Ці менш становіцца дысертацый?

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

“Не дасягненне першым напісаць пра падзею па-беларуску. Ты змясці ў сусветны кантэкст і дакажы, што робіш гэта лепш за калег”
Цягам апошніх пяці гадоў уручана ўсяго шэсць дыпломаў дактароў мастацтвазнаўства і адзін — доктара культуралогіі. Гэта надзвычай мала для фундаментальнай навукі Беларусі. Пра адметнасці сучаснай сістэмы паслядыпломнай адукацыі, пра тое, чаму скарачаецца колькасць абароненных дысертацый, якія пытанні могуць узнікнуць у сувязі з уваходжаннем Беларусі ў Балонскі працэс, па просьбе “К” разважае старшыня Экспертнага савета па мастацвазнаўстве і культуралогіі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі краіны, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына ДУЛАВА.

/i/content/pi/cult/538/11736/2-2.jpgАсяроддзе спрыяе адкрыццям

— Калі ўзяць спіс кандыдатаў на атрыманне ступені доктара мастацтвазнаўства і культуралогіі, то, заўважым, што насупраць прозвішча часцей за ўсё будзе пазначаны горад Мінск. Гэта зразумела: у сталіцы сканцэнтраваны ўніверсітэты, буйныя навуковыя цэнтры, што валодаюць базамі для фундаметальных даследаванняў. Сярод рэгіёнаў, калі казаць з пункту гледжання наяўнасці навуковых кадраў — дапусцім, дактароў мастацтвазнаўства ў музычнай сферы, — зараз лідзіруе Гродна. На захадзе краіны, адзначу, склалася цудоўная адукацыйная школа з традыцыйна моцнай падрыхтоўкай. Безумоўна, уплывае і культурнае асяроддзе, звязанае, у тым ліку, і з памежным размяшчэннем рэгіёна, а таксама з добрай захаванасцю помнікаў культуры. У выніку, толькі ў музычнай сферы апошнім часам з’явілася пяць кандыдатаў навук з Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа і факультэта мастацтваў і дызайна Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Істотнае дасягненне!

Прагматычны выбар ці...

— Зараз значна знізілася цікавасць да паслядыпломнай адукацыі. Яшчэ 15-20 гадоў таму я не магла сабе ўявіць, каб у аспірантуру амаль не было конкурсу. А сёння ўніверсітэты вымушаны скарачаць колькасць месцаў, бо няма ахвотнікаў... Адна з прычын — высокія патрабаванні да суіскальнікаў навуковай ступені і іх дысертацыйных работ, складаная працэдура абароны. Па-другое, паглядзіце, што адбываецца з конкурсам на цэлы шэраг спецыяльнасцей у творчых ВНУ! Калі, скажам, у Акадэміі музыкі ў піяністаў і вакалістаў ён па-ранейшаму застаецца салідным, то на такі кірунак, як музыказнаўства, у нас усяго шэсць месцаў, а заявак будзе не больш за 8-9 (у ранейшыя гады я магла заявіць 12 месцаў і ведала, што на іх будзе прэтэндаваць да 22 абітурыентаў...) Верагодна, не вабіць перспектыва выкладчыцкай дзейнасці ў каледжы ці музычнай школе. Большасць моладзі хвалюе будучы заробак і прэстыж прафесіі педагога... А паменшала студэнтаў — значна знізілася колькасць ахвотных пайсці пасля ВНУ ў навуку. Таму і прэстыж чалавека навукі знізіўся. На Рэспубліканскім савеце рэктараў ВНУ краіны неаднаразова ўзнімалася такое пытанне: у Беларусі для падтрымання матэрыяльнага становішча выкладчыкаў і старшых выкладчыкаў, што не маюць навуковай ступенні і звання, уведзена пяцідзесяціпрацэнтная надбаўка. Але добрае памкненне мае і адваротны бок: увядзенне надбаўкі, сутнасна скараціла розніцу ў аплаце працы дацэнта і старшага выкладчыка. Атрымліваецца, што выкладчыкі маюць надбаўку апрыёры, а дацэнты павінны штогод рыхтаваць сур’ёзную справаздачу, публікавацца, творцам неабходна выконваць вялікі аб’ём адпаведнай дзейнасці (канцэрты, удзел у журы, падрыхтоўка студэнтаў да конкурсаў і г. д.), каб пацвярджаць сваё званне і, адпаведна, права на надбаўку да зарплаты...

За савецкім часам, калі выбудоўвалася навуковая сістэма, існавала дастаткова сур’ёзная розніца паміж заробкамі выкладчыка і дацэнта, дацэнта і прафесара. Упэўнена, так павінна быць і сёння, бо гэта зусім розныя ступені дасягнення, росту, здзяйсненняў. У рэшце рэшт — велізарная праца. З гэтых прычын мы губляем таленавітую моладзь.

Трэнд у нацыянальным каларыце

— І на прыкладзе нашай ВНУ, і нашага Савета відавочна: цэнтральнай тэматыкай дысертацый апошніх гадоў стала нацыянальная культура. Ніколі раней мы не сутыкаліся з такім заглыбленнем у даследванне культуры і мастацтва рэгіёнаў, гарадоў, памежжа айчыннай гісторыі і рэчаіснасці ў цэлым. Гэта правільны кірунак, бо акрамя нас ніхто вывучаць айчынную плынь у такім аб’ёме не стане.Нам яна цікава і мы нясём за яе адказнасць.

Адзначу, што фарміруюцца і навуковыя кірункі, звязаныя з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Гэта, у першую чаргу, тычыцца музейнай і бібліятэчнай спраў, уяўленні аб якіх сёння змяніліся. Некаторыя аспіранты імкнуцца ўзнімаць ультрасучасную тэматыку, аднак асабіста я заўсёды засцерагаю ў такіх выпадках, каб не атрымаўся стрэл з гарматы па вераб’ях. Калі з’ява культуры толькі фарміруецца, яна часта не паддаецца аналізу з пазіцый традыцыйнай метадалогіі, а новая не паспявае распрацавацца.

Сучасным даследчыкам не хапае еўрапейскага кантэксту. Кажуць: “Упершыню ў беларускім мастацтвазнаўстве!”, а ў тэксце — творчасць Баха ці Леанарда да Вінчы! Не дасягненне першым напісаць пра падзею па-беларуску. Ты змясці ў сусветны кантэкст і дакажы, што робіш гэта лепш за замежных калег, раскажы, што ты ўнёс працай у сусветную скарбонку ведаў.

Практычна сышлі дысертацыі, звязаныя з замежнымі тэмамі (дапусцім, эпоха Адраджэння, мастацтва Германіі ці Іспаніі). Мяркую, што беларусам зараз увогуле бракуе сур’ёзных узаемаадносін з еўрапейскай навукай па напісанні сумесных прац, каб у выніку былі зацікаўлены абодва бакі. У нас ёсць некаторыя меркаванні, як можна даследаваць нацыянальнае, выкарыстоўваючы еўрапейскія архівы, але гэта вельмі затратна, патрабуе спецыяльнага фінансавання...

Многія нашы аспіранты яшчэ не вельмі добра валодаюць замежнымі мовамі, каб пісаць і займацца даследчыцкай працай за мяжой, а потым вяртацца і прыносіць карысць яе вынікамі сваёй краіне. Усё ж найбольш здатныя пакуль выязджаюць за мяжу даследаваць іншаземныя культурныя з’явы. Буйныя еўрапейскія фонды даследаванняў зацікаўлены ў тым, каб навукоўцы з любой краіны свету карысталіся іх архівамі. Калі малады даследчык адчувае, што можна працаваць у адным з універсітэтаў Захаду, мець пад гэту справу грант і сур’ёзную падтрымку — у яго з’яўляецца каласальны стымул, каб за два гады напісаць там працу і абараніць яе. Ды дзе гарантыя, што Беларусь не страціць у такім выпадку таленавітага спецыяліста?..

Тры разменьваем на дзве?

— На сённяшні дзень адукацыйная сістэма ў Беларусі складаецца з трох прыступак: спецыялітэт, магістратура, сістэма паслядыпломнай адукацыі — аспірантура. На жаль, страчаная ў наш час форма, якую мы вельмі хацелі б адрадзіць: інстытут стажыроўкі для музыкантаў-выканаўцаў. Калі мы ўступаем ў агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору, спатрэбіцца прывесці ў адпаведнасць з ёй нашу сістэму. Па вопыце Казахстана і Украіны ведаю, што гэта няпроста. Калі сёння паслядыпломная адукацыя карэлюецца з Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй, то ва ўмовах Балонскага працэссу яна павінна стаць трэцяй прыступкай праграмы ВНУ. Адпаведна, патрэбны адмысловыя вучэбныя планы, новыя формы атэстацыі... Паўстане і пытанне фінансавання: зараз на даследаванні выдаткоўваюцца грошы Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях. У выпадку перапарадкавання аспірантуры ўніверсітэтам спатрэбіцца іншая лінія выдзялення сродкаў.

У сувязі з Балонскім працэсам патрабуе рэформы парадак прысваення навуковых ступеняў. На постсавецкай прасторы доктарам лічыцца той, хто абараніў дзве дысертацыі, а ў Еўропе гэтую ступень прызначаюць за адну навуковую работу, якая адпавядае нашай кандыдацкай. Нас чакае доўгая праца ў гэтым кірунку...

Рэгламентацыя дзеля празрыстасці

— Калі я выконвала і абараняла дысертацыю, у Беларусі не існавала доктарскага савета па мастацтвазнаўстве. Таму, атрымаўшы дазвол Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі, я абаранялася ў Маскоўскай кансерваторыі. Пасля давялося прывезці дысертацыю ў Мінск і прайсці ўсю працэдуру настрыфікацыі. Сённяшнім суіскальнікам куды прасцей: з’явіўся айчынны доктарскі Савет, і ёсць магчымасць абараняцца ды апрабіраваць свае матэрыялы, не пакідаючы межы краіны.

Зараз у параўнанні з Украінай ці Расіяй у нас значна больш упарадкаваная працэдура абароны. Мне гэта вельмі падабаецца. Прынамсі, маючы дакладны рэгламент пабудовы аўтарэферата, чалавек пачынае ясна мысліць і зладжана выказвацца. Саветам няспешна і дбайна вывяраецца кожны крок на шляху ўнясення дапаўненняў у гэтую зладжаную парадыгму.

На кожным годзе адукацыі ў аспірантуры адбываецца экспертыза таго, што робіць аспірант, таму на падыходзе да абароны дысертацыя шматразова праверана і нават апрабіравана. Рэгламентацыя кандыдацкай абароны таксама мае свае плюсы: цалкам выслухоўваюцца ўсе бакі, арганізуецца сапраўдная навуковая дыскусія. Таму на маёй памяці за час майго знаходжання на пасадзе старшыні Экспертнага савета на ўзроўні Прэзідыўма была адхілена ўсяго адна кандыдацкая праца.

Што датычыцца абароны доктарскай, я дапускаю, што магчыма было б прадугледзіць нейкія паслабленні да формы яе правядзення. На абароне такога ўзроўню ідзе дыскусія буйных вучоных, аўтарытэтных спецыялістаў у сваёй галіне.

Гадоў 20-25 таму існавала такая традыцыя: калі навуковая канцэпцыя склалася, калі яна атрымала адабрэнне значных навукоўцаў, калег за мяжой, то, па сутнасці, абарона станавілася фармальнасцю (магла праходзіць у форме адкрытага даклада). Зараз жа адбываецца такая грандыёзная працэдура, што дай бог чалавеку вытрымаць яе проста фізічна... Жорсткі рэгламент абароны хутчэй служыць стрымліваючым фактарам, не дазваляе калегам абмеркаваць і прыняць канцэпцыю апанента.

Доктар — у 37

— Я ў 37 гадоў стала доктарам навук. І мне цяпер хочацца падтрымаць моладзь: калі вашы навуковыя інтарэсы сур’ёзныя, складаныя, калі вы глыбока ведаеце сваё пытанне, то не пужайцеся —рухайцеся да абароны доктарскай. Праходжанне навуковых прыступак — гэта толькі этап, а нам важна атрымаць адкрытую сферу даследавання, якая ўпрыгожыла б навуковае жыццё краіны.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"