Вось, напрыклад, маладая актрыса, што ўжо мае пэўны досвед ігры ў серыялах, якія здымаюцца на тэрыторыі Беларусі кінематаграфістамі суседняй краіны, як кажуць, у прамысловых аб’ёмах, спыталася ў мяне (калі звесці да адзінага назоўніка): “Як знайсці і захаваць прастору для акцёрскай ігры, працуючы на канвееры тэлекарцін? Маўляў, прадзюсарам і рэжысёрам цікавы толькі тэмп працы і адзняты матэрыял, а не тваё прафесійнае ўдасканаленне”.
Пытанне для мяне ў пэўным сэнсе складанае. Па-першае, я не магу сказаць, што мне надта шанцавала з кінаролямі. З эпізадычнымі, ролямі другога плану нешта складвалася, а вось першая галоўная на экране (пры процьме тэатральных) — толькі ў нядаўніх “Белых Росах. Вяртанне”. Па-другое, ідучы на пробы я сябе здаўна настройваю на тое, што ўсё роўна не прайду (гэтае “па-другое” натуральна вынікае з “па-першае”). Разам з тым, менавіта такое маё стаўленне да працы ў кіно дазваляе выбіраць ролі, дзе, прынамсі, ёсць што граць. І не пагаджацца на тыя, дзе такой прасторы не будзе наогул.
Таму адзіная рэальная парада ад мяне актрысе-пачаткоўцы была такая: старайцеся пазбягаць тых рэжысёраў, якія гоняцца за тэмпам, за хронаметражом і не даюць часу для рэпетыцый, паўторных дубляў. Артыстам, якія робяць першыя крокі, серыяльны марафон можа перакрэсліць будучыню ў прафесіі. Урэшце, кожны з нас разумее прычыны жадання тэатральных акцёраў здымацца ў “тэлемыле”: магчымасць падзарабіць. Таму балансаваць паміж двума гэтымі агнямі давядзецца ў любым выпадку. (Але падзарабіць — не можа і не павінна быць у мастака вырашальным крытэрыем).
І з нагоды сказанага вышэй — два прыклады з маёй практыкі, якія могуць перадаць асаблівасці працы на кіна- і тэлесерыяльных здымачных пляцоўках.
Аднойчы я выконваў ролю другога плану ў не самым благім, калі меркаваць па сённяшнім тэлекантэнце наогул, расійскім серыяле. Мяне зацвердзілі на ролю палкоўніка. Адразу задумаўся над тым, якое рашэнне даць гэтаму персанажу. І спыніўся на тым, што цалкам пазбавіў яго ўсмешкі. Так, ён у мяне стаў, калі не суворым, дык, прынамсі, надта сур'ёзным. Такі ход для мяне, які часцей за ўсё выконвае камедыйныя ролі, стаў нязвыклым. І не менш складана было ўстрымлівацца ад залішняй эмацыянальнасці. Гэта выпадак, калі прамалёўку ролі і працу над персанажам я рабіў сам, зважаючы на праславуты серыяльны канвеер.
І другі выпадак. Для фільма Элема Клімава “Ідзі і глядзі” патрабаваўся выканаўца эпізадычнай ролі фатографа, які здымае партызанскі атрад. Выбралі мяне. Я ж тым часам усяго год-другі працаваў у Купалаўскім тэатры і не быў яшчэ так значна, як сёння, задзейнічаны ў камедыйным рэпертуары. Дык вось, тут падобны досвед мне і спатрэбіўся б найбольш. Маёй задачай было дасціпна абыграць сцэну фатаграфавання, аказацца арганічным з гэтым, ці не адзіным гумарным фрагментам, своеасаблівай псіхалагічнай разрадкай у агульным гучанні вялікай трагедыі, што пануе ў стужцы.
Дык вось, першае пытанне, якое мне задаў Клімаў па маім прыездзе ў Маскву: “Ты зможаш рассмяшыць трыста чалавек?”. Я падумаў (зноў жа, тады не меў яшчэ асаблівага досведу ў камедыях) і сказаў, што змагу. І пайшла напружаная праца. Тыдзень слынны рэжысёр Клімаў працаваў са мной, прыдумваючы дэталі для гэтай эпізадычнай ролі — троххвілінны эпізод. Адтуль і мая мітусня ў кадры, і карова, якую я таксама “ўстанаўліваю” для фота, і вусікі смешныя…
Мяркую, розніца паміж асаблівасцямі працы ў кіно і серыялах пераканаўча праілюстравана. Ну і, спадзяюся, на пытанне я ўсё ж адказаў.
Фота аўтара