Канцэпцыя не складаецца…

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Некалі ў фае нашага Вялікага тэатра натрапіла на столік з дыскамі. Перабіраючы звыклыя кампакты з класічнай музыкай, нечакана ўбачыла дыск “Казкі і байкі ад нашых знаёмых” у выкананні дэкламатара Белдзяржфілармоніі Валерыя Саберава. Змест аказаўся проста шыкоўным! Англійскія дзіцячыя песні ў перакладзе Самуіла Маршака, творы Доктара С’юза, Таццяны Макаравай, Яна Бжэхвы, Генрыха Сапгіра, Юльяна Тувіма, Эдуарда Успенскага і іншых. Дыск ухапіла “на выраст” і не прагадала: літарально штодзень чую з дзіцячага пакоя чароўны голас Валерыя Фёдаравіча. Засмучае толькі, што за шэсць апошніх гадоў наша хатняя аўдыябібліятэка папаўняецца, у асноўным, расійскімі выданнямі. Дзе ж арыгінальныя айчынныя аўдыяспектаклі?

/i/content/pi/cult/547/11930/4-3.jpgМаё пакаленне расло на казках, што гучалі з вінілавых дарожак. Нас вучылі правільна браць у рукі капрызлівы ў абыходзе дыск і як зрэнку вока берагчы іголкі для прайгравальніка. Нават запалкі па хаце мы шукалі не для іх прамога выкарыстання, а каб пачкам зрабіць больш цяжкім гуказдымальнік, які пачынаў скакаць на падрапанай ад частага праслухоўвання паверхні грампласцінкі. Зрэшты, і акцёраў я найперш ведала па галасах (тады дзіцячыя фільмы ў тэлепраграме чакалі тыднямі, а хатняя фанатэка заўсёды была пад рукой), а потым, пачуўшы знаёмы голас на экране, суадносіла яго з прозвішчам на канверце вініла.

Калі з’явіліся свае дзеці, вельмі захацелася далучыць іх да таго багацця аўдыёспектакляў. Але што сёння ўключаць? У Расіі пайшлі па шляху найменшага супраціўлення: пачалі з алічбоўкі класічных пласцінак. Зараз на кніжных развалах у Маскве і Санкт-Пецярбургу можна пабачыць знаёмыя вокладкі, што перайшлі з канвертаў на кампакт-дыскі.

У Беларусі чамусьці такой моды на аўдыяказкі так і не дачакаліся... У музычных крамах трапляюцца дыскі для дзяцей, але тыя кампакты часта ідуць без суправаджальнай інфармацыі: нельга даведацца пра тых, хто агучыў ролі, рэжысёраў, нарэшце — пра змест. Сярод такіх котак у мяху раз-пораз трапляюцца класічныя аўдыяспектаклі мінулага стагоддзя. Добра, што у Сеціве з’явіўся сайт з тымі запісамі, дзе алічбаваны і надпісы з канвертаў.

Дарэчы, у суседзяў не спыніліся на штампаванні дасягненняў былых гадоў і пачалі актыўна выпускаць новае. Акрамя казак, попытам карыстаюцца тэатралізаваныя аўдыяэнцыклапедыі. З’явілася нават цэлая серыя па мастацтве: дыскі знаёмяць з тэатрам, сімфанічным аркестрам, вядомымі паэтамі. А што у нас?

Новае пакаленне патрабуе сваіх герояў: дзе ж уласна беларускія аўдыяспектаклі? Напрамак даволі перспектыўны і запатрабаваны. Адказныя дарослыя шукаюць айчынны прадукт... і сутыкаюцца з масай “але”. У нашай краіне перыядычна з’яўляюцца цікавыя аўдыяпраекты, толькі яны ўсе разрозненыя, не маюць адпаведнага рэкламнага прасоўвання, а ў выніку становяцца вядомымі невялікай частцы патэнцыйнай аўдыторыі.

Напрыклад, узімку пры падтрымцы аднаго з банкаў выйшла музычная філасофская казка для дзяцей і дарослых “Дрэва жаданняў”. Агучваць цудоўны тэкст Ганны Трубачовай пра падарожжа Зялёнай Казы рэжысёр-пастаноўшчык Каця Пытлева запрасіла спрэс зорак. У аўдыяспектаклі былі задзейнічаны акцёры Ганна Хітрык, Міхаіл Зуй, Настасся Шпакоўская і музыканты Алег Хаменка, Віталік Артыст, Аляксандр Куллінковіч, Светлана Залеская-Бень. Арыгінальны саунтрэк запісаў айчыны гурт “Hata”. На жаль, цудоўны дыск зроблены ў якасці сувенірнай прадукцыі і не прызначаны для камерцыйнага выкарыстоўвання. Шыкоўная казка, якая магла б стаць культурным дасягненнем году, засталася даступнай толькі вузкаму колу абраных...

Цягам васьмі гадоў доўжыцца аўтарскі праект Алега Хаменкі і групы “Палац”, у рамках якога на дысках выходзілі беларускія народныя казкі. Аўдыязапісы сталі часткай спецпраекта ініцыятывы UNІSEF у Беларусі. І зноў жа: як можна было даведацца, дзе тыя кампакты ёсць у наяўнасці? Зараз добрая ініцыятыва атрымлівае новы подых: ствараецца дадатак, з дапамогай якога казачны фальклор можна будзе праслухоўваць на смартфонах і планшэтах. Спадзяюся, з дапамогай сучасных інструментаў атрымаецца значна павялічыць колькасць спажыўцоў айчыннага аўдыя.

А пакуль вымушана канстатаваць: нават пры наяўнасці выдатнага культурнага прадукту, зацікаўленых дадзенай тэмай творцаў і неахопленай рынкавай нішы, айчынным вытворцам не выпадае усе гэтыя складнікі спалучыць у зладжаную канцэпцыю. Вось і даводзіцца новым пакаленням расці на якаснай, але не ўласнай культурнай прадукцыі...

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"