Як паяднаць праекты з прыбыткамі?

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Брэнды Чачэрскага раёна: ад хлеба і яйка да мёду і ткацтва
Хлеб з печы, што ні кажы, адрозніваецца ад таго, які штодня набываеш у прадуктовай краме. І мне, шчыра кажучы, проста шкада тых, хто падобнага вясковага бохана не паспытаў: спечанага на кляновых ці капусных лістах, свежага, гарачага, з хрусткай скарынкай… Менавіта такімі, раней звычайнымі, смачнымі хлебнымі вырабамі чачэрскія культработнікі мяркуюць не толькі выконваць планы платных паслуг, а і працаваць на развіццё раённага турызму, стварыўшы дзеля гэтага ў сваім раёне цэлы шэраг цікавых культурных праектаў. Некаторыя з іх, дарэчы, ужо атрымалі фінансавую падтрымку Еўрапейскага саюза…

Хлеб і музейны пачастунак

Нядаўна адзін мой сябра вярнуўся з Санкт-Пецярбурга і з цікаўнасцю расказваў мне пра тамтэйшы музей хлеба, які адкрыўся ў паўночнай сталіцы Расіі напрыканцы мінулага года. Маўляў, там і на блакадны хлеб можна паглядзець, і на старадаўнія жорны, і, натуральна, на рускую печ… А я, у сваю чаргу, распавёў, што такія музеі ёсць і ў Беларусі: адзін, напрыклад, працуе пры Глыбоцкім хлебазаводзе, а другі — у вёсцы Батвінава Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Так што ў іншую краіну ехаць дзеля такіх “дзівосаў” наўрад ці варта.

Ды вось, пра музей на Чачэршчыне. Адкрыты ён быў на базе Батвінаўскага культурна-спартыўнага цэнтра яшчэ пазалетась. Як распавяла мне дырэктар установы культуры Ірына Нікішова, у іх здаўна працаваў дзіцячы гурток “Каласок”, члены якога запісвалі рэцэпты вырабаў з мукі, збіралі мясцовы этнаграфічны матэрыял, датычны ўсіх этапаў прыгатавання хлеба, прычым не толькі пісьмовы, але і матэрыяльны — жорны, хлебныя лапаты, розныя формы для выпечкі ды многае іншае. З гэтага гуртка і паўстаў музей хлеба.

— Справа ў тым, што выпечка хлеба на вёсцы, у тым ліку — і ў Батвінава, заўсёды была своеасаблівым рытуалам, — тлумачыць Ірына Нікішова. — Сакрэты прыгатавання хлеба перадаваліся з пакалення ў пакаленне, і літаральна кожная сям’я мела свой адметны спосаб выпечкі. Таму мэта нашай установы — адрадзіць і зберагчы гэтыя старадаўнія кулінарныя прыёмы.

/i/content/pi/cult/574/12614/7-3.jpg

У музеі хлеба вёскі Батвінава.

Сёння ў музей хлеба завітваюць не толькі мясцовыя жыхары, а і школьнікі з Кармы ды Гомеля. Наведвальнікаў вучаць мясіць цеста і выпякаць хлеб у печы, а напрыканцы частуюць печывам, салодкай гарбатай і тым самым свежым боханам. Не трэба і казаць, што падобныя музейныя заняткі выклікаюць асаблівую цікавасць у гарадскіх дзяцей, многія з якіх, на жаль, пра такое старадаўняе “ноу-хау”, як выпечка хлеба, даведваюцца часцяком упершыню.

Але ўсё гэта — толькі пачатак працы. Па словах Ірыны Нікішовай, яна вельмі хоча, каб музей хлеба стаўся асобнай установай культуры, у якую можна было б завітаць кожнаму штодня і надоўга, а не на малы час, як цяпер. Для гэтага, натуральна, трэба пашыраць плошчы, напаўняць музей цікавымі экспанатамі, рабіць экскурсіі на сталай аснове ды мець ва ўстанове спецыяліста-музейшчыка.

Каб ператварыць сваю мару ў рэальнасць, дырэктар Батвінаўскага КСЦ ужо неаднойчы накіроўвала заяўку на ўдзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў ЕС ПРААН. На жаль, яе музейны праект пакуль не атрымаў падтрымкі. Але Ірына Нікішова не губляе надзеі на станоўчае вырашэнне гэтага пытання. Пастаянна ладзіць экскурсіі для наведвальнікаў, мяркуе пашыраць кола цікаўных за кошт Інтэрнэту і СМІ, а таксама праводзіць у сваёй установе семінары-практыкумы для кіраўнікоў клубных устаноў культуры раёна — перадае ім, так бы мовіць, назапашаны вопыт музейнай справы...

Цэнтр і еўрападтрымка

А вось Цэнтр народнага танца, музыкі і песні ў вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна грант ад Еўрасаюза ўжо мае. Як кажа дырэктар установы культуры Людміла Міхалкоўская, заяўку на ўдзел у праекце ЕС ПРААН яны падалі адразу, як даведаліся пра конкурс.

/i/content/pi/cult/574/12614/7-2.jpg

У Цэнтры народнага танца, музыкі і песні вёскі Бабічы

— І толькі нядаўна мы атрымалі прыемную навіну, што выйгралі ў конкурсе “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі”, — адзначыла Людміла Міхалкоўская. — Згодна з палажэннем займеем у хуткім часе грант памерам прыкладна ў 18 тысяч еўра. На гэтыя грошы плануем усталяваць ва ўстанове культуры два ткацкія станкі, зрабіць рамонт, ладзіць у вёсцы фестывалі і конкурсы, а таксама ўдзельнічаць са сваімі ткацкімі вырабамі ў кірмашах і святах па ўсёй Беларусі.

Як кажа дырэктар, ткацкія традыцыі ў Бабічах — даўнія: раней тут нават працавала фабрыка і літаральна ў кожным доме вёскі стаялі кросны. А айчынным спецыялістам таксама вядома і мясцовая рамесніцкая традыцыя — унікальныя бабіцкія ручнікі. Таму грант Еўрасаюза ў гэтым паселішчы — цалкам дарэчы.

— Натуральна, бабіцкія традыцыі ткацтва мы плануем перадаваць маладым пакаленням, — кажа візаві. — Таму абавязкова створым пры ўстанове культуры гурток па ткацтве. А яшчэ абавязкова папрацуем з турыстамі: адчынім для іх гасцявы пакой ды гасцёўню “Бабуліны пачастункі”. Таксама мяркуем прадаваць сатканыя намі ручнікі і посцілкі ўсім ахвотным...

Па словах Людмілы Міхалкоўскай, таксама ў Цэнтры ткацтва будуць прадстаўлены экспанаты сялянскага побыту і вырабы мясцовых майстрых ды вышывальшчыц — ручнікі, пакрывалы, кашулі... Да таго ж супрацоўнікі Цэнтра змогуць паказаць наведвальнікам усе этапы апрацоўкі ільну.

Афіцыйнае адкрыццё Цэнтра ткацтва і правядзенне ў вёсцы фестывалю “Ручніковыя плыні” запланавана на лета бягучага года. Папярэднія работы ва ўстанове культуры ўжо пачаліся. Так што яшчэ адной цікавосткай у Чачэрскім раёне сёлета стане больш…

Яйкі — таксама брэнд

Як адзначыла ў размове са мной загадчыца метадычнага аддзела Чачэрскага раённага дома культуры Зоя Казлова, на дадзены момант у раёне існуе багатая скарбонка аўтэнтычных каштоўнасцяў, якія абавязкова трэба захаваць і пастаянна дэманстраваць людзям.

/i/content/pi/cult/574/12614/7-1.jpg

Фрагмент калекцыі яек.

— Таму, як я мяркую, абавязак раённых культработнікаў — акцэнтаваць увагу менавіта на сваёй вёсцы, яе звычаях і рэгіянальнай абраднасці, — пераканана Зоя Казлова. — Гэта дапаможа стварыць пэўную атмасферу інтрыгі і захаплення, далучыць моладзь да народна-паэтычнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а таксама паспрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу Чачэрскага краю.

І сапраўды, у раёне шмат цікавых мясцовых брэндаў. Скажам, у вёсцы Залессе, што непадалёк ад Чачэрска, сёння спрабуюць заснаваць унікальны музей… яйка.

— Ідэя стварэння падобнай установы культуры ўзнікла ў нас нядаўна, — кажа дырэктар Залескага кінаканцэртнага цэнтра Наталля Лукомская. — Справа ў тым, што ў нашым паселішчы летась ладзіўся Пасхальны фестываль, на які прыехалі шмат гасцей з усяго раёна і падарылі нам вялікую колькасць самых розных яек. Так і нарадзілася ідэя заснаваць пры нашым цэнтры падобны музей.

Праўда, пакуль што перспектыўная музейная ўстанова не працуе: пры Цэнтры сёння існуе толькі невялічкі пакойчык, дзе размешчаны яйкі-экспанаты. У будучым, па словах Наталлі Лукомскай, тут запрацуе гурток па роспісе яек, будуць ладзіцца майстар-класы па вышыўцы, а Пасхальны фестываль у вёсцы стане штогадовым і, магчыма, выйдзе за межы раённага… З цягам часу, як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чачэрскага райвыканкама Юлія Басаргіна, названы музей яйка плануецца ўключыць у маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Амбіцыі і планы

Што ж, як бачна, планы ў супрацоўнікаў сферы культуры Чачэршчыны — сапраўды амбіцыйныя. І, да слова, пералічанае вышэй — толькі малая частка тых праектаў, якія мяркуюць ажыццявіць у раёне. Скажам, не так даўно тут пачалі ладзіць фестываль мёду, прымеркаваны да Мядовага спасу. Мерапрыемства падтрымала Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы і Чачэрскі райвыканкам. Як кажа Юлія Басаргіна, цалкам магчыма, што праз некаторы час названы фестываль стане сапраўдным раённым брэндам.

/i/content/pi/cult/574/12614/7-4.jpg

Да слова, звярнуць увагу на мёд прымусіла гісторыя горада. Па адной з версій, назва ракі Чачоры, ад якой і пайшла назва паселішча, паходзіць ад слова “чэчар”. Менавіта так, на думку навукоўцаў, называўся воск у продкаў беларусаў — радзімічаў. Так што традыцыі бортніцтва ў гэтым краі маюць багатую традыцыю.

Яшчэ адзін цікавы брэнд з’явіўся на Чачэршчыне ў 2012 годзе, калі ў аграгарадку “Мяркулавічы” адкрыўся “Гасцінны двор Ледзянога Дзеда”. Рэзідэнцыя аднаго з найбліжэйшых сваякоў Дзеда Мароза абсталявана прыёмным пакоем з лавай, якая выконвае жаданні “сядзельцаў”. Ёсць тут таксама і спальня з чароўнымі люстэркамі, і страўня з пачастункамі…

Адным словам, турысты — як айчынныя, так і замежныя, — у Чачэрскім краі сумаваць не будуць. А культработнікі, натуральна, займеюць ад дадзенай праектнай дзейнасці рэальныя грашовыя дывідэнды і паспрыяюць вядомасці свайго краю далёка за межамі Гомельшчыны. Чым не прыклад для пераймання ў іншых рэгіёнах Беларусі?

Фота аўтара

Мінск — Чачэрск — Мінск

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"