Сённяшнія творцы ў сваіх работах глыбока пераасэнсавалі лірычны тэкст і кожны выбраў адпаведны свайму светапогляду сюжэтны матыў гэтага эпічнага твора, дзе была ўзноўлена падрабязная карціна шляхецкага жыцця на Беларусі. Прэамбулай да выставы ўспрымаецца копія партрэта Адама Міцкевіча, зробленая Андрэем Стурэйкам і стылізаваная пад чорна-белы фотаздымак, што як бы ўводзіць гледача ў ХІХ стагоддзе.
Першыя старонкі паэмы праілюстраваў Вацлаў Рамашка, паказаўшы шляхціца ў фаэтоне, які вяртаецца дадому, на фоне звыклага далягляду, каля драўлянага плота з такімі знаёмымі мальвамі. Мастацкі аповед як бы працягваецца ў кампазіцыях, што адлюстроўваюць Сапліцова — тую характэрную невялікую шляхецкую сядзібу, куды едзе пан Тадэвуш і якіх было так шмат на нашых землях у часы Міцкевіча. Валянціна Брысач, Яніна Пільнік, Анатоль Петрушэвіч паказалі той домік з абавязковым порцікам, здолелі стварыць камерны настрой, якім прасякнуты сонечныя відарысы наваколля, Валерый Стратовіч — амаль казачную атмасферу даўніх часоў. Вольга Бухоўка дадала сюды і лёгкія партрэтныя выявы герояў паэмы, а Ігар Кебец пашырыў кампазіцыйныя і тэматычныя межы, далікатна ўвёўшы ў выяўленчы кантэкст палатна не толькі гмахі замка, але і постаці шляхты, сімвалічныя фігуры мужчыны са стрэльбаю і жанчыны са знічам у руках. Аляксандр Балдакоў працягнуў тэму ў асабістым ключы, прадставіўшы амаль сцэнаграфічны варыянт кампазіцыі з абрысамі дома і постацямі асноўных персанажаў паэмы.
Вобразы галоўных герояў Міцкевіча, насельнікаў такіх сядзібаў, вырашаны мастакамі ў розных стылёвых кірунках. Найбольш прыцягальныя — Тадэвуш і Зося, якія Генадзем Піцко паказаныя з лірычнай экспрэсіяй ў момант развітання, Пятром Янушкевічам — у імпрэсіўным водары кветкавых пахаў, напоўненых шчэбетам птушак. Узвышаны свет маладзенькай Зосі прыцягнуў увагу Андрэя Філіповіча, яе зямная краса — Сняжану Віцецкую, вытанчаная элегантнасць — Алеся Ступеня. Выразнай пачуццёвасцю прасякнуты больш складаны вобраз Тэлімэны, паказанай Ірэнай Міклашэвіч у ранкавым абразку, разам з Тадэвушам падчас драматычнай размовы — у жанравай кампазіцыі Валерыем Малочкам, ва ўмоўна-стракатым прыродным свеце — Васілём Мартынчуком.
Яркай старонкай паэмы стала такая характэрная для жыцця шляхціца сцэна палявання на мядзведзя, узноўленая ў работах Мікалая Панцюхова, Ігара Далькевіча, у творы Жаны Чыстай прасякнутая імклівым рухам, звонкім рэхам паляўнічага рога Войскага.
Толькі некалькі мастакоў змаглі звярнуцца да аднаго з самых значных пластоў паэмы — палітычнай асновы твора. Аляксандр Васілевіч паказаў супрацьстаянне расійскага военачальніка Рыкава і мясцовага графа Арэшкі, Аляксей Спорскі звярнуўся да значнай у той час фігуры імператара Напалеона Банапарта. Наталля Клімовіч рамантычна-суровым вобразам Гервазыя сцвердзіла той ваяўнічы дух, які дапамагаў нашым продкам на працягу стагоддзяў адстойваць сваю незалежнасць. Вацлаў Спорскі узнавіў на палатне постаць ксяндза Робака (Яцка Сапліцы), носьбіта асабістых думак і пачуццяў Міцкевіча, а Сяргей Асапрылка мужна-экспрэсіўным вобразам Робака падкрэсліў гістарычную ролю такіх асобаў, са складаным лёсам, але здольных паклікаць за сабой на бітву.
Створаныя гродзенскімі мастакамі ілюстрацыі — жывапісная інтэрпрэтацыя сугучных паэту перажыванняў і думак нашых сучаснікаў, заснаваных на сцвярджэнні адвечных каштоўнасцяў.
І сваім нацюрмортам з кветкамі для паэта і з яго фотаздымкам на стале тэматычна завяршае выставу Алена Мартынчук, дэманструючы тую пашану Адаму Міцкевічу, якую нясуць паэту народы Беларусі, Польшчы, Літвы.
Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца
Гродна