Талачыншчына / Пытанні — праз партал…
Жыхары Талачына атрымалі запрашэнне наведаць Талачынскую цэнтральную раённую бібліятэку і ўзяць удзел у Тыдні інфармацыі “У Год культуры — у бібліятэку”. Здавалася б, шараговая падзея для кожнай бібліятэкі. Аднак асаблівасцю дадзенага Тыдня стала тое, што ўсе імпрэзы праходзілі ў новым памяшканні, якое было адкрыта ў мінулым верасні падчас правядзення ў нашым раёне абласнога свята “Дажынкі”.
Сёння ва ўстанову запісана больш за тры тысячы чытачоў. Шмат новага і незвычайнага прапанавалі ім супрацоўнікі Талачынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і ў рамках Тыдня інфармацыі. Праграма ўключала наступныя мерапрыемствы: “Знаёмцеся: Букросінг”; “Свет культуры”: выстава-агляд; “Публічны цэнтр прававой інфармацыі запрашае…”; “Бібліяграфія — у дапамогу чытачам”; “Да нас новая кніга прыйшла”.
Скажам, выстава-агляд “Свет культуры” была арганізавана ў чытальнай зале. Супрацоўнікі бібліятэкі паспрабавалі прадставіць культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова: у нашай гістарычнай памяці, зберажэнні нацыянальных традыцый, творчай дзейнасці чалавека, духоўным развіцці, у стаўленні адзін да аднаго, у думках і пачуццях.
Наведвальнікі даведаліся і пра тое, што Публічны цэнтр прававой інфармацыі дае магчымасць карыстацца банкам даных адпаведнай інфармацыі нашай краіны “Эталон”. Пасля знаёмства з ПЦПІ у анлайн-рэжыме жадаючыя праз партал Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі задавалі пытанні юрысту-спецыялісту. Для школьнікаў быў праведзены прававы ўрок “Твае правы, падлетак”. Падчас яго вучні пазнаёміліся з асноўнымі дакументамі, у якіх зафіксаваны правы дзіцяці.
Чарговы інфармацыйны дзень прайшоў як дзень бібліяграфіі. Цікавасць да гэтага кшталту інфармацыі выявілі школьныя бібліятэкары, педагогі, навучэнцы, краязнаўцы. Аматараў чытання і камунікавання сабраў Дзень інфармацыі “Да нас новая кніга прыйшла”. У чытальнай зале і на абанеменце былі арганізаваны кніжныя выставы, тэматычныя паліцы. Спецыялісты бібліятэкі прапанавалі наведвальнікам кнігі, DVD-дыскі серый “Адукацыйная праграма”, “Агучаны твор літаратуры”; “Інтэрактыўны свет”, “Электронная бібліятэка — школьнікам”.
Потым удзельнікі Тыдня інфармацыі (больш за 150 асоб) запоўнілі анкету. Пасля аналізу адказаў на пытанні работа бібліятэкі будзе скарэктавана.
Ірына ТРУХАНЁНАК, бібліёграф Талачынскай ЦБС
Віцебшчына / Вынікі падвядзе сталіца
“Не старэюць душой ветэраны” — пад такой назвай у аграгарадку “Ноўка” Віцебскага раёна і гарпасёлку Ушачы адбыўся абласны конкурс клубаў “Ветэран” і ветэранскіх творчых калектываў, які сабраў каля 900 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны — а гэта, больш за 45 калектываў і 40 індывідуальных выканаўцаў у розных жанравых кірунках, аб’яднаных тэмамі роднага краю і Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася творчае спаборніцтва з мэтай героіка-патрыятычнага і эстэтычнага выхавання насельніцтва, развіцця і папулярызацыі традыцый аматарскай творчасці ветэранскіх калектываў.
“Гран-пры” ўдастоены народны хор Зубаўскага сельскага дома культуры Аршанскага раёна і народны хор ветэранаў Полацкага гарадскога палаца культуры. У намінацыі “Сольныя спевы” званне лаўрэата І ступені атрымалі Валянціна Скарадуля з Оршы і Анатоль Пашчанка з Полацка, які ў мастацкай самадзейнасці з 1951 года і з’яўляецца лаўрэатам больш як 20 фестываляў і конкурсаў.
Сярод калектываў-удзельнікаў ставала юбіляраў. Сярод іх — ансамбль песні “Крыніцы” жаночага клуба “Залаты ўзрост” Мазалаўскага сельскага дома культуры Віцебскага раёна (5 гадоў), народны яўрэйскі нацыянальны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Віцебскія дзяўчаты” Цэнтра культуры “Віцебск” (20 гадоў), народны хор чыгуначнікаў (20 гадоў), народныя клубы “Ветэран” з Талачына і Шуміліна (30 гадоў) і іншыя.
Дадзены конкурс адбыўся ў межах XIII Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў. Заключныя мерапрыемствы адбудуцца 5 — 6 мая ў Мінску. У іх возьмуць удзел і прадстаўнікі з Віцебскага рэгіёна.
Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ
Гродзеншчына / Пісанка ў тры метры
Амаль кожны аграгарадок Гродзенскага раёна мае сваё брэндавае мерапрыемства. 27 сакавіка яно з’явілася і ў Сапоцкіне. Упершыню тут адзначалі Свята пісанкі.
У 2003 годзе роспіс велікодных яек у гарадскім паселку быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Спецыяльна да свята была зроблена вялікая, каля трох метраў увышыню, пісанка, якую размясцілі на цэнтральнай плошчы каля Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра. Яна і стала сімвалам мясцовай традыцыі.
Розныя тэхнікі аздаблення велікодных яек паказалі майстры аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.
Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна- інфармацыйнага цэнтра
Іўе / Тэатр — мастацтва сінтэтычнае
Школа прафесійнага майстэрства на тэму “Тэатр — мастацтва сінтэтычнае” была арганізавана на базе Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу для кіраўнікоў калектываў аматарскай творчасці.
Вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела народнай творчасці Святлана Лугіна распавяла пра сцэнічнае майстэрства рэжысёра і акцёра, музычнае і мастацкае афармленне спектакля, падбор рэпертуару для тэатральных калектываў.
Падчас заняткаў прайшоў майстар-клас па харэграфіі на тэму “Карагоды Панямоння. Купальскі карагод”. Яго правяла кіраўнік танцавальных калектываў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка “Ліпнішкі” Настасся Грыбоўская. На практычных занятках быў развучаны купальскі карагод. Неабходна адзначыць, што прыездам у раён таленавітага харэографа Настассі Грыбоўскай пазначаны новыя тэндэнцыі ў развіцці харэаграфічнага жанру. Сёння пры аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы “Ліпнішак” працуюць тры дзіцячыя калектывы: “Аквамарын” (старэйшая група), “Сябрына” (сярэдні ўзрост) і “Вясёлка” (малодшая група).
Школа прафесійнага майстэрства прадэманстравала неабходнасць выкарыстання ў тэатральным жанры ўсіх відаў мастацтваў.
Лілія КІШКЕЛЬ, загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу