Маладыя пачынаюць і…

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

"Лістапад": глядзім сваё ды не толькі
Учора ў сталічным кінатэатры "Масква" стартаваў ХХІІ Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", які традыцыйна сабраў у сталіцы шматлікія праграмы свежых фільмаў з краін колішняга сацыялістычнага блоку і не толькі. Гаворка пра цікавосткі форуму была яшчэ ў мінулым нумары, прапанаваўшы гід па фестывалі наогул. А ўжо на гэтай старонцы пачынаем агляд Нацыянальнага конкурсу "Лістапада-2015". Праваднікамі для чытачоў "К" выступілі тры рэжысёры, чые працы прадстаўлены ў названай праграме: Андрэй Кудзіненка, Арцём Лобач і Максім Лушчык...

/i/content/pi/cult/559/12236/1-1.jpgНацыянальны конкурс Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад-2015” — гэта праменад маладога незалежнага кіно. “На што здольныя фільмы, “зробленыя на каленцы” — такі ўмоўны нефармальны дэвіз сёлета можна было б даць гэтаму творчаму спаборніцтву 34-х карцін, і палова з іх — вынік працы на ўсіх этапах кінапрацэсу менавіта саміх рэжысёраў.

Калі на леташнім фестывалі незалежнае кіно новай генерацыі толькі пачынала “прабіваць асфальт” (з улікам наяўнасці ў мінулагодняй праграме Нацыянальнага конкурсу, збольшага, стужак “Беларусьфільма”), дык сёння яно дало свае заўважныя парасткі. “Нам давялося нават выбіраць, а не браць з таго, што дасылаецца”, — выказаў аптымізм у дачыненні да сёлетняга Нацыянальнага конкурсу дырэктар праграм ігравога кіно і конкурсу “Лістападзік” Ігар Сукманаў. Мяркуйце самі: арт-праект пад куратарствам Андрэя Кудзіненкі “Хранатопь”, “Пугач” Сяргея Каласоўскага, “Госці” Андрэя Куцілы, “Подых балот” Ігара Чышчэні, “Гараш” Андрэя Курэйчыка, “Беларускі псіхапат” Мікіты Лаўрэцкага, “Шлях у Дамаск” Арцёма Лобача… У праграме — стужкі творцаў, якія паспелі ўжо заявіць пра сябе. А поруч з імі работы тых, чые імёны пакуль яшчэ не адкрытыя шырокай публіцы. Урэшце, не засталіся па-за ўвагай і работы рэжысёраў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, у прыватнасці — “Салодкае развітанне Веры” Аляксандры Бутар, як і карціны студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Нашумелы праект “Мы, браты” ў праграму не патрапіў.

Ігравое кіно: легенды і міфы сучаснай Беларусі

Работ, якіх чакаюць, — шмат. Гэта прыгаданы “Гараш” з Аляксандрам Кулінковічам у галоўнай ролі, пераможца “Бульбамуві” — “Адной крыві” Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, усе тры карціны Мікіты Лаўрэцкага, які негалосна лічыцца адкрыццём маладога беларускага кіно…

Але адна з тых работ, якая сапраўды “чапляе” ў праграме, — гэта “Хранатопь” пад куратарствам Андрэя Кудзіненкі. Аўтар, які зрабіў, лічы, першую паўнавартасную беларускую стужку ў новым стагоддзі менавіта па ўзроўні мыслення і культуры (хтосьці такой лічыць “Акупацыю. Містэрыі”, хтосьці — “Масакру” таго жа пастаноўшчыка), гэтым разам стаў куратарам экзістэнцыйнага альманаху. “Хранатопь” — мультымедыйны праект, які складаецца з кароткаметражак, створаных рознымі рэжысёрамі. Тэма — міфалогія сучаснага чалавека, рытуалы і абрады нашага часу. Ёсць куратар, якім і з’яўляецца Андрэй Кудзіненка, ёсць актыўныя дзеячы творчай групы: Аляксандр Дзебалюк, Януш Гаўрылюк, Мікалай Князеў, Віктар Шутчэнка, Паліна Рыхтэр... Але момант аўтарства ў праекце не прынцыповы. Рэжысёр тут — адзін з многіх галасоў. Ды нават так: куратара цікавіць калектыўнае падсвядомае, якое прагаворваецца ў выніку сумеснай творчасці. Перад намі — не проста сумесны акт кіно, але акт жыцця, дзе рэальнасць і выдумка злучаюцца ў адно.

Прычым “паглынула” тая “Хранатопь” многіх: у праекце задзейнічаны вядомыя акцёры Расціслаў Янкоўскі, Таццяна Мархель, Любоў Румянцава, мастакі Артур Клінаў, Адам Глобус, музыканты Сяргей Пукст, Настасся Шпакоўская, Аляксандр Памідораў… І да ўдзелу ў працягу праекта запрашаецца кожны ахвотны: калі ласка, здымайце сваю гісторыю кахання ці смерці, здрады ці перараджэння. “Але гэта не проста вэб-серыял ці альманах, — адзначыў карэспандэнту “К” Андрэй Кудзіненка, — гэта міф-свет, шматвокі, рознагалосы, поліфанічны, шматпіксельны, пуантылісцкі…” Па сутнасці, спроба стварыць сваё бачанне “памежнага” стану ў часе і прасторы.

Акрамя таго, “Хранатопь” нясе і прафесійную місію, падкрэслівае куратар: “Узаемадапамога мастакоў у стварэнні незалежнага кіно (фінансаванне метадам краудсорсінга), селекцыя талентаў з непрафесійнага асяродку, прасоўванне іх кіно да гледача і на фестывалі”. Словам, “Хранатопь” па ідэі — метафара памежнага стану, дзе час, прастора і месца — наўмысна зрушаныя, а аўтар, лічы, знікае. У той жа момант, як гэта часам бывае ў памежным стане, аўтар раптам можа праявіцца з ніадкуль і стаць цалкам адчувальным.

Дакументалістка: пошукі Лобача

У праграме дакументальнага кіно таксама дастаткова фаварытаў. Ад “Пасхі Хрыстовай” Дар’і Юркевіч, лаўрэата мінулага “Лістапада”, да новых стужак такіх моцных і перспектыўных дакументалістаў як Андрэй Куціла — стужка “Госці”, Юрый Цімафееў — “Дудар”, Ігар Чышчэня — “Подых балот”. Пэўную інтрыгу ўтрымлівае дакументальная работа маладога рэжысёра, кліпмэйкера Арцёма Лобача “Шлях у Дамаск”. Нават таму, што цікава, як змяніўся аўтар нашумелых “Фрагментаў”, кароткаметражкі “Дом”, шматлікіх кліпаў, вядомага прома-роліка да праекта “Re: Песняры”.

Стужка “Шлях у Дамаск” — гэта гісторыя хлопца Паўла, які нядаўна пераехаў у Чарнігаўскую вобласць Украіны. “З героем я пазнаёміўся яшчэ тры гады таму ў Беларусі, — распавядае “К” Арцём пра сваю карціну. — Тады Паша жыў у арт-вёсцы Чырвоны Кастрычнік у Рэчыцкім раёне Гомельшчыны. Потым ён пераехаў у арт-вёску Абырок у суседняй дзяржаве. Гэта фільм, дзе не мелася на ўвазе выйсці на пэўны вынік: герой стужкі — малады, і час яго станаўлення супаў з часам змен. Тэма ж карціны — пошук свайго “месца пад сонцам”. У Паўле я ўбачыў нязломны стрыжань унутранай раўнавагі, і мне цікава назіраць, як вятры змен уздзейнічаюць на яго”.

Па словах рэжысёра, вялікі штуршок у працы над фільмам ён атрымаў ад польскіх дакументалістаў Яцака Блаута і Мацея Дрыгаса, калі пабываў на іх майстар-класе. “Яны дапамаглі развіць праект і натхнілі мяне на працу менавіта ў дакументалістыцы”, — прызнаецца рэжысёр. Што нарадзілася ў выніку актыўных пошукаў Арцёма — убачым падчас дакументальнай праграмы Нацыянальнага конкурсу.

Анімацыя: прысвячэнне 1990-м

Нацыянальны конкурс, вядома, не абышоўся без анімацыйнай праграмы. У ёй — пераважна работы нашых майстроў, якія ствараюць славу беларускай мультыплікацыі на нацыянальнай кінастудыі — апошнія фільмы Таццяны Кубліцкай, Ігара Волчака, Аляксандра Ленкіна, Алены і Уладзіміра Пяткевічаў, лаўрэат “Анімаёўкі-2015” — стужка “Лыжка для салдата” Ірыны Тарасавай… Але трапілі ў конкурс і карціны самастойных творцаў. Гаворка пра стужку “Яно” Генадзя Бута і “Обнцбнча” Максіма Лушчыка.

Не ведаю, ці з’яўляецца апошняе імя добра вядомым хаця б у вузкім коле аніматараў, але для мяне яно стала адкрыццём. На “Лістапад” мінскі рэжысёр-аніматар, які зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу, прывязе “энцыклапедыю перабудоўчага дзяцінства”. “Обнцбнча” — па адной з версій, гэта мікс з трох выклічнікаў — “обана”, “цэбанско”, “чётко”, але, як кажа сам аўтар, “карані” гэтага выклічніка — у тэксце песні групы “Аusweis”, якая ў 1994 годзе ўпершыню выдала ў свет гэтае слова-пароль-абрэвіятуру. Словам, хаваецца пад шумнай назвай кранальнае прысвячэнне 1990-м. Прычым, не хвацкім і жудасным, як згаданы час прынята інтэрпрэтаваць у крымінальных тэлежахліўчыках, а тым, калі адкрытае неба свежых уражанняў захапіла новае пакаленне.

“У якойсьці момант я заўважыў, што мае дзіцячыя адчуванні сталі агульнымі для нашага пакалення, — распавядае “К” гісторыю стварэння фільма Максім Лушчык. — І я вырашыў зафіксаваць іх у выглядзе мультфільма. Там усё сапраўднае: аб’екты, дэталі, эмоцыі. І сшыткі сапраўдныя, і комікс пра Шварца і Гітлера існаваў… Коміксаў, увогуле, было шмат”.

“Обнцбнча” — не проста “анімацыйны набор паштовак” перабудоўчага дзяцінства, як яго называюць аўтары, стужка з шасці эпізодаў ці нататкі на палях школьнага сшытка. Перад гледачом — зрэз калектыўнай памяці пакалення, які дэманструе наяўнасць пэўных культурных кодаў і пароляў, незразумелых часам для новых генерацый. Адпаведная пасланню мультфільма і мова — “першай” прымітыўнай камп’ютарнай анімацыі, дзіцячых малюнкаў “у танчыкі”, агучкі “ў нос” з відэасалонаў…

А наконт дзіцячых малюнкаў Максім адзначае: “Мне падаецца, тэмы змяняюцца, а яны, малюнкі, заўжды аднолькавыя. У нас вось быў Шварц, ніндзя, былі і кібаргі, таму што амерыканскія “відзікі” выносілі наш мозг, а сёння дзеці малююць трансформераў. Я вывучаў тэму, калі збіраў матэрыял”.

Выпускнік майстэрні слыннага графіка Уладзіміра Яфімава ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным інстытуце кіно і тэлебачання, Максім зараз працуе ў навукова-папулярнай анімацыі. “Пакуль прадзюсара не знайшоў, але зараз з’явіліся ідэі аб працягу “Обнцбнча” ў іншым выглядзе”, — пацвярджае ён свой намер працягнуць работу над праектам. Ну што ж, пілотная версія стужкі — на “Лістападзе-2015”.

Нагадаю, пляцоўкі Нацыянальнай праграмы — сталічныя кінатэатры “Мір” і “Перамога”. Старшыня журы конкурсу — кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно, кіназнаўца Ігар Аўдзееў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"