Рацыянальна і эканомна

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
У апошні дзень лета прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на якім было разгледжана адзінае, але выключна важнае пытанне — “Аб выкананні арганізацыямі сістэмы Міністэрства культуры эканамічных паказчыкаў развіцця сферы культуры ў першым паўгоддзі 2015 года і прагнозе іх выканання за 2015 год”.

Напачатку пасяджэння міністр культуры Барыс Святлоў зазначыў, што станоўчае — станоўчым, але асноўную ўвагу варта звярнуць на праблемныя моманты эканамічнага развіцця галіны. Адзін з галоўных — нежаданне шукаць шляхі больш рацыянальнага ды эканомнага гаспадарання.

Даведзеныя заданні па росце ўласных даходаў не выканалі Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Музей “Замкавы комплекс “Мір”. Асноўная прычына невыканання плана па пазабюджэтных даходах — зніжэнне колькасці наведвальнікаў канцэртаў і ўстаноў.

Рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў склала па камерцыйных арганізацыях мінус 13,7 працэнта пры плане — мінус 6,8 і знізілася ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам. Са стратамі спрацавалі Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, праектны філіял “Белрэстаўрацыі”, філіял “Брэстрэстаўрацыя”.

Не справіліся з асноўнымі паказчыкамі бізнес-планаў Тэатральныя майстэрні, згаданыя ўжо “Беларусьфільм” і праектны філіял “Белрэстаўрацыі”, “Віцебск-Белпрамкультура”. Прычыны: недазагрузка вытворчых магутнасцей, недахоп абаротных сродкаў для росту аб’ёмаў вытворчасці і асваення новых відаў прадукцыі, яе матэрыяла- і энергаёмістасць…

Аб’ём экспарту паслуг па падпарадкаваных арганізацыях склаў 67,2 працэнта ад экспарту паслуг за адпаведны перыяд 2014 года.

Адсюль вынікае, што выкарыстанне бюджэтных сродкаў павінна быць мэтавым, рацыянальным, эканомным. А своечасовае прыняцце мер па скарачэнні дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці трэба ўвесці ў ранг першаступеннай важнасці.

Выкананне мэтавага задання па энергазберажэнні не забяспечыў Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”…

Пра пастаянны кантроль за вышэйназванымі паказчыкамі ды максімальнае выкарыстанне магчымых рэзерваў казаў і начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Васіль Дэмбіцкі. А задзел для гэтага за паўгоддзе створаны.

Дзяржаўныя арганізацыі сістэмы Міністэрства культуры атрымалі пазабюджэтных даходаў ў суме больш за 632 мільярды рублёў (115,4 працэнта ад леташняга аналагічнага паказчыка). Уласныя грошы склалі больш за 20,8 працэнта ад агульных паступленняў. У тым ліку па арганізацыях рэспубліканскага падпарадкавання — 35,8, мясцовага падпарадкавання — 17,9 працэнта. Для параўнання: за леташняе паўгоддзе гэтыя паказчыкі склалі 20,1, 32,7 і 17,7 працэнта адпаведна. Сёлета прагназуецца забяспечыць выкананне плана па ўласных даходах не менш чым на 120 працэнтаў.

Значна перавыканалі пазабюджэтныя заданні Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Тэатр-студыя кінаакцёра”. Значнае павелічэнне даходаў ў структуры агульных паступленняў адбылося ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Сярэднемесячная заработная плата работнікаў культуры за паўгоддзе склала 61,9 працэнта да сярэдняга заробку па рэспубліцы. У параўнанні з адпаведным мінулагоднім яна вырасла на 13,9 працэнта.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"