Арганізатары фестывалю — Свята-Елісавецінскі манастыр Мінска і сястрынства ў гонар святой прападобнамучаніцы Марыі — падрыхтавалі насычаную духоўна-асветніцкую і забаўляльную праграму для гасцей усіх узростаў. У прыватнасці, наведвальнікаў чакаюць канцэртныя нумары, выстава-кірмаш вырабаў, створаных манастырскімі майстрамі, унікальныя майстар-класы па іканапісе, мастацкім роспісе вырабаў з дрэва, а таксама валянні. Кожны дзень фестывалю — сустрэчы з цікавымі людзьмі: са святарамі, педагогамі, псіхолагамі і медыкамі. У рамках падзеі адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы пройдуць не толькі ў бібліятэцы, але і ў школах, дзіцячых дамах і інтэрнатах. Самых маленькіх кожны дзень чакаюць прадстаўленні лялечнага тэатра “Батлейка” і кінапаказы. Па задуме арганізатараў спектаклі будуць ісці кожную гадзіну.
Акрамя таго, падчас фестывалю “Кладезь” будзе працаваць выстава-кірмаш вырабаў майстэрняў Свята-Елісавецінскага манастыра. Мяркуецца, што атрыманыя сродкі пойдуць на будаўніцтва дома для людзей без вызначанага месца жыхарства, дапамога дзецям-сіротам, былым зняволеным і людзям з аслабленым псіхічным здароўем.
Трэба сказаць, што дагэтуль “Кладезь” праводзіўся ўжо больш, чым у 80 гарадах і меў пазітыўныя водгукі ўдзельнікаў і гасцей.
Дарэчы, у Адукацыйным цэнтры пры Свята-Елісавецінскім манастыры 22 лютага адкрылі музей лялек “Дом радасці”. Калекцыю пачала збіраць сястра міласэрнасці Людміла Ждановіч. Сёння яе справу працягваюць кіраўнікі анімацыйнай студыі “Мы ёсць і мы разам!” Марыя Іванова і батлеечнай студыі пры нядзельнай школе сёстры Дарыя і Кацярына Чачко.
Калекцыя істотна папоўнілася пасля Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”. У конкурснай праграме прынялі ўдзел 19 калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны. Кожны тэатр прывёз для калекцыі музея ў падарунак сваю ляльку.
— Удзельнікі фестывалю з радасцю адгукнуліся на ідэю аб стварэнні музея. Мы плануем зрабіць гэта добрай традыцыяй. Гэты музей — своеасаблiвы мост, які звязвае прыхільнікаў батлеечнага мастацтва з Мінска з калегамі і аднадумцамі з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа, — распавяла прэсе, дырэктар конкурснай праграмы па Беларусі Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы” Святлана Семянюк.
Убачыць калекцыю лялек можна кожную нядзелю ў рамках паказальных выступленняў батлеечнай студыі пры манастыры.