Больш за 60 палотнаў, падараваных мастаком нашай сталіцы ў 2003 годзе, перамясціліся з Серабранкі ў самы цэнтр горада і цяпер становяцца даступнымі для больш шырокага кола гледачоў. Папярэдняе памяшканне галерэі, якая ў адной зале размяшчалася амаль на ўскраіне Мінска, не вельмі добра была прыстасавана для нармальнага “жыцця” твораў: адсутчніла сховішча, зімой тэмпература ўнутры памяшкання часам дасягала +12 градусаў, а летам адпаведна — задуха… Цяпер — усё па-іншаму: чатыры залы, добрае сховішча, ідэальная тэмпература для гледачоў, супрацоўнікаў і для саміх твораў. І — тэрыторыя гістарычнага ды культурнага цэнтра сталіцы, амаль побач — Гарадская ратуша, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Акадэмія музыкі, Дзіцячая філармонія, помнікі архітэктуры розных эпох.
Новая экспазіцыя твораў народнага мастака пад назвай “Адкрыццё жывапісу” — гэта сваеасаблівая рэтраспектыва яго творчасці, якая ўбірае ў сябе найлепшыя дасягненні аўтара ў розных жанрах, пачынаючы з 1970-х і заканчваючы пачаткам 2000-х. Прадстаўлены не толькі бліскучыя мажорныя пейзажы, іскрыстыя партрэты і чароўныя нацюрморты, але і маштабныя фігуратыўныя палотны, напрыклад, “Віцебск у вайне 1812 года”, “На роднай ніве”, “Радзіма”, “Святло месяца”… Будуць паказаны таксама некалькі карцін з майстэрні мастака і фонда Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама фатаграфіі маэстра.
Леанід Шчамялёў… Хто ён сёння ў нашым выяўленчым мастацтве? Найбуйнейшы майстар? Канешне. Жывапісец з ліку бясспрэчных лідараў беларускай культуры? Зразумела. Але, можа быць, хаця гэты мастак поўны невычэрпных сіл і ў яго, нягледзячы на паважаны ўзрост, яшчэ добры запас “пораху ў парахаўніцах”, ён ужо жывы класік? Упэўнены. І гэта ёсць самая дакладная і заслужаная формула. Таму што яго мастацтва — наўпростая лінія да чагосці такога, што жыве ў кожным з нас, што дае магчымасць здзіўляцца і радавацца свету, што дазваляе нам бачыць за матэрыяльнай абалонкай нешта большае, чым проста спалучэнне атамаў. Гэта каталізатар, які прыводзіць у дзеянне нашы схаваныя, часам вельмі глыбока, памкненні вярнуцца да саміх сябе, да такіх, якія мы ёсць, якімі былі калісьці…
З Леанідам Дзмітрыевічам і яго жонкай Святланай Мікалаеўнай давялося пабываць у галерэі за чатыры дні да нядзельнага вернісажу, калі супрацоўнікі толькі-толькі пачыналі рабіць экспазіцыю. Таму мы прадстаўляем зараз “фотакарцінкі” інтэр’ераў, так бы мовіць, у “эскізным” стане. Але заўтра тут адбудзецца сапраўднае свята ва ўсім харастве.
Фота аўтара