(Працяг. Пачатак у №№ 23, 24.)
Водгук
Танныя і дарагія. Канцэптуальныя і больш традыцыйныя. Па шчырысці, мая надзвычай фрагментарная выбарка павільёнаў і выставак Паралельнай праграмы дазваляе казаць пра біенале як пра парад экспазіцый. У асноўным, гэта былі праекты, дзе, у адрозненне ад беларускага павільёна, галоўнае месца займала мастацкае выказванне. Тым не менш, participatory art, які прадстаўляе “Архіў…” (у ім аўдыторыя ўключаецца ў працэс стварэння мастацкага твору), — з’ява цалкам звыклая і зразумелая на мастацкім форуме.
Яшчэ ў 1976 годзе славуты Ёзаф Бойс прадставіў у Венецыі праект, які, уласна, уключаў аўдыторыю ў працэс зносін на самыя розныя тэмы. Сутнасць і палягала ў тым, каб разам з мастаком шукаць адказы на разнастайныя пытанні, востра ставіць іх, ствараючы прастору для дыскусіі. І мастак тут выступаў у якасці пэўнага медыума. У “Архіве...” ж падобным медыумам можна назваць уласна архіў. Але гэта невялікае адступленне, якое ўсё ж вядзе да думкі, што ўбачаны кантэкст (вядома, з вялікай агаворкай на галоўныя экспазіцыі, якія, мяркую, яшчэ паглядзяць сотні дасведчаных) ніяк не замінае “Архіву сведкі вайны” прагучаць у гэтым шматаблічным хоры contemporary art. З якога, тым не менш, я вырашыла вылучыць некалькі галасоў.
Кантыненты
Зборныя выказванні, персанальныя выстаўкі, незалежныя (асобныя ад асноўнай экспазіцыі) прадстаўніцтвы краін, нацыянальныя павільёны, транснацыянальныя заяўкі… У гэтым парадзе прапаноў можна натрапіць на што заўгодна.
Напрыклад, цалкам выпадкова набрыла на павільён Антарктыкі. Расійскі мастак Аляксандр Панамароў, які ўпершыню вылучыў палярны кантынент у суб’ект мастацтва на Венецыянскім архітэктурным біенале летась, працягнуў сваю справу на форуме сучаснага мастацтва. Зрабіўшы міжнародны праект разам з куратарам Надзімам Саманам, Аляксандр, вядомы сваімі грандыёзнымі праектамі, гэтым разам у цэнтр экспазіцыі памясціў інсталяцыю “Concordia”. Такую назву носіць судна-аб’ект, пакрытае льдамі: невялікі карабель стаіць на рэйках, размешчаных пад вуглом, якія выходзяць з экспазіцыйнай залы і спускаюцца ў воды Гранд-канала. Уласна, “Concordia” — адзін з найбуйных пасажырскіх лайнераў, які пацярпеў крушэнне тры гады таму ў Міжземным моры. Аднак Панамароў звяртаецца не толькі і не столькі да сумнавядомага лёсу карабля: мастак грае з назвай судна, якая перакладецца як “згода” ці нават “бераг згоды”. Дасылаючы да “Дамовы аб Антарктыцы” 1959 года, Панамароў узнімае пытанне наконт сілы гэтага пагаднення і далейшага лёсу кантынента. Хісткасць сучаснага становішча Антарктыды ў сувязі з барацьбой краін за новыя рэсурсы — так можна акрэсліць галоўнае пасланне праекта.
Прызнацца, пад час майго наведвання наглядчыкі павільёна сутыкнуліся з яшчэ адной праблемай: тэхніка не спраўлялася з падтрымкай адпаведнай тэмпературы — спякота Венецыі “давалася ў знакі” — і эфектныя льды “Concordia” плавіліся, ствараючы дадатковы сэнс мастацкага паслання — пагрозу сусветнага пацяплення.
Жарты жартамі, але ў бліжэйшыя гады Аляксандр Панамароў плануе правядзенне І Антарктычнага біенале сучаснага мастацтва. Яно мае адбыцца на бартах навукова-даследчых судоў з удзелам як навукоўцаў, так і мастацкага свету, даказваючы сваім прыкладам, што мова сучаснага мастацтва здольная распавесці і прыцягнуць увагу да самых розных рэчаў — нават такіх дзіўных, як частка свету, дзе не жывуць людзі, але якая мае патрэбу ў абароне ад тых самых людзей.
Людзі
Але, вядома, большасць куратарскіх праектаў у цэнтр увагі ставіла чалавека. Да прыкладу, вышэйзгаданы павільён Эстоніі прэзентаваў праект італьянскага куратара Эўджэніа Віолы і эстонскага мастака Яануса Сама “Не прыдатны для працы. Казка пра старшыню”. Форма праекта — “фрагментаваная выдуманая опера”, у аснове якой — асабістая гісторыя старшыні калгаса Юхане Оястэ, які быў асуджаны за гомасэксуалізм. Экспазіція, якая ўяўляе з сябе некалькі залаў-мізансцэн, спалучае архіўныя матэрыялы і графікі, пастановачныя відэа і сапраўдныя артэфакты, “фотадакументы” і свядомыя візуальныя і аўдыяльныя эфэкты. Куратар сплятае выдумку і праўду, выяўляючы практыкі падаўлення і падпарадкавання асабістага грамадскім. Аўтары свядома змяшчаюць гледача у пазіцыю вуаерыста, да прыкладу, калі ў экспазіцыі прапаноўваецца прачытаць крымінальную “Справу №…”, заведзеную, згодна з савецкім заканадаўствам. Але гэтая няёмкасць свядома правакуе наведвальніка на пытанне: дзе павінна заканчвацца грамадскае і пачынацца асабістае? І хто яго рэгламентуе? Праект — правакатыўны, але пакідае моцнае ўражанне, бо спалучаючы тэатр і жыццё, куратар выбірае патрэбную інтанацыю і расстаўляе дакладныя акцэнты.
Нацыі
“Усе лёсы свету” — вядома, гэта і падстава да звароту і да вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці, пытання пра яго актуальнасць. Адным з самых згадваных у гэтым кантэксце праектаў на біенале стаў “Галька / Гаіці. 1848’05’’N 7223’01’’W” за аўтарствам К.Т. Джаспера (Крысціан Тамашэўскі) і Іааны Маліноўскай, які прэзентаваў Польшчу куратар — Магдалена Маскалевіч.
Каардынаты, згаданыя ў назве, пазначаюць гаіцянскую вёску Казале, у якой жывуць… чарнаскурыя палякі. Гісторыя засялення гэтай кропкі планеты такая. Перашоўшы ў ХІХ стагоддзі на бок Напалеона, змагары за аднаўленне Рэчы Паспалітай былі пасланы імператарам падаўляць паўстанне ў французскай калоніі Сан-Дамінга. У выніку, здарылася ўсё цалкам наадварот: палякі перайшлі на бок мясцовых паўстанцаў і змагаліся з імі за свабоду маленькай краіны. Перамога ў гэтай барацьбе аказалася менавіта за рэвалюцыянерамі, якія, удзячныя за дапамогу, падарылі палякам статус паўнавартасных грамадзян Гаіці. Гісторыя, сапраўды, вартая кінематаграфічных увасабленняў.
Але мастакі Джаспер і Маліноўская зрабілі інакш: яны актуалізавалі драматычнае мінулае вёскі Казале, дзе жывуць тыя самыя чорныя палякі, паставіўшы на яе абшарах оперу “Галька” Станіслава Манюшкі, чыя творчасць, зазначым, належыць і да беларускай спадчыны не менш, чым да польскай. Так, сярод гаіцянскіх хацін, трапічных дрэў і шаноўнай мясцовай публікі артысты Познаньскага опернага тэатра ў нацыянальных строях даюць оперу пра трагічнае каханне сялянкі Галькі да пана Януша. Шыкоўнай якасці відэафіксацыя гэтага дзейства, якое дасылае, вядома, да славутага фільма Вернэра Хэрцега “Фіцкаральда”, і дэманструецца ў павільёне. Вядома, што гэта гісторыя правакуе не толькі на замілаванне “польскім духам”, які жыве і цяпер на адкрытай самім Калумбам выспе Эспаньола, але і на развагі адносна таго, што вызначае трываласць нацыянальнай культуры і як вызначаць сёння паняцце нацыі, на якім падмурку яно будуецца, і, урэшце, ці будуецца?
Народы і дзяржавы
І ад трываласці — да смерці. Бо менавіта апошняй — смерці нацый і дзяржаваў — быў прысвечаны праект сербскага павільёна “United Dead Nations” (куратар — Лідзія Мерэнік). Інсталяцыя мастака Івана Грубанава, якую можна перакласці як “Арганізацыя Мёртвых Нацый”, пакідае яскравае ўражанне. У пустым памяшканні на падлозе — скамечаныя і разарваныя сцягі дзяржаў, якія зніклі з карты свету; адмысловыя фарбы з гэтых дзяржаўных сімвалаў — пакрываюць падлогу залы. Атаманская імперыя, Тыбет, Аб’яднаная Арабская Рэспубліка, Германская Дэмакратычная Рэспубліка, Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія… Даты нараджэння і скону “мёртвых нацый” пазначаны белымі літарамі на белых сценах залы. Экспазіцыя ладзіцца ў старым павільёне з надпісам Югаславія — Сербія ніжэй пазначана невялікімі літарамі, — і апошні становіцца часткай куратарскага паслання. Аўтары невыпадкова размясцілі сцягі на падлозе, правакуючы наведвальніка да ўзаемадзення і кантакту, але глядач, трапляючы ў залу, асцярожна дакранаецца да рэшткаў былых знакаў пашаны. Карта свету мяняецца, і кожны з нас прымае ў гэтым удзел. Прачытаць пасланне Івана Грубанава нескладана, але з-за гэтага яно не губляе ў сваёй трапнасці...
Фота аўтара, Ілоны БЯЛЯЦКАЙ і з афіцыйных старонак праектаў у Сеціве