Музыка колеру

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Старажытныя філосафы сцвярджалі, што музыка — гэта жывапіс, які можна чуць, а жывапіс — музыка, якую можна бачыць. У Малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўжо два месяцы доўжыцца выстаўка жывапісу мінскай мастачкі Ларысы Зарубінай.

/i/content/pi/cult/535/11628/11-1.jpg

Ларыса Зарубіна. "Восеньская песня".

Палотны створаны ў розныя гады, а апошнія напісаны спецыяльна для гэтай экспазіцыі. Слухачы і гледачы, наведвальнікі музычных канцэртаў, раптам апынаюцца ў дзівосным свеце старадаўніх паркаў, ажурных сілуэтаў Нясвіжскага, Мірскага замкаў, любімых куткоў Мінска і яго прадмесцяў, а таксама кампазіцыйных нацюрмортаў з кветкамі. Усе гэтыя сюжэты аб’ядноўвае экспазіцыя “Поры года”.

Ларыса Зарубіна — неаднаразовы ўдзельнік рэспубліканскіх выставак, такіх як “Кветкавы рай”, “Арт-крок”, “Фарбы зямлі”, Фестываль пейжаза імя В.Цвіркі, а таксама персанальных выставак у музейным комплексе “Мірскі замак” (2013), Музеі гісторыі горада Мінска (2014). Мастак і педагог, загадчыца мастацкага філіяла Музычна-мастацкай школы мастацтваў № 1 горада Мінска, Ларыса актыўна ўдзельнічае ў пленэрах. Працуючы непасрэдна “з натуры”, яна становіцца не проста назіральнікам, а інтэрпрэтуе ўбачанае праз прызму ўласных пачуццяў і ўяўленняў. Мастачка назапашвае мноства эскізаў, эцюдаў, накідаў, затым пачынае працу ў майстэрні. Для поўнага раскрыцця вобраза творцу даводзіцца шмат працаваць, нешта змяняць, дадаваць. У сваёй творчасці Ларыса паступова пераходзіць ад прынцыпаў рэалістычнага жывапісу да больш экспрэсіўнай тэхнікі. Пастаянна эксперыментуючы з колерам і сучаснымі тэхнічнымі магчымасцямі, Ларыса знаходзіцца ў пошуку ўласнага творчага стылю, эстэтычнага ладу — таму яе карціны заўсёды пазнавальныя.

У такіх пейзажах, як “Восень у Заслаўі”, “Лагойскі матыў”, “У Нясвіжы восенню” прадстаўлены любімыя куткі і гістарычныя мясціны нашай краіны. Гледзячы на твор “У старым парку”, хочацца разам з мастачкай прайсці па знаёмых алеях Лошыцкага парку, цікавага і прыцягальнага ў любы час года. У карцінах “Нясвіж”, “Сілуэты мінулага” дзея разгортваецца на палатне, як тэатральная пастаноўка з гістарычнымі персанажамі ў суправаджэнні сярэднявечнай музыкі...

У сваім пейзажным жывапісе мастачка імкнецца не проста адлюстраваць убачанае, але і раскрыць яго непаўторнасць, зменлівасць каларыстыкі. Ларыса выкарыстоўвае чыстыя, лакальныя колеры — чырвоны, сіні, фіялетавы — наўмысна пакідаючы іх бачнымі на палотнах.

На выстаўцы прадстаўлены нацюрморты з разнастайнымі кветкамі: ружамі, касачамі, бэзам. Для Ларысы Зарубінай нацюрморт — не проста зафіксаваны букет і магчымасць палюбавацца кветкамі, а мастацкі сродак раскрыцця перад гледачом свайго ўнутранага свету. Карціна “Кветкі на балконе” ўзнаўляе мікрасвет мастака. Сюжэт просты, але прыцягальны: прыляцелі птушкі на знаёмы балкон, хтосьці паставіў кветкі ў вазу — і хочацца сядзець, любавацца летнім горадам, аддавацца ўспамінам і роздумам...

Нацюрморты “Танец”, “Жоўтыя ружы”, што запомніліся гледачам, створаны ў экспрэсіўнай манеры, на адным дыханні. Ларыса піша шырокім пэндзлем, мастыхінам, выкарыстоўваючы вялікія каляровыя плоскасці. Менавіта колер займае вядучае месца ў яе творчасці і выдатна пасуе выяўленню складанага ладу чалавечай душы.

Наогул, усе палотны Ларысы Зарубінай вельмі музычныя. У залежнасці ад мастацкага дзейства яны выклікаюць гукавыя асацыяцыі. У зале, дзе экспануюцца карціны, праходзяць канцэрты лепшых дзеячаў мастацтваў Беларусі. Іх слухачы і знаўцы могуць дапоўніць свае эмоцыі яшчэ і ўражаннямі ад выстаўкі “Поры года”.

Таццяна МАЛЫШАВА, член Беларускага саюза мастакоў