Даўно не “рэч у сабе”

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

“Нясвіжская акадэмія”: акцэнт на культурныя ландшафты
18 мая ў Інстытуце культуры Беларусі распачаліся заняткі Міжнароднай паслядыпломнай летняй школы “Нясвіжская акадэмія”. Спецыялісты з Беларусі, Літвы, Украіны, Малдовы, чыя практычная дзейнасць тычыцца сферы аховы спадчыны, у дваццаць першы раз сабраліся ў Мінску, каб удасканаліць свае веды і пашырыць кругагляд. Менавіта на гэта скіравана інтэнсіўная двухтыднёвая праграма заняткаў адукацыйнага праекта, суарганізатарамі якога, па традыцыі, выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, Інстытут культуры Беларусі і польскі Нацыянальны інстытут Спадчыны.

— Гэты адукацыйны праект у сферы аховы спадчыны — па сутнасці, унікальны, — кажа начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. — Па-першае, ён паспяхова рэалізуецца ўжо больш за дваццаць гадоў, а па-другое — з’яўляецца міжнародным як па складзе сваіх слухачоў, так і выкладчыкаў. Да таго ж, “Нясвіжская акадэмія” праходзіць на тэрыторыі дзвюх краін: Беларусі і Польшчы. Адпаведна, слухачы маюць магчымасць пазнаёміцца з вядучымі беларускімі і польскімі спецыялістамі, атрымаць надзвычай карысную інфармацыю, якая тычыцца падыходаў па захаванні і выкарыстанні культурнага і гістарычнага набытку.

Згодна з сучаснымі тэндэнцыямі ў сферы аховы спадчыны, якія вымагаюць разглядаць помнік не як “рэч у сабе”, але як неад’емную частку гістарычна сфармаванага асяроддзя, асаблівая ўвага слухачоў “…Акадэміі” скіравана на захаванне культурных ланшафтаў. Як сведчыць праграма лекцый, гэты пакуль яшчэ не надта звыклы для нас тэрмін можа мець самае размаітае напаўненне. Напрыклад, такім ландшафтам з’яўляецца гістарычная частка буйнога еўрапейскага горада. Доктар Ян Янчыкоўскі, які курыруе справу аховы спадчыны ў Малапольскім ваяводстве суседняй дзяржавы, распавядзе падчас адной са сваіх лекцый пра знакамітую кракаўскую “старуўку”. А пасля заняткаў у той дзень будзе вучэбны выезд у гістарычны цэнтр Мінска, каб слухачы маглі параўнаць урбаністычныя праблемы двух гарадоў.

Як без залішняй сціпласці адзначыла ў сваёй прамове каардынатар “Акадэміі”, галоўны спецыяліст Інстытута Спадчыны Польшчы Лідзія Клюпш, спецыялісты з гэтай краіны здолелі выпрацаваць комплексны падыход да аховы культурных ландшафтаў яшчэ да 1990-х, калі такая тэма не была ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Цяпер жа назапашаны імі досвед мае не толькі тэарэтычнае значэнне, у чым слухачы “Акадэміі” здолеюць пераканацца пад час сваіх выпраў у Мір і Нясвіж, дзе наўрад ці выпадае казаць пра гармонію паміж перлінамі дойлідства і іх сучасным атачэннем.

Адзін з ініцыятараў “Нясвіжскай акадэміі”, старшыня Беларускага камітэта ICOMOS і Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп прывёў і зусім іншы прыклад культурнага ландшафту — занядбаны сядзібны парк. Напрыклад, у Туганавічах, што асабліва актуальна напярэдадні чарговага юбілею Адама Міцкевіча (ён будзе толькі праз тры з паловай гады, але, паводле слушнай думкі грамадскага дзеяча, рыхтавацца трэба ўжо зараз).

— Адсочваючы будучы лёс выпускнікоў “Нясвіжскай акадэміі”, мы з прыемнасцю адзначаем, што большасць з іх дагэтуль плённа працуе ў галіне аховы спадчыны, прымяняючы на практыцы атрыманыя пад час навучання веды, — падкрэсліў Уладзімір Гілеп у сваім уступным слове. І ўслед за гэтым выказаў спадзяванне, што нехта з цяперашняга курса выкарыстае атрыманыя навыкі і ў Туганавічах.

Першая частка паслядыпломнай школы прадугледжвае наведванне лекцый у Мінску. Адукацыйны працэс доўжыцца ўсяго два тыдні, але, па словах Ігара Чарняўскага, гэты час для навучэнцаў будзе інтэнсіўным і інфармацыйна насычаным. А налета слухачы “Нясвіжскай акадэміі” выправяцца на двухтыднёвую практыку ў Польшчу.

— Арганізатары імкнуцца пазнаёміць слухачоў школы паслядыпломнай адукацыі з дзясяткамі помнікаў архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі, — апавядае Ігар Чарняўскі.  — Яны могуць наведаць лепшыя музеі абедзвюх краін. Але ці не наважнейшае ў дадзеным выпадку — магчымасць знаёмства з выдатнымі прыкладамі падрыхтоўкі навукова-метадычных абгрунтаванняў захавання помнікаў даўніны, практыкай рэалізацыі распрацаваных на іх падставе праектных рашэнняў, выкарыстання матэрыялаў, тэхналогій і тэхнічных сродкаў у працэсе рэстаўрацыі гістарычных аб’ектаў, выяўлення традыцыйных асаблівасцей навакольнага асяроддзя, шматлікімі іншымі прыёмамі ў сферы аховы спадчыны. Вось менавіта ў гэтым найперш і палягае адметнасць “Нясвіжскай акадэміі”.