Пляцоўка паспяховых паказаў

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Цэлы тыдзень, пачынаючы з панядзелка, Магілёў будзе жыць пад знакам ХІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”. Завершыцца свята, паводле традыцыі, акурат у Дзень тэатра — 27 сакавіка.

— Сёлетні форум, — гаворыць яго галоўны арганізатар, дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандр Новікаў, — збярэ 20 спектакляў з дзевяці краін свету, у тым ліку з Арменіі, Балгарыі, Германіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны. Багата будзе прадстаўлена і Беларусь.

/i/content/pi/cult/578/12737/1-1.jpg

Свае працы пакажуць не толькі сталічныя і нашы магілёўскія калектывы, але і Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр. Як заўсёды, штогод мы імкнемся да разнастайнасці, пашыраем кола ўдзельнікаў і гасцей, запрашаючы не толькі ўжо знаёмыя нашым гледачам тэатры, але і ўсё новыя. Зразумела, спадзяёмся на творчыя адкрыцці — і зычым усім паспяховых паказаў, а гледачам — радасцей, роздумаў, зацікаўленых спрэчак і дыскусій.

Дарэчы, першы фестывальны спектакль паказваюць, так бы мовіць, “гаспадары-суседзі” — Магілёўскі абласны тэатр лялек. Таму лагічна было пачуць прывітальныя словы і ад яго дырэктара Уладзіміра Андрэенкі:

— Мы заўсёды рады прымаць на сваёй сцэне гасцей такога буйнога форуму. Бо карысць ад гэтага — усім. Да таго ж, “М.@rt.кантакт” прыцягвае да нашага тэатра ўвагу моладзі і дарослых, дапамагае разбурыць міф: маўляў, тэатр лялек — хіба што для дзяцей. На такія нашы спектаклі, як “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Пайзон” на экалагічную тэму, “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” прыходзіць шмат студэнтаў, старшакласнікаў. Дый паказваем мы спектаклі для дарослых даволі рэгулярна — па адзін-два разы на тыдзень. Зразумела, пасля неверагоднага поспеху нашага “Гамлета” ў пастаноўцы Ігара Казакова ўвага гледачоў і крытыкаў прыкавана да спектакля “На дне” таго ж рэжысёра. Гэта ўжо ягоны 20-ты спектакль за дзесяць гадоў працы ў нашым тэатры. Невыпадкова цяперашні люты быў аб’яўлены ў нас месяцам спектакляў Казакова — чым не “аўтарскі фестываль”? Што ж да п’есы Горкага, дык да гэтай складанай тэмы пастаноўшчык, безумоўна, знайшоў новыя падыходы. Спадзяемся, гэты спектакль дасць “М.@rt.кантакту-2016” добры старт.