Пінскія маркеры

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Сентыментальнае падарожжа з размовамі пра нацыянальнае / Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Пінск
Ці мог бы стаць Уладзімір Пугач кімсьці іншым, а не музыкантам гурта “J:морс”, яго лідарам? Атрымаўшы юрыдычную адукацыю, Пугач каля 10 гадоў паспяхова працаваў па прафесіі, пакуль яе не выцесніла паралельнае хобі. Але першы званочак, а больш дакладна — акорд на акардэоне, мабыць, пакінуў сваю метку ў падсвядомасці яшчэ ў васьмігадовым узросце, калі Валодзя пачаў браць прыватныя ўрокі ігры на гэтым інструменце. Праз 4 гады ўзяў у рукі першую гітару — не спадабалася. Паўтарыў спробу яшчэ праз пару гадоў, і...

/i/content/pi/cult/563/12332/10-1.jpgНягучнае прызнанне ў каханні

Нарадзіўшыся ў Пінску, першыя 7 гадоў свайго жыцця Уладзімір Пугач правёў у Мінску, але ў другі клас пайшоў у сталіцы Заходняга Палесся, вярнуўшыся туды з бацькамі. Дакладана вядома: школьнікам ён быў непраблемным. У 1998-м атрымаў адукацыю па спецыяльнасці “Міжнароднае права”, паспеўшы за год да выпуску стварыць разам з Арцёмам Лядоўскім дуэт “No Logo”, які ў 1999-м трансфармаваўся ў гурт пад шыльдай “J:морс”. Змрочнай лістападаўскай раніцай я скіраваўся з фронтмэнам гэтага калектыву ў Пінск з мэтай прайсціся па ўстановах культуры горада, каб да ўспамінаў візаві дадаць уражанне ад таго, чым тыя агмені духоўнасці жывуць сёння.

...У 2006 годзе ў Пінску быў заснаваны Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, навучэнцы і выпускнікі якога і сталі, на погляд Пугача, каталізатарам таго, што культурнае жыццё горада за апошнія 10 гадоў ажывілася, стала больш яркім, узбагацілася і прырасло новымі ідэямі. Зразумела, не ўсё гладка, а на нейкія прапановы маладых пасіянарыяў ад мастацтва пэўныя чыноўнікі рэагуюць з асцярожнасцю. Але пры адпаведным жаданні, уменні даказваць і пераконваць, творчым думкам ёсць дзе ўвасобіцца ў нешта рэальнае. Як, дапусцім, у музычны фэст на адкрытай пляцоўцы “ZялёнY” (сёлета ён адбыўся ў трэці раз). Жыхары Пінска не жартуюць, калі сцвярджаюць, што раскручаным фэстам на хутары “Шаблi” ў Мінскай вобласці расце годны канкурэнт.

Дзве кропкі, якія Уладзімір стараецца па магчымасці абавязкова наведаць, калі прыязджае у Пінск і калі ёсць час ды нагода, — гэта Палескі драматычны тэатр і Музей беларускага Палесся. Гарадскі парк культуры і адпачынку прыемна здзіўляе тым, што ў ім часцяком гучаць “жывыя” аркестры прафесіяналаў і аматараў. “Наш горад маленькі, але вельмі інтэлігентны, — канстатуе Пугач. — Я б параўнаў яго з невялікім, утульным заходнееўрапейскім мястэчкам. Вось толькі прамоўшну не хапае. Як у анекдоце пра пацука і хатняга хамячка, памятаеш?.. Калі вяртаюся ў Пінск, дык хачу і туды пайсці, і тут паспець. Гэта горад-настальгія, шанаваць які як нейкую культурную адзінку я пачаў пасля таго, як з яго з’ехаў...”

Многія героі гэтай рубрыкі прызнаваліся ў тым, што сталі па-іншаму ставіцца да месца, дзе яны нарадзіліся, калі вярнуліся ў яго людзьмі сталымі і нават больш мудрымі. І гэта натуральна. Вядома, для тых, хто хоча самаўдасканальвацца, спазнаваць новае, змяняцца. Вось і Уладзімір, лічы, “учора” на ўсю моц бесшабашна граў на танцах і ведаў беларускую гісторыю толькі па падручніках, а сёння ён — вядучы айчынны выканаўца, якому аднойчы фармальных урокаў стала мала. Яму стала мала таго, што ён жыве, вобразна кажучы, у палескіх водах, не адчуваючы іх. І вось: карані даліся ў знакі. Паўплывалі ўніверсітэт, у якім было шмат прадметаў, звязаных з мастацтвам, новыя мінскія знаёмыя са свету культуры. Такое... сталенне. Да ўсяго — прыезды ў Пінск, на які Пугач глядзеў ужо іншымі вачыма, дапамаглі, у прыватнасці, зразумець і тое, што гэтая частка Палесся ў сілу свайго гістарычнага мінулага — адмысловая старонка ў беларускіх хроніках, з характэрнымі толькі для гэтага рэгіёну культурнымі маркерамі, архетыпамі, артэфактамі.

Поўнае асарці

Яшчэ адна абавязковая “явачная кватэра” для музыканта — Гарадская канцэртная зала камернай музыкі, якая размяшчаецца ў будынку касцёла Карла Барамея і з’яўляецца структурным падраздзяленнем Гарадскога дома культуры.

— Не ў кожнай абласной сталіцы рэгулярна ладзяць канцэрты арганнай музыкі, а ў Пінску — калі ласка! — з гонарам прамаўляе артыст. — Усё маё дзяцінства зала была на рамонце, і пакуль яе атачалі будаўнічыя лясы, мы, хлапчукі, па іх караскаліся пад самы купал. Знаходзілі там нейкія цікавыя жалязякі, глядзелі на горад. Толькі ў старшых класах я трапіў унутр. Да класічнай музыкі я тады ставіўся ніяк, але для разнастайнасці наведваў канцэрты класічных гітарыстаў. А яшчэ ДзіДзюЛю тут упершыню ўбачыў — не вельмі папулярнага ў тыя гады выканаўцу. Наогул, зала была тым месцам, дзе збіралася культурная інтэлігенцыя горада.

Адрэстаўраваны касцёл выглядае звонку, даруйце за такое дзёрзкае параўнанне, як дарагая цукерка, і адразу звяртае на сябе ўвагу. Унутраны змест сваёй “абгортцы” адпавядае: шыкоўнае ўбранне з інтэр’ерам і творчым напаўненнем. На яго рамонт, які доўжыўся з канца 2012 па канец 2013 года, было затрачана амаль 9 мільярдаў рублёў. Зала (84 пасадачныя месцы) не проста цалкам абнавілася: да яе яшчэ дадаліся прыбудова (у ёй — адміністрацыйныя памяшканні, каса, гардэроб, прыбіральні) і пераходная галерэя. Былі заменены ўсе камунікацыі, вадаправод, каналізацыя, асвятленне.

— У чым яшчэ існуе патрэба, дык у рэкламнай тумбе, — кажа загадчык аддзела канцэртна-выставачнай дзейнасці Гарадскога дома культуры Ларыса Якушэвіч. — Планавалі “даўпрыгожыць” сцэну, але потым ад гэтай ідэі адмовіліся: вырашылі, што вось такога яе строгага выгляду з мінімумам дэкору дастаткова.

Акрамя мясцовых выканаўцаў, тут выступаюць і артысты прыезджыя, у асноўным з Белдзяржфілармоніі, Вялікага тэатра, клуба гітарыстаў, “Музычнай гасцёўні” Таццяны Старчанка. У месяц праходзяць ад 4 да 6 канцэртаў (кошт білетаў — ад 25 да 60 тысяч рублёў), што адпавядае патрэбам пінскай публікі (яе касцяк — моладзь і пенсіянеры). Найбольшым попытам карыстаюцца вакальныя вечары і вечары арганнай музыкі. Але нашай музыкі тут гучыць няшмат. Ларыса Аляксандраўна звязвае гэта з тым, што ў рэпертуар класічных інструменталістаў уваходзіць невялікая колькасць твораў беларускіх аўтараў.

— А калі папярэдне абмеркаваць з гастралёрамі павелічэнне ліку такіх кампазіцый? — наіўна прапаную я. — Для спробы — “Вечар беларускай музыкі”...

— Думка цікавая, — згаджаецца візаві.

Камерны аркестр пры ГКЗКМ складаецца з інструменталістаў, якія сумяшчаюць працу тут з дзейнасцю на іх асноўным месцы працы (амаль усе яны — выкладчыкі Каледжа мастацтваў і дзіцячых школ мастацтваў). За свае выступленні ў зале музыканты атрымліваюць у месяц парадку 1 мільёна рублёў (аклад штатных тэхнічных служачых — крыху больш за 2 мільёны). Заезджыя артысты ацэньваюцца ў 300 — 500 тысяч за канцэрт.

— Мастак павінен быць галодным, так? — звяртаюся я да Пугача.

— Мастак павінен выдаваць якасны прадукт. Калі ён фанат сваёй справы, калі ён жыць без яе не можа, то будзе граць і за мільён, а дадатковы заробак знойдзе...

Як я зразумеў з нашай размовы, дадатковы заробак у канцэртнай зале лідар “J:морс” шукаць не стане, а проста мае намер сыграць у ім ад душы для землякоў са сваім калектывам акустычную праграму. (Балазе ў Палескім драмтэатры “unplugged” ад “морсаў” ужо выконваўся.)

Не самая горшая спадчына

Не надта зручную пару года мы выбралі для прагулкі па Гарадскім парку культуры і адпачынку імя Чырвонасцяжнай Дняпроўскай флатыліі. Не сезон. У нейкага атракцыёну адначасова з Уладзімірам нават праспявалі радок са старэнькай песні гурта “Дынамік”: “В безмолвном парке нет как будто ни души и карусель давно закрыта на замок...”

— Першыя мае дзіцячыя ўспаміны звязаны з каруселямі і іншымі “лодачкамі” ў парку культуры, — настальгуе Пугач. — Ён плаўна перацякае ў набярэжную, і раней летам тут можна было сустрэць пры поўным парадзе марскіх афіцэраў — у нас размяшчаўся вучэбны атрад Ваенна-марскога флоту СССР, пакуль не распаўся Саюз. Самае смачнае марожанае ў горадзе прадавалі ў парку. Гэта была квінтэсэнцыя ўсяго самага лепшага ў дзяцінстве, набор стандартных дзіцячых “кайфаў”, шчасце, як яно ёсць. Такім жа добрым прывітаннем з мінулага парк застаецца для мяне і дагэтуль, калі я завітваю сюды. Толькі яшчэ маленькі заапарк, які дзейнічае ў ім, дадаўся: з ламамі, страўсамі...

Дадаўся, урэшце, не адзін міні-заапарк. Так, на кампактнай тэрыторыі цяпер знаходзяцца выстава баявой тэхнікі і ваенна-гістарычны аб’ект “Камандны пункт 1323-га палка” (“Дот Малчанава”). Атракцыёнаў у парку — 17. Дырэктар Генадзь Канько асабліва ганарыцца тым, што называецца “Вальс”, вырабленым у Беларусі і набытым сёлета за кошт заробленых установай сродкаў (кошт новай забавы — 810 мільёнаў рублёў). Генадзь Сцяпанавіч не прыхоўвае, што хацелася б кардынальна абнавіць... парк парку, і мяркуе, што налета будзе закуплена нешта яшчэ. А пакуль... Пакуль вялікая частка каруселек і іншага — прывітанне з савецкага мінулага, але ў плане бяспекі наведвальнікам ГПКiА напружвацца не варта: адпаведныя арганізацыі пастаянна правяраюць іх надзейнасць. А наведвальнікаў было ў 2015-м (паводле статыстыкі прададзеных білетаў) — 87 тысяч (у 2014-м — 76 тысяч), прыбытак 2015-га — 1 мільярд 300 тысяч рублёў (2014-га — 1 мільярд). Акупнасць парку на сёння складае 66 працэнтаў. Сярэдняя заработная плата яго работнікаў — ад 2,5 да 3 мільёнаў рублёў.

Забаўляюць тут жыхароў горада і яго гасцей яшчэ народнымі гуляннямі ў дні дзяржаўных і традыцыйных святаў. Між іншым, у спрадвечнае — у беларускі арнамент — спадар Канько не супраць апрануць атракцыёны...

Пра фасады

Візіт у Пінск даў адказ на пытанне, якое даўно мяне мучыла: “У чым асноўная праблема сучаснага айчыннага кінематографа?” Дык вось: у фасадах кінатэатраў. (Амаль ва ўсіх гарадах, дзе я пабываў з героямі рубрыкі, захопленых пачуццяў яны не выклікалі. І пінская “Перамога” ў станоўчы бок не вылучалася.) Інакш чым растлумачыць тое, што нашумелы ва ўсіх сэнсах блокбастар пра братоў аншлагі стварыў толькі на двух прэм’ерных сеансах? Выключна несамавітым фасадам установы! Не выратаваў становішча нават рэжысёр Уільям дэ Віталь, які прадстаўляў стужку: пракат яе сабраў каля 3 тысяч чалавек і 40 мільёнаў рублёў. Гэта значыць, не трэба вінаваціць адну публіку, упэўненую ў тым, што нашы цяперашнія карціны выбітнымі быць не могуць. Так, у пінскі храм кіно гледачы на беларускія фільмы ходзяць, мякка кажучы, не надта ахвотна, але ж і “007: Спектр” — чарговы эпізод пра Джэймса Бонда — абмежаваўся 42 мільёнамі рублёў прыбытку. Фасад, сябры мае, фасад!

— Дойдуць да яго рукі, а як жа інакш?! — ускліквае дырэктар “Перамогі” Аляксандр Яромчык. — Мы тры апошнія гады прыводзілі ўнутраную частку кінатэатра ў парадак. Пашырылі мiжрадавую адлегласць у зале, усталявалі камфортныя крэслы, насцялілі новыя падлогі, абзавяліся акустычнай сістэмай. Наступным этапам стане фасад і добраўпарадкаванне фае.

Кінатэатр у месяц наведвае, у сярэднім, 10 тысяч чалавек, загрузка за такі перыяд, адпаведна, складае каля 30 працэнтаў. Няхай вас не палохае гэтая лічба: такі паказчык лічыцца прымальным. Публіцы “Перамога” прапануе толькі кіно і перакус у кавярні: більярдных сталоў і 5D-атракцыёнаў няма.

— Але перспектыўныя планы на ўстаноўку нечага са спадарожнага забаўляльнага маем, — паведамляе Аляксандр Вітальевіч.

— У мае дзіцячыя гады людзі ішлі сюды, у кавярню, дзе прадаваліся самыя смачныя ў Пінску пірожныя “Бульба”, — згадвае Пугач. — Цяпер “Перамога” — адзіная такая ўстанова ў горадзе, а тады была нумарам адзін з трох. Выглядаў кінатэатр... фешэнебельным, з прыгожымі афішамі, зручнымі крэсламі. Першыя паходы куды-небудзь з дзяўчынай звязаны менавіта з ім. Што глядзеў?.. Спярша дзіцячыя стужкі, потым трылеры мяне захапілі, прычым, савецкія: “Піраты XX стагоддзя”, “Адзінкавае плаванне”, “Перахоп”, мой улюбёны — “Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх”.

Дзесьці раз на паўтара месяцы “Перамога” прапануе гледачам да сеансаў дадатковую праграму. Гэта можа быць сустрэча са здымачнай групай фільма, невялікае тэатральна-мастацкае мерапрыемства, лекцыя пра нейкія важныя рэчы, але пададзеная не ў сумнай “саўковай” форме, а візуалізаваная, інтэрактыўная.

З верай і надзеяй

Пугач з цікаўнасцю ды надзеяй назірае за тым, як нацыянальнае сёння пранікае ў грамадства сцежкамі эвалюцыйнымі.

Гастралюючы па Беларусі, Уладзімір прыйшоў да высновы, што хiпстарскага пашлавата-паркетнага патрыятызму па-за сталічнай кальцавой дарогай не так шмат: у прынтаваных вышыванках фарсіць, у асноўным, Мінск. Так, у ім сапраўднай, шчырай беларускай культуры хапае, але людзі, якія займаюцца ёй, рухаюць і прапагандуюць яе ў невялікіх гарадах і пасёлках, не падаюць сябе так, быццам займаюцца вельмі важнай справай. Бо яны якраз ёй і займаюцца! Проста працуюць на карысць культуры “па змаўчанні”: ненапышлiва, някiдка. Там яна ўплеценая ў побыт натуральным чынам. У архітэктуру старадаўніх каменных будынкаў або драўляных хатак, характэрных для вёсак таго ці іншага раёна; у тое як, у якім месцы і чаму менавіта там размяшчаецца цэнтр населенага пункта, парк, краязнаўчы музей, царква альбо касцёл. У сталіцы ж часам перабіраюць з пафасам, што вока і слых, бывае, рэжа. Урэшце, хай мо і рэжа, калі гаворка ідзе пра рэчы, якія вызначаюць нацыю як такую?..

Мінск — Пінск — Мінск

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"