Бібліятэчны поспех

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Аляксандра ЯНКОЎСКАЯ, дырэктар Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі
Лічу нашу працу ўдзячнай, бо адчуваю — у Шчучыне ў прыватнасці і ў рэгіёнах наогул бібліятэкі патрэбныя. Плынь людзей не прыпыняецца.

/i/content/pi/cult/555/12142/6-5.jpgЗадавальняе чытачоў і наш фонд, камп’ютарны парк, нядрэнныя электронныя выданні і, канешне ж, новае прыгожае памяшканне ў цэнтры Шчучына, якое мы атрымалі да Дня беларускага пісьменства. Дарэчы, на свята наша кніжная калекцыя значна папоўнілася, бо нам былі ўручаны падарункі ад выдавецтваў, пісьменнікаў, а Гродзенскі аблвыканкам прэзентаваў прынтар.

З улікам таго, што ў новым будынку бібліятэкі адкрылася канферэнц-зала, крыху адыдзем ад класічных функцый, возьмем на сябе больш ініцыятывы, адказнасці, рэалізуем больш задум. Скажам, цяпер зможам праводзіць мерапрыемствы не толькі раённага маштабу. Тым больш далёка не кожная шчучынская ўстанова культуры мае такія плошчы.

На чарзе — тэхнічнае ўдасканаленне: набыццё новых камп’ютараў, новыя штрых-коды на кнігах. Наш кірунак сёння — на тое, каб як мага большая колькасць чытачоў магла скарыстацца камп’ютарам, бо бібліятэка ў ХХІ стагоддзі выконвае яшчэ і інфармацыйную функцыю. А тое лёгка ажыццяўляецца з дапамогай Інтэрнэту, які павінен быць у хуткім доступе. Плануем запрашаць спецыялістаў, хочацца арганізаваць і клуб камп’ютарнай пісьменнасці. Гэта будзе карысна для людзей старэйшага веку. Кніга — гэта цудоўна, яна заўсёды застанецца з намі, мы ад яе не аддзяляемся, але пры гэтым хочацца, каб бібліятэка стала не толькі цэнтрам ведаў, але ж і чалавечых зносін, творчасці... Трэба быць цікавымі ўсім групам насельніцтва, людзям розных узростаў і інтарэсаў.

Справы бібліятэк іншых раёнаў і абласцей безумоўна нас цікавяць. Даведацца пра планы калег сёння лёгка, бо амаль кожная ўстанова ўжо займела сайты і старонкі ў сацыяльных сетках.

Зараз у Шчучыне насельніцтва павялічылася за кошт новага мікрараёна, а сельскае скарацілася з той жа прычыны. Такім чынам, бібліятэка вясковая часам становіцца не актуальнай. Для вырашэння такіх сітуацый у нас працуе па 12 маршрутах (балазе раён вялікі) бібліобус. Мінімум два-тры разы на тыдзень машына выпраўляецца ў дарогу.

З мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркай у нас заключаны дагавор на аказанне інфармацыйных бібліятэчных паслуг. Мы вырабляем сваю друкаваную прадукцыю (буклеты, паштоўкі), і прымаем на яе замовы. Спосабаў жа заробку ў бібліятэкі аказалася дастаткова: частка абнаўлення ўстановы была ажыццёўлена менавіта за такія сродкі. У нас ёсць батуты, вялікі і маленькі, дык чаму б не выстаўляць іх у добрае надвор’е “працаваць”? Таксама ладзім турыстычныя краязнаўчыя маршруты, тым больш да апошняга часу ў нашым горадзе не было нават краязнаўчай экспазіцыі. Наша бібліятэка ўзяла на сябе і распрацоўку пазнаваўчых вандровак па Шчучыншчыне, а варыянтаў тут — каля дзясятка. У маршрутах прадумваем і інфармацыйны складнік, і забаўляльны, бо часта з намі ездзяць і дзеці. Дарэчы, на аўтобусе, які прадастаўляецца нам аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Заробленыя грошы не лічу лішнім пускаць на стымуляванне зарплаты работнікаў, на набыццё нейкіх матэрыялаў, тэхнікі. За пазабюджэтныя грошы нядаўна мы набылі ноўтбукі. То бок, хто хоча зарабіць, хай ведае: гэта рэальна. Але нялёгка.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст