Іспыт на кваліфікацыю альбо піяр?

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Абарона дыплома
Я ведаю нямала людзей, якія ў маладыя гады, маючы дастаткова талентаў і здольнасцей, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, свядома адмовіліся ад такой перспектывы. Маўляў, на што мне той дыплом, пражыву і без яго. Абыйдуся без “верхняга абразавання”, да ўсяго дайду сваім розумам і практычным досведам. У такіх развагах ёсць і пэўная логіка, і меркантыльны сэнс. Бо вучоба ў ВНУ — гэта кнігі замест гулянак, беднаватае жыццё ад стыпендыі да стыпэндыі (калі яшчэ тая стыпендыя ёсць), абразлівая для фанабэрыстай моладзі фінансавая залежнасць ад бацькоў у той час, калі ты мог бы ўжо, здаецца, і сам зарабляць, а таксама велізарныя псіхалагічныя, а ў бяссонныя ночы перад іспытамі — і фізічныя нагрузкі. І ўсё гэта на працягу 5-6 гадоў, а ў выніку — дыплом, які на сённяшні дзень далёка не заўжды гарантуе годнае працаўладкаванне, і невялікая зарплата маладога спецыяліста. Ці варта дзеля такога выніку марнаваць лепшыя гады?

/i/content/pi/cult/545/11864/4-28.jpgАле па жыцці атрымлівалася, што людзі, якія ў маладосці кіраваліся такімі развагамі, у сталыя гады часта шкадавалі, што ў свой час не парупіліся атрымаць вышэйную адукацыю. Бо ВНУ не толькі дае карысныя для жыцця веды і навыкі, да якіх можна насамрэч дайсці і сваім розумам, але выбудоўвае ў свядомасці студэнта сістэму светапоглядаў — а гэта дасягаецца толькі ў сумоўі.

Да таго ж, аднойчы чалавек падыходзіць да той мяжы, калі далейшая кар’ера і ўмацаванне сацыяльнага статусу становяцца магчымымі толькі пры наяўнасці дыплома ВНУ. Мастацтва — сфера асаблівая. Хтосьці лічыць, што тут адукацыя — справа другасная, галоўнае — талент і плённасць працы. Але я асабіста не ведаю ніводнага паспяховага мастака, які б нідзе не вучыўся і да ўсяго дайшоў бы выключна сваім розумам. Сярод тых, хто мае толькі спецыяльную сярэднюю адукацыю, гучнае творчае імя — рэдкае выключэнне з правілаў. Таму мне цяжка ўявіць выяўленчае мастацтва нашай краіны без Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацваў.

Відаць, я не магу быць цалкам аб’ектыўным, спрабуючы даць ацэнку дыпломным работам выпускнікоў БДАМ, бо някепска ўяўляю, чаго вартая вучоба ў гэтай ВНУ і якіх высілкаў патрабуе тут дыпломная работа. Тым больш, прыемна бачыць, што навучальны працэс у БДАМ пастаўлены грунтоўна і якасць дыпломаў традыцыйна высокая. У Акадэміі, калі яна яшчэ была інстытутам, выкладалі асобы, творчасць якіх сёння лічыцца “залатым фондам” нашай культуры. Але прынцыпы, якія спавядалі, у сённяшніх варунках успрымаліся б як праява кансерватызму і “ўчарашні дзень” мастацтва. Я наогул не лічу, што кансерватызм — гэта кепска, і ўпэўнены, што з гістарычнага пункту гледжання духоўнае бязладдзе нічым не лепшае за колішні ідэалагічны “ordnung”. Крайнасці сыходзяцца, “залатая сярэдзіна” існуе, бадай, толькі ў тэорыі, а новы час патрабуе новай эстэтыкі. Яе мусілі прынесці ў акадэмічны навучальны працэс тыя, хто прыйшоў на змену мэтрам і карыфеям савецкай пары; тыя, каго яшчэ нядаўна называлі “сярэднім пакаленнем”. Змена пакаленняў выкладчыкаў адбывалася павольна і не справакавала радыкальных хістанняў і хваравітых страт у сістэме навучання.

Мне падаецца надзвычай важным тое, што ў пераломныя гады БДАМ засталася акадэміяй не толькі па назве, але і па сутнасці. Пра гэта сведчыць, як я адзначаў вышэй, і традыцыйна высокая якасць дыпломных работ мастацкага факультэта, які, дарэчы, і ўвасабляе традыцыю. Сёлетняя абарона — не выключэнне. Праўда, не абмінеш тую акалічнасць, што хоць у жыцці той, хто здольны маляваць рукамі, можа мець перавагу перад тым, хто кроку не зробіць без камп’ютара, традыцыйная трыяда “прыгожых мастацтваў” — жывапіс, графіка, скульптура — у некаторыя гады саступае ў папулярнасці сярод абітурыентаў графічнаму і віртуальнаму дызайну, а таксама інтэр’еру і тэкстылю. Мінуў час, калі на дызайн паступалі тыя, каму было не прабіцца на мастацкі факультэт. Цяпер дызайн і выяўленчае мастацтва ўспрымаюцца дасведчанай грамадою як з’явы роўныя па статусе, аднолькава паўнавартасныя. А значыць, ёсць і ўзаемаўплыў. Гэта, на маю думку, можна бачыць і на сёлетняй абароне ў БДАМ.

Бадай, толькі станковы жывапіс студэнтаў Акадэміі з большага адпавядае традыцыйнаму ўяўленню аб гэтым жанры мастацтва. Але і тут бачыш, як дэкаратыўнасць часам падпарадкоўвае іншыя чыннікі карціны, у выніку чаго яны становяцца падабенствам прыгожай тэатральнай афішы. Гэтую акалічнасць можна трактаваць па-рознаму: як сімптом заняпаду станкавізму, пазбаўленне карціны псіхалагізму і праяву дэмакратызму ў навучальным працэсе, калі студэнту, асабліва дыпломніку, выкладчыкі не навязваюць ні тэмы, ні сюжэта, ні стылістыкі. Між тым, як распавядалі мне дасведчаныя людзі, у славутых мастацкіх ВНУ Расіі, чый аўтарытэт пэўны час быў для нас неаспрэчным, а досвед — вызначальным пры стварэнні нашай уласнай вышэйшай школы, такі дэмакратызм немагчымы паводле вызначэння. Там шануюць традыцыі, закладзеныя яшчэ ў імперскі час, і тады ж выпрацаванай методыкай. Там дамінуе канон. Надта самастойны і фанабэрысты студэнт там не прыжывецца і будзе вымушаны шукаць сабе іншую alma mater.

Што датычыцца графікі ў БДАМ, дык яна даўно сілкуецца прыёмамі з арсеналу дызайну. Так, ёсць на гэтай абароне работы, дзе амаль адкрыта “цытуецца” вынаходнік оп-арту Віктар Вазарэлі. Хоць у гісторыі культуры ХХ стагоддзя гэтая асоба прадстаўляе трыяду “жывапіс-графіка-скульптура”, сутнасна ягоная спадчына — эфектны дызайн, вельмі прыдатны ў рэкламнай справе і аздобе відовішчаў. Нашы бліжэйшыя суседзі перахварэлі на падобныя запазычанні яшчэ ў 80-я гады... Іншыя матывы графічных дыпломаў нагадваюць мне таксама нешта з мастацтва краін савецкага блоку перыяду актыўнага засваення імі эстэтыкі Захаду. Прафесіяналізм згаданых дыпломных работ я не аспрэчваю, але шкада нацыянальнай школы. Тыя ж матывы Вазарэлі ўспрымаліся б зусім інакш, калі б іх спалучылі хаця б з элементамі беларускага арнаменту.

Станковы жывапіс і графіка, зрэшты, могуць быць не больш чым праявай творчай рэфлексіі, гэткімі “дзённікавымі нататкамі”, якія створаны не для чужога вока, а проста каб сам аўтар не забыўся на нешта важнае асабіста для яго. У гэтых відах мастацтва суб’ектыўны пачатак выяўлены даволі выразна. Звыклая для творчай натуры суб’ектыўнасць, “самасць” часам падсвядома праяўляецца нават у тых выпадках, калі мастак робіць нешта па замове альбо на карысць свайму іміджу — скажам, тую ж дыпломную работу. Іншая справа — манументальнае мастацтва. Яно зыходна разлічана на шырокую аўдыторыю і праз гэта абапіраецца на актуальныя для дадзенага часу эстэтычныя стэрэатыпы. Мне, аднак, падаецца, што сёння “манументалка” збілася з накатаных рэек і рэфлексіўна шукае сваё месца ў новай эстэтычнай рэчаіснасці. Па-першае, у ім зашкальвае суб’ектывізм, болей уласцівы, як адзначалася вышэй, станковаму мастацтву. Па-другое, адчуваецца яўны ўхіл у дэкаратыўнасць і спрошчанасць форм. І нарэшце, сёння нават на знакавых аб’ектах у нашага манументальнага мастацтва далёка не манументальныя размах і стылістыка. На гэтай абароне былі прадстаўлены ўзоры інтэр’ернай аздобы грамадскіх будынкаў, якія не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, што рабілася ў эпоху, калі працавалі Гаўрыла Вашчанка і Аляксандр Кішчанка. Тое рабілася дзеля сцвярджэння ідэі, а гэта робіцца дзеля камфорту. І тое, і другое — мастацтва. Але прызначана для розных мэтаў. Ідэйны змест сёння можна знайсці, хіба, у аздобе аб’ектаў, дзе замоўца — Царква (ёсць такая работа на гэтай абороне) альбо Касцёл. Але канон, адпаведнасці якому патрабуе замоўца, значна змяншае поле для творчага самавыяўлення.

Сёння да намінацыі “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва” адносяць станковы жывапіс, зроблены для канкрэтнага інтэр’еру. Такой на абароне была серыя партрэтаў асоб, што праславілі Купалаўскі тэатр. Як па мне, дык гэта не зусім лагічна: тое, што можна зняць са сценкі, мастацтва станковае. Але ў час няпэўнасці і адсутнасці выразна акрэсленай грамадскай ідэі рабіць нешта, каб раз — і назаўсёды, мабыць, рызыкоўна… Вось і замяшчае станковая карціна фрэску. Зрэшты, гэта танней каштуе.

Скульптура на дадзенай абароне абвяргае развагі, якія можна было пачуць апошнім часам, пра застой у беларускай пластыцы і неэфектыўную методыку падрыхтоўкі скульптараў у БДАМ. Не ўсё мне прыйшлося даспадобы, але сама разнастайнасць форм і стыляў — ад абстрагаваных і дэкаратыўна-абагульненых форм да канкрэтна-партрэтных — уяўляецца мне добрым набыткам для будучыні.

Кожная грунтоўная творчая работа мае псіхалагічнае абгрунтаванне. Нават калі яна робіцца па замове і пад наглядам кіраўніка ці цэнзара, мастак усё адно мусіць мець адказ на пытанне, навошта яму гэта трэба? Назіраючы цягам апошніх гадоў за абаронамі дыпломаў у нашай Акадэміі і іншых ВНУ культурнага профілю, пераконваюся, што дыпломнік (можа, падсвядома) дбае не пра тое, каб адпавядаць зададзенаму навучальнай праграмай стандарту і такім чынам пацвердзіць сваё права лічыцца кваліфікаваным спецыялістам, але думае, як на абароне сябе прапіярыць, звярнуць на сябе ўвагу. Ягоная кар’ера залежыць не ад удалага размеркавання (ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці гэта не гарант дабрабыту), але ад уласнага розуму, учэпістасці і працавітасці. А піяр на рынку працы — не апошняя рэч.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"