчыны. Крытык Юрый Рыбакоў з Масквы так мяне адзначыў у гэтым спектаклі: “Гэта ваш майстар эпізоду”.
Як сустрэлі ў трупе? А як сустракаюць новых жанчын у тэатры? Вядома, успрымаюць насцярожана. Ды я ні на што не прэтэндавала, ні ў каго нічога не адбірала, чакала свайго часу і сваіх роляў, таму адносіны з калегамі склаліся добрыя. Урэшце, некалі мой педагог, выдатны купалавец Леанід Рахленка сказаў мне: “Вы будзеце граць пасля сарака, калі ў вас ураўнаважацца знешнія і ўнутраныя даныя”. Так яно і сталася. А Фёдар Шмакаў (для мяне — зорка планетарнага маштабу) з такімі словамі даручыў мне ролю Мальвіны, калі рабіў аднаўленне “Несцеркі”: “Прыспеў твой час”. (Гэта потым мы спазнавалі адно аднаго па-акцёрску ў пастаноўцы паводле Астроўскага. У нас была цудоўная фінальная сцэна (Фёдар Шмакаў быў рэжысёрам спектакля “Праўда добра, а шчасце — лепш”, а таксама бліскуча выконваў ролю адстаўнога унтэра Гразнова. — Ю.І.). Як мы “купаліся” ў ёй! І плакалі, і смяяліся, і танцавалі. З вялікай прыемнасцю прыгадваю і “Ружу ў чыстым полі” пра апошні дзень Юдэля Пэна. Мне цікава было пераўвасобіцца ў хітраватую жанчыну з адметнай знешняй характарнасцю. Фёдар Іванавіч жа проста геніяльна іграў. Да гэтага часу памятаю ягоныя вочы, вочы чалавека, які ўжо сыходзіць з жыцця: глядзіш на яго — нібыта ў прорву правальваешся. Хутка ён сапраўды памёр...)
— Вы гралі найперш эпізоды, ролі другога плану, пакуль вас не ўбачыў па-іншаму рэжысёр Валерый Маслюк. Як лічыце, чаму ён выбраў вас на ролю Агаф’і Ціханаўны ў гогалеўскай “Жаніцьбе”?
— Да гэтага часу не ведаю! Валерый Васільевіч мне патэлефанаваў і сказаў: “Прачытайце “Жаніцьбу”. Я прачытала і потым спытала яго: “Сваху буду граць?” — “Не, Агаф’ю Ціханаўну”. Ды якая з мяне Агаф’я Ціханаўна? І толькі калі даведалася, што галоўная роля ў Валодзі Куляшова, я ўсё зразумела. Рэжысёр хацеў бачыць немаладую пару ў добрым сярэднім узросце, якім асабліва патрэбна шчасце, нават больш, чым маладым. І дарэчы, усё ў нас добра атрымалася. (Да ўсяго Валодзя быў цудоўным партнёрам, у нас на рэпетыцыях усталяваўся кантакт, гралі, што называецца, вока ў вока.) Выдатныя былі водгукі ў прэсе, пастаноўка падабалася і акцёрам, і гледачам. Адсюль і пачалася мая біяграфія сапраўды галоўных роляў.