Заплачу за першую лінію!

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Прыватныя харэаграфічныя гурткі і школы становяцца ўсё больш папулярныя, часам выцясняючы з лідзіруючых пазіцый дзяржаўныя школы мастацтваў. У нейкай ступені яны выконваюць сацыяльную функцыю кшталту “мастацтва для ўсіх”: тут няма адбору па пэўных сцэнічных даных, нароўні з аднагодкамі могуць займацца дзеці з рознымі фізічнымі недахопамі. Аднак у некаторых бацькоў узнікла ўпэўненасць у тым, што той, хто плаціць за заняткі, той і мае права ўказваць харэографу і ўмешвацца ў педагагічны працэс...

/i/content/pi/cult/576/12669/4-3.jpgСапраўды, прыватныя харэаграфічныя калектывы па ўсёй краіне растуць, як грыбы. У Мінску нават сфарміравалася моцная плынь тэатраў танца. Кожная з гэтых школ ужо займела пазнавальны брэнд, шырокае кола наведвальнікаў і добрую сетку філіялаў. Двойчы на год сталічныя ўстановы культуры арандуюцца пад справаздачныя канцэрты прыватнікаў. І маштаб уражвае: уявіце сабе, што адна з такіх харэаграфічных школ здымае канцэртную залу на тысячу трыста месцаў, а на сцэну пры поўным аншлагу выходзіць 47 калектываў (значыцца, што сама ўстанова мае амаль паўсотні філіялаў)!

Зразумела, танцавальнае баляванне адбываецца цалкам за кошт бацькоў. Зараз на ўсё ад шыцця строяў, падбору бутафорыі да той самай арэнды залы ды выездаў на конкурсы (у апошнім выпадку дадайце да пералічанага праезд, пражыванне, узнос за ўдзел і гэтак далей) бярэцца з кішэняў татаў і матуль. Да гэтага прызвычаіліся. Уражвае іншае: усё больш бацькоў дазваляе сабе ўказваць харэографу, як трэба ставіць нумар! Маўляў, я плачу грошы — таму малюнак танца неабходна змяніць, і маё дзіця мусіць стаяць у першай лініі, ну а настаўнік абавязаны прыслухоўвацца.

Здавалася б, чаго звяртаць увагу: незадаволеных ва ўсе часы было шмат. Але цяпер больш магчымасцяў ціснуць на педагога. Спачатку бацька трохгадовай малечы выказвае сваё незадавальненне харэографу, потым “пакрыўджаная” сям’я праходзіць па ўсіх сацыяльных сетках, дакараючы няшчаснага настаўніка ў прафесійнай недальнабачнасці ды накручваючы іншых бацькоў. Шліфуюць чорную хвалю у мабільнай праграме, каб на ўласным тэлефоне кожны з прадстаўнікоў навучэнцаў змог прачытаць, што пэўная сям’я сыходзіць з калектыву і трэба, каб усе астатнія таксама грукнулі дзвярыма. І вось ужо замест рэпетыцый з дзецьмі харэографу даводзіцца тлумачыць раз’юшаным дарослым відавочныя рэчы, што прафесія дае ёй права будаваць танец так, як гэта бачыць спецыяліст, што не паставіць усіх уздоўж рампы (дый ці выправіць гэта сітуацыю, бо абавязкова знойдзецца той, для каго дзіця знаходзіцца “недастаткова ў цэнтры”), а здольнага танцора і ў другой лініі заўважаць…

Назіраючы за гэтай сітуацыяй, задала толькі адно пытанне: няўжо не зразумела, што, каб патрапіць у жаданы (ці выдуманы) бацькамі спіс лепшых, іх дзецям патрэбна… сур’ёзна займацца танцамі? Усё ж элементарна: лепшым становіцца той, хто шмат рэпеціруе і ўдасканальвае свае здольнасці.

На жаль, з падобнымі патрабаваннямі сутыкаецца амаль кожны харэограф. Чамусьці ўсё часцей людзі забываюцца на тое, што талент не вымяраецца колькасцю пакладзеных на рахунак школы грошай… Можа, прыспеў час вярнуцца да асноў: паважліва ставіцца да педагогаў сваіх дзяцей, вучыць удасканальвацца ва ўменнях, а не ў “пракачцы” правоў. Зразумела, далёка не кожны з тых, хто ўпершыню выйшаў на вялікую сцэну, стане прафесійна танцаваць, але адносіны навучэнца да харэографа як да абслугоўваючага персаналу могуць укараніцца… А потым павярнуцца і супраць саміх бацькоў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"