Ірына Ясюкайць-Дударава. "Нацюрморт з гранатамі".
Для дзвюх мастачак, якія ў свой час атрымалі адукацыю ў Глебаўскім вучылішчы і Акадэміі мастацтваў, менавіта гэтае лірычнае прачытанне тэмы сямейнага агменю стала асновай для сумеснай выстаўкі. Выбар вобразаў не выпадковы: карціна, апрыёры, мусіць несці ў сабе светлы пачатак. Глядач жа павінен атрымаць запал пазітыўнай энергіі, прачуць чароўны дар — жыццё, і, па магчымасці, паспрабаваць захаваць і нават павялічыць адчуванне прыгажосці і дабра. Асабліва тое тычыцца твораў, якія пазней набываюцца для прыватных калекцый. Думка пра тое, што, магчыма, карціна стане часткай дома пэўнай сям’і, яе будуць бачыць і раніцай, і ўвечары цягам многіх гадоў, ставіць перад аўтарамі шэраг задач, якія нельга ігнараваць. Погляд, кінуты мімалётна або, наадварот, доўгае сузіранне павінны дарыць пачуццё прыгажосці і надзеі.
Кожная з мастачак да вырашэння гэтых задач ідзе сваім шляхам. Ірына Ясюкайць-Дударава — праз зварот да творчай манеры малых галандцаў, з іх любоўна выпісаным кожным элементам кампазіцыі — ці то пышны букет яна піша, ці то сакавіты фрукт. У сваіх партрэтных кампазіцыях, дзе галоўнымі героямі становяцца дзеці, спалучэнне цалкам рэалістычнай асобы, лёгкага, ледзь вызначанага фону і пышных яркіх бутонаў ствараюць атмасферу тэатра, дзе вось-вось пачнуць граць добрую п’есу пра вялікія таямніцы, пра дзівосныя адкрыцці і цудоўныя выратаванні — усё тое, што калісьці зачароўвала нас ва ўласным доме ў часы далёкага дзяцінства. Асаблівую ролю ў творах Ірыны адыгрывае колер — насычаны, яркі, сакавіты — менавіта ён стварае атмасферу свята. Для большай выразнасці мастачка звяртаецца да некалькіх слаёў лаку — і тады колер ператвараецца ў россып каштоўных камянёў з глыбокім пералівам і зачаравальным ззяннем.
Таццяна Грыневіч. "Дочкі-маці".
Па пытанні актуальнасці мастацтва, своечасовасці творчага паведамлення мастака, Ірына і Таццяна выказаліся фактычна адзінадушна — у гэтым свеце так шмат надзённых праблем, што праблема сям’і, дома, які дае надзейную абарону і апору, які дазваляе расці і развівацца творчаму патэнцыялу не толькі дзяцей, але і любога чалавека, незалежна ад узросту і полу, праз бязмежнае пачуццё любові і прыгажосці з’яўляецца не менш сучасным, больш за тое, фактычна пераходзіць на ўзровень вечнага мастацтва. Карціна павінна абуджаць лепшае, памнажаць ідэі прыгажосці і дабра, даваць магчымасць марам расправіць крылы і ўвасобіцца ў жыццё. І менавіта такое ўражанне пакідае выстаўка “Каляровыя гісторыі” ў гродзенскай галерэі.
Наталля ПАЎЛЕНКА, мастацтвазнаўца
Гродна