ШТО ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ У СПІСЕ UNESCO?

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Музей “Замкавы комплекс “Мір” і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, як вядома, уключаны ў Спіс Сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны UNESCO. Пятнаццацігоддзе гэтай падзеі было адзначана ў Міры 2 снежня, а 4 снежня ў Нясвіжы святкавалася дзесяцігоддзе з моманту надання палацава-паркаваму ансамблю сусветнага статуса, які дае дадатковыя гарантыі захавання ўнікальных аб’ектаў, павышае прэстыж краіны. Мы задалі аднолькавыя пытанні дырэктару Музея “Замкавы комплекс “Мір” Вользе ПАПКО і дырэктару Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргею КЛІМАВУ і вось якія атрымалі адказы.

/i/content/pi/cult/563/12334/1-1.jpg— За час з моманту ўключэння ў спіс UNESCO аб’екты сталі шматпрофільнымі ўстановамі культуры. У чым канкрэтна выяўляецца такі падыход?

В.П.: — Звычайны музей праводзіць экскурсіі па сваіх пастаянных экспазіцыях, наладжвае выставы. Важная роля адведзена даследаванню гісторыі будынка або асобы, з якой ён звязаны. Замкавы комплекс “Мір” мае ў сваёй структуры сувенірную краму, гасцініцу высокага ўзроўню, праводзіць паўсотню вясельных цырымоній ў год, падтрымлівае ў належным стане парк плошчай у 25 гектараў, займаецца арганізацыяй фестываляў. У нас ёсць ліцэнзія на выдавецкую дзейнасць, якую мы атрымалі толькі вясной, аднак па выніках года пад нашым грыфам надрукавана адна навуковая праца і чатыры даведнікі. З улікам мінулагодніх праектаў ужо маем бібліятэчку, з якой пачынаем удзельнічаць у кніжных выставах. А ёсць яшчэ прадстаўнічы бок нашай дзейнасці.

С.К.: — За дзесяць гадоў прынялі больш за два мільёны турыстаў. Зразумела, асноўная іх частка прыпала на апошнія гады. Для таго, каб сюды ездзілі турысты і каб ім было дзе спыніцца, створана адпаведная інфраструктура. У замку ёсць рэстаран, кавярня, дзве гасцініцы, дзве крамы. Ладзім шмат мерапрыемстваў: рэгістрацыя шлюбаў, знакамітыя канцэртныя вечары. Традыцыяй сталі музейныя анімацыі, экскурсіі. Падчас турыстычнага сезону ў нас кожныя выхадныя грае “жывая” музыка, адбываюцца творчыя інтэрактыўныя акцыі… Мы выйшлі за рамкі звычайнага музея. Чарговы доказ таго — наш надзвычай папулярны квэст (першы ў краіне сярод музеяў) па пошуках радзівілаўскага скарбу. Яшчэ адзін паспяхова рэалізаваны праект — археалагічны пікнік. Адбываецца 12 — 14 выстаў цягам года, у тым ліку і міжнародных. Карацей, падзейны каляндар вельмі насычаны.

/i/content/pi/cult/563/12334/1-2.jpg— Ці задавальняюць вас эканамічныя паказчыкі? Ці могуць музеі стаць самаакупнымі?

В.П.: — Сёлета мы адчулі “подых крызісу”: значна менш да нас прыязджае турыстаў з Расіі, аднак імкнемся шукаць выйсце з сітуацыі. Так, у жніўні наша гасцініца з’явілася на сусветна вядомым сайце booking.com. У выніку палова наведвальнікаў, якія апошнім часам спыняліся ў гасцініцы, трапляюць да нас праз гэты сайт. Колькасць іх значна павялічылася. Дарэчы, мы адзіны ў краіне дзяржаўны музей з гасцініцай такога высокага ўзроўню. І толькі ў нас можна яе забраніраваць ды аплаціць праз сайт, як і набыць электронны білет, замовіць экскурсію.

Аднак асноўныя даходы — ад продажу білетаў і экскурсій. Летась акупнасць музея складала 73 % — гэта самы высокі паказчык па краіне. Атрымаўшы ад дзяржавы 7 мільярдаў рублёў, самі зарабілі 20 мільярдаў. Гэта дазваляе актыўна набываць экспанаты. Летась выкарысталі на гэта больш за тры мільярды рублёў. Замак упрыгожылі два габелены XVII стагоддзя. Значныя сродкі ідуць і на ўтрыманне будынка. А гэта — больш за 8 тысяч квадратных метраў. Фактычна, аплочваем з пазабюджэту дзве траціны камунальных плацяжоў. Пазабюджэтныя даходы дазваляюць плаціць добрыя прэміі супрацоўнікам.

Пры гэтым я не лічу, што музей зможа перайсці на самаакупнасць. Гэта дзяржаўная ўстанова, якая не павінна мець толькі камерцыйны кірунак. Усе папулярныя ў свеце музеі маюць значную падтрымку ад дзяржавы. Палова неабходных Луўру сродкаў паступае з бюджэту. А, між іншым, Луўр наведвае 9 мільёнаў турыстаў у год! І ўсё роўна гэта не дазваляе цалкам перайсці на самаакупнасць.

Да таго, на нашу працу ўплывае сезоннасць. Летам у будзённы дзень нас наведвае 900 турыстаў, узімку — каля 50. Пры гэтым трэба ацяпляць будынак, аплочваць яго ахову, плаціць зарплату супрацоўнікам… Сёлета мы паказваем той самы фінансавы вынік, што і летась.

С.К.: — Эканамічныя паказчыкі нарашчваюцца. Але паводле заканадаўства пазабюджэтныя даходы бюджэтнай арганізацыі — гэта бюджэт. Роўна на столькі, колькі мы зарабляем, дзяржава змяншае ўтрыманне замка. Мы тут, можна сказаць, рэкардсмены: дзяржава фінансуе нас толькі на 27 працэнтаў. Так, магчыма весці размову пра выхад на самаакупнасць, але для гэтага трэба змяняць нашы прыярытэты і статус. Аднак ці рэальна гэта?

— Якімі вы бачыце комплексы ў перспектыве?

В.П.: — Шмат задумак і ў навуковым плане, і ў камерцыйным, і ў гаспадарчым. Зроблены праект аднаўлення “італьянскага сада”, рэалізацыя якога патрабуе значных фінансавых укладанняў. Мы марым пра ажыццяўленне гэтага праекта, таму што такіх аб’ектаў у краіне няма, але сам музей яго ажыццявіць не можа: патрэбна дзяржаўнае фінансаванне. Налета плануем правесці археалагічныя даследаванні вакол флігеля і руінаў палаца Святаполк-Мірскіх, што знаходзяцца на ўскрайку нашай тэрыторыі (ужо дамовіліся з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук).

Яшчэ адзін з праектаў наступнага года — адзначэнне 400-годдзя са дня смерці князя Мікалая Радзівіла Сіроткі, першага ўладальніка замка з роду Радзівілаў.

Упэўнена, што такі музей, як наш, павінен быць не толькі камерцыйна паспяховай установай, але і значным навуковым цэнтрам. Нашы знаходкі і адкрыцці прывабліваюць турыстаў. Статус помніка са Спісу UNESCO не толькі дае некаторыя прывілеі, але і накладвае значную адказнасць па яго падтрымцы на належным узроўні.

С.К.: — Стратэгія нашага развіцця ў тым, каб удасканальваць інфраструктуру, выходзіць на рынак з брэндзіраваным прадуктам не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе.

— Вы адзін адному — канкурэнты? Ці магчымыя сумесныя праекты двух нацыянальных брэндаў?

В.П.: — Мірскі і Нясвіжскі замкі шмат што звязвае. Гэта не толькі статус помнікаў са Спіса UNESCO. Гэта і амаль 250 гадоў, падчас якіх абодва замкі належылі прадстаўнікам адной і той самай галіны Радзівілаўскага роду. Значна перасякаюцца навуковыя інтарэсы. Фактычна, толькі ў “Нясвіжа” тыя самыя арганізацыйныя і навуковыя праблемы, што і ў нас. Астатнія музеі ў нашай краіне працуюць у зусім іншых варунках. Канешне, нейкая канкурэнцыя ёсць. Аднак мы цягнемся адзін за адным і шмат супрацоўнічаем. Зусім нядаўна следам за музеем у Нясвіжы зрабілі аўдыягід на кітайскай мове.

Часта праводзім сумесныя презентацыі і выставы. Сумесныя акцыі адбыліся ў Варшаве, у Маскве. Гэта дазваляе нам трошкі сэканоміць, бо кошты дзелім на два музеі. Калі б у нашай краіне былі дзясяткі помнікаў UNESCO, дык такая кааперацыя не мела б сэнсу. Але казаць пра Мірскі замак, не згадваючы Нясвіжскі? Таксама нелагічна. Я заўсёды ў сваіх выступленнях, асабліва за мяжой, згадваю, што ў нас два замкі ў Спісе Сусветнай спадчыны UNESCO.

Аднак, каб пазбегнуць паўтораў у экспазіцыі, мы пачалі ў сваіх даследаваннях больш актыўна асвойваць тыя перыяды ў гісторыі Мірскага замка, што звязаны з іншымі ўладальнікамі. Значныя поспехі маем і ў папаўненні арыгінальнымі прадметамі экспазіцыі “Гета”.

Сваім дасягненнем сёлета лічым стварэнне пуцевадзіцеля па музеі на беларускай, рускай, англійскай і польскай мовах. (У нашай краіне, на жаль, мала дзе знойдзеш пуцевадзіцель хаця б на адной мове: беларускай ці рускай.) Ужо цяпер зроблены пераклады на літоўскую і французскую мовы. Выданне гэтых накладаў адбудзецца на пачатку 2016 года. Такім чынам, да турыстычнага сезону мы актыўна рыхтуемся ўжо сёння. Дарэчы, выданне пуцевадзіцеля аказалася вельмі ўдалым камерцыйным праектам. Штодзённа мы прадаем дзясяткі гэтых кніжак: рэкорд складае 77 асобнікаў цягам аднаго працоўнага дня.

Мы ўсё ж малады музей, які мае шмат планаў і пэўныя амбіцыі ў іх дасягненні. Вельмі хацелася б атрымаць статус нацыянальнага музея. Мы лічым, што ўжо дараслі да гэтага. Тут мы “канкурэнту” прайграем.

С.К.: — Мы ў вельмі блізкіх партнёрскіх адносінах. Тым больш што знаходзімся на адным турыстычным маршруце ўсяго ў 32 кіламетрах адзін ад аднаго. У Нясвіжы — больш аб’ектаў музейнага паказу, больш будынкаў і экспазіцый. Дый магчымасцей прыняць людзей — больш. І харызма нашых мясцін такая, што да нас пастаянна едуць турысты. Нам вельмі хацелася б, каб не толькі Мірскі замак, але і іншыя музейныя ўстановы падцягнуліся да нашага ўзроўню. Ад гэтага краіна толькі б выйграла. Ахвотна даем экспанаты на дэпазіт, дапамагаем метадычна. Дзяржаўныя ўкладанні павінны працаваць напоўніцу, і не толькі ў Нясвіжы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"