Століншчына, Касцюковіччына, Гродзеншчына, Бешанковіччына...

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г


/i/content/pi/cult/551/12029/11-1.jpgСтоліншчына / Панна журавінавых балот

У Рэчыцкім гарадскім доме культуры адбыўся конкурс дзявочай прыгажосці “Панна журавінавых балот”. У ім прынялі ўдзел дзяўчаты з тых вёсак Століншчыны, жыхары якіх штогод збіраюць у палескіх балотах цудадзейную ягаду.

Перад конкурсам была магчымасць пазнаёміцца з фотаздымкамі дзяўчат у фае і аддаць свой галас за тую, якая больш спадабалася. На сцэне прыгажуні прадставілі свае “візітныя карткі”: распавялі пра сябе, свае заняткі і захапленні. Адным з этапаў сталася дэфіле “Я — журавінка-какетка”: канкурсанткі дэманстравалі аўтарскія калекцыі, выкананыя ў адпаведнасці з назвай конкурсу. Працягам стала дэфіле ў купальных касцюмах.

“Я — зорка” — творчы конкурс, у якім маладыя ягадніцы паказвалі творчыя здольнасці: чыталі вершы, спявалі, танцавалі.

Пераможцай конкурсу стала 19-гадовая Дзіна Хоміч з Рухчы. А ўсе ўдзельніцы былі адзначаны ў намінацыях: “Міс дызайн” — Аксана Агіевіч (яна атрымала і прыз глядацкіх сімпатый), “Міс арыгінальнасць” — Ніна Страха (абедзве з Рубля), “Міс зачараванне” — Ірына Страха, “Міс талент” — Вольга Комісава (абедзве з Глінкі), “Міс грацыя” — Аляксандра Стрыгоцкая з Альман.

Конкурс падрыхтавалі ўдзельнікі творчага клуба “Альтанка” Раённага метадычнага цэнтра (кіраўнік Ніна Лісавец). Мерапрыемства з’яўляецца часткай праекта “Па запаведных мясцінах Бацькаўшчыны”. Заключным этапам яго стане раённае свята журавін, якое адбудзецца гэтай восенню.

Конкурс стаў практычнай часткай раённага семінара клубных работнікаў па тэме “Укараненне і прасоўванне творчых праектаў па арганізацыі вольнага часу моладзі”.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара


Касцюковіччына / Чарговы “трафей”

Пра Артура Міраненку, маладога галасістага хлопца, саліста Маладзёжнага культурнага цэнтра “Юнацтва” Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна, даведаліся за межамі вобласці і Беларусі.

Нядаўна Артур святкаваў перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе “Звонкая раніца”, а днямі вярнуўся дахаты з творчым “трафеем”: з медалём і сямю дыпломамі.

Справа ў тым, што спявак годна прадставіў Магілёўскую вобласць за мяжой. Паспяхова прайшоў рэгіянальны, абласны і рэспубліканскі адборачныя туры і стаў фіналістам ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу інклюзіўнай творчасці “Пад крыламі Арыёна” і лаўрэатам другой ступені ў намінацыі “Эстрадны нумар”.

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна


Гродзеншчына / Зрабілі самі

Тры бібліятэкі Гродзенскага раёна прынялі ўдзел у абласным конкурсе “На лепшую самаробную кнігу”, які праводзіўся ў межах культурных мерапрыемстваў да Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне.

Спаборніцтва ладзілася галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і абласной навуковай бібліятэкай імя Яўхіма Карскага для папулярызацыі кнігі і чытання праз творчасць і фантазію, для развіцця і падтрымкі навыкаў тых асоб, якія захапляюцца літаратурна-мастацкай творчасцю і выяўленчым мастацтвам, для рэалізацыі творчай актыўнасці насельніцтва Гродзеншчыны.

Скідзельская гарадская бібліятэка сямейнага чытання прадставіла працу ў намінацыі “Лепшае мастацкае афармленне ўласнага твора”. Ва ўпрыгожанай бісерам і вышыўкай кніжцы “З крыніц адвечных... Вершы.” на 11 старонках размясціліся вершы галоўнага бібліятэкара Алы Капцюг.

А вось бібліятэкар Вольга Савянкова са Скідзельскай гарадской бібліятэкі і бібліятэкар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання Людміла Марцуль па-мастацку аформілі ўрыўкі твораў нашых класікаў: “Папараць-кветка” Цёткі (ураджэнкі Шчучына), “Сымон-музыка” Якуба Коласа.

Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара Гродзенскага раеннага культурна-інфармацыйнага цэнтра

 

Бешанковічы / У каго сэрца залатое?

Днямі ў чытальнай зале Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі дэманстравалі плён уласнай працы удзельніцы аматарскага аб’яднання “Парастак”.

Жанчыны займаюцца вырошчваннем памідораў. Таму на выстаўцы прысутнічалі лепшыя таматы самых розных гатункаў: “Вялікая мамачка”, “Залатое сэрца”, “Гігант лімонны”, “Чыо-чыо-сан”… Усяго ў “Парадзе таматаў-2015” было прэзентавана 60 гатункаў і гібрыдаў.

Наведвальнікі (больш за 130 чалавек) правялі дэгустацыю і вызначылі лепшыя памідоры. Самым буйным прызнаны тамат вагай у 860 грамаў… А яшчэ памідоры-пераможцы вызначаліся па знешняй прыгажосці, ураджайнасці і незвычайнасці выгляду.

Надзея КУЦ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай раённай бібліятэкі Бешанковіцкай ЦБС